Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«L’Osservatore Romano»: простыя словы Папы жадаюць дасягнуць сэрцаў усіх
Святы Айцец
20.03.2013 17:32

На важныя элементы ў гаміліі папы Францішка, прамоўленай падчас інаўгурацыйнай святой Імшы 19 сакавіка, звяртае ўвагу галоўны рэдактар ватыканскага выдання «L’Osservatore Romano» Джаванні Марыя Віян. Журналіст асабліва вылучае заклік Пантыфіка не баяцца быць добрымі і нават пяшчотнымі.

Па словах рэдактара выдання, якія цытуе агенцтва КАІ, менавіта постаць святога Юзафа паслужыла Папу ў апісанні адкрытасці ў адносінах да Бога: чалавек, які апякуецца Хрыстом і Яго Маці, адкрыты на таямнічыя Божыя знакі, становіцца такім чынам узорам для ўсіх. «Будзем апекавацца Хрыстом у нашым жыцці, каб апекавацца іншымі, апекавацца створаным светам», — прыводзіць Віян словы Папы. Пакліканне да такой апекі датычыць усіх і азначае «пашану да кожнага Божага стварэння і асяроддзя, у якім мы жывём».

Па словах Віяна, «гэтыя простыя словы жадаюць дасягнуць сэрцаў усіх, веруючых і няверуючых». «„Паўсюдная малітва і любоў. Ініцыятыва, якая заўсёды існуе дзеля дабра іншага чалавека: папская палітыка“, — як напісаў у адной з нататак Павел VI, пярсцёнак якога носіць яго сённяшні наступнік. Менавіта гэты зварот з павагай да ўсіх тлумачыць тую ўвагу і сімпатыю, якія выклікаў папа Францішак», — піша рэдактар выдання.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.