Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец у Пальмовую нядзелю: з Хрыстом мы можам перамяніць сябе і свет
Святы Айцец
24.03.2013 17:07

Літургія Пальмовай нядзелі сабрала на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане вялікія масы вернікаў з усяго свету. На пачатку Імшы папа Францішак асвяціў пальмовыя галіны.

У гаміліі, як інфармуе Ватыканскае радыё, Святы Айцец засяродзіўся на трох словах: радасць, крыж і моладзь. Першае звязана з трыўмфальным уездам Езуса ў Ерузалем. Пантыфік параўнаў атмасферу на ватыканскай плошчы з тым, што адбывалася з вучнямі, якія віталі Хрыста, як Караля, рассцілаючы перад Ім сваё адзенне. «І мы таксама прынялі Езуса. І мы таксама выказалі радасць, што ідзём разам з Ім і ведаем, што Ён побач з намі, прысутнічае ў нас і сярод нас, як сябар, брат, а таксама як Валадар, гэта значыць як яркае святло, якое з’яўляецца арыенцірам нашага жыцця. Езус ёсць Богам, але прынізіў сябе, каб ісці з намі. Ён – наш сябар, наш брат. Ён асвятляе нас на нашым шляху. І мы запрасілі Яго сёння. І гэта першае слова, якое хачу падкрэсліць: радасць!» — сказаў Папа.

«Ніколі не будзьце мужчынамі і жанчынамі сумнымі: хрысціянін не можа быць сумным! Не паддавайцеся знеахвочанню! Наша радасць узнікае не ад валодання мноствам рэчаў, але нараджаецца ад сустрэчы з Асобай: Езусам, які знаходзіцца пасярод нас; нараджаецца ад ведання, што, калі мы з Ім, мы ніколі не самотныя, нават у цяжкія часы, нават тады, калі на дарозе жыцця мы сутыкаемся з праблемамі або цяжкасцямі, якія здаюцца непераадольнымі, і іх так шмат! Менавіта ў гэты момант прыходзіць вораг, прыходзіць д’ябал, пад выглядам анёла шмат разоў і падступна кажа нам сваё слова. Не слухайце яго! — заклікаў вернікаў Пантыфік. — Мы ідзём за Езусам! Мы побач, ідзём за Езусам, але перш за ўсё ведаем, што Ён суправаджае нас і падтрымлівае: у гэтым наша радасць, надзея, якую мы павінны ўносіць у наш свет. І, калі ласка, не дайце скрасці ў сябе надзею!»

Святы Айцец нагадаў, што Езус уваходзіць у Ерузалем, каб памерці на крыжы. На самым пачатку натоўп абвяшчае Яго каралём, і Ён не адмаўляецца — але гэты кароль едзе вярхом на асле, не мае світы, якая ідзе за Ім, Яго не акружае войска. «Яго прымаюць людзі пакорныя, простыя. – заўважыў Папа – Езус не ўваходзіць ў Святы Горад, каб атрымаць пашану, якая належыць зямным каралям. (...) Уваходзіць, каб атрымаць цярновы вянок, быць збітым, атрымаць пурпуровую мантыю, Яго Валадарства будзе прадметам насмешак. Уваходзіць, каб узысці на Галгофу, несучы дрэва крыжа. І тут з’яўляецца другое слова: Крыж». Езус пайшоў на гэта, каб узяць на сябе грахі свету, падкрэсліў Пантыфік. Езус прыйшоў таксама дзеля адкуплення нашых асабістых грахоў — «адсутнасці любові і павагі да Бога, бліжняга і ўсяго стварэння». «Нам ніколі нельга прызвычайвацца да зла. З Хрыстом мы можам перамяніць саміх сябе і свет», — адзначыў Папа, дадаўшы, што для гэтага трэба не баяцца выйсці з закрытасці ў саміх сабе і пайсці да іншых.

Святы Айцец прывітаў таксама моладзь, сабраную на ватыканскай плошчы, і сказаў, што менавіта яна вучыць усіх несці радасць веры і перажываць веру маладым сэрцам. «З Хрыстом сэрца ніколі не старэе!» — падкрэсліў Папа і запрасіў моладзь «не саромецца свайго крыжа», бо ў самаахвяраванні месціцца сапраўдная радасць, што Бог перамог зло любоўю. Святы Айцец паабяцаў маладым людзям, што сустрэнецца з імі летам гэтага года на Сусветным дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра, і запрасіў іх добра падрыхтавацца, каб гэтая сустрэча стала «знакам веры для ўсяго свету».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме