Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа цэлебраваў Імшу для садоўнікаў і тэхнічнага персаналу Ватыкана
Святы Айцец
22.03.2013 17:08

22 сакавіка папа Францішак цэлебраваў святую Імшу для людзей «менш заўважных» у Ватыкане — садоўнікаў і тых, хто даглядае за чысцінёй на плошчах і вуліцах. Літургія прайшла ў цёплай, сямейнай атмасферы ў капліцы Дома св. Марты, дзе Пантыфік пражывае, пакуль адбываецца ўпарадкаванне яго апартаментаў у Апостальскім палацы.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, кіраўнік ватыканскай садовай службы Лучана Чэкецці распавёў, што навіну пра магчымасць удзелу ў прыватнай св. Імшы з Пантыфікам яго калегі ўспрынялі з вялікім здзіўленнем. «Многія з іх ніколі ў жыцці не прысутнічалі на св. Імшы з Папам», — сказаў ён.

«Гэта была цудоўная і поўная эмоцый раніца. Прыватная святая Імша са Святым Айцом – такое не здараецца штодзённа! Я бачыў, што ўсе мае супрацоўнікі выходзілі са светлымі вачыма. Літургія была вельмі простай. Мы перажылі прамы кантакт з Папам. Пасля св. Імшы кожны з яе ўдзельнікаў быў асабіста прадстаўлены Пантыфіку. Папа абмовіўся з імі некалькімі словамі і я чуў, што ён прасіў кожнага аб малітве за яго», — падзяліўся кіраўнік садовай службы.

Лучана Чэкецці таксама адзначыў, што садоўнікі запрасілі Святога Айца здейсніць супольную прагулку па Ватыканскіх садах і Папа сказаў, што падумае над гэтай прапановай.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.