Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец да дыпламатаў: не існуе сапраўдага міру без праўды
Святы Айцец
22.03.2013 14:30

22 сакавіка папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Ватыкане. Удзел у сустрэчы прыняў і пасол Беларусі Cяргей Алейнік.

«Змагацца з беднасцю, як матэрыяльнай, так і духоўнай, будаваць мір і масты», — з такім заклікам звярнуўся Святы Айцец да прысутных. Характарызуючы прынцыпы ватыканскай дыпламатыі, Пантыфік падкрэсліў, што Апостальскую Сталіцу хвалюе перш за ўсё дабро чалавецтва.

«З разуменнем гэтага Біскуп Рыма пачынае сваё служэнне, ведаючы, што можа разлічваць на сяброўства і павагу краін, якія вы прадстаўляеце, і з упэўненасцю, што і вы падзяляеце гэтую думку», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё.

«Як вы ведаеце, існуюць розныя прычыны таго, што я выбраў сваё імя з думкай пра св. Францішка Асізскага, асобу добра вядомую па-за межамі Італіі і Еўропы і нават сярод тых, хто не вызнае каталіцкую веру. Адна з першых — гэта любоў, якую Францішак меў да бедных», — адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на існаванне і іншай беднасці — духоўнай, якая цяжка закранула таксама краіны, якія лічацца багатымі.

«Мой папярэднік, дарагі і шаноўны Бэнэдыкт XVI, называў яе „дыктатурай рэлятывізму“, калі чалавек лічыцца толькі з самім сабой. І так, я прыйшоў да другой прычыны абрання майго імя. Святы Францішак кажа нам: працуйце дзеля будавання міру. Але не існуе сапраўдага міру без праўды! Не можа быць сапраўднага міру, калі кожны лічыцца толькі з самім сабой, калі кожны сцвярджае пастаянна і выключна ўласныя правы, не клапоцячыся пра дабро іншых, пачынаючы ад прыроды, якая яднае кожнага чалавека на гэтай зямлі», — працягваў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што адзін з тытулаў Біскупа Рыма — «Пантыфік» — той, хто будуе масты з Богам і паміж людзьмі. «У гэтай справе фундаментальнай з’яўляецца таксама роля рэлігіі. Немагчыма будаваць масты паміж людзьмі, забыўшыся пра Бога. Але праўдай таксама з’яўляецца тое, што немагчыма жыць сапраўднымі сувязямі з Богам, ігнаруючы іншых. Таму важна зрабіць больш інтэнсіўным дыялог паміж рознымі рэлігіямі, я думаю ў першую чаргу пра іслам», — адзначыў Пантыфік.

Напрыканцы Святы Айцец падзякаваў дыпламатам за тое, што яны разам з Дзяржсакратарыятам працуюць на карысць пабудовы міру і мастоў сяброўства і братэрства.

(SZh)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.