Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік да «Papal Foundation»: вы спрыяеце перамозе над матэрыяльнай і духоўнай беднасцю
Святы Айцец
11.04.2013 14:09

11 красавіка Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў «Papal Foundation» (Папскага фонду) — амерыканскай дабрачыннай арганізацыі, якая фінансава дапамагае Пантыфіку ў вырашэнні многіх праблем сусветнага маштабу. Фонд адзначае 25-годдзе сваёй дзейнасці, і з гэтай нагоды яго члены прыбылі ў Вечны Горад, каб сустрэцца з Папам.

Узначаліў групу кардынал Дональд Вюрл, арцыбіскуп Вашынгтонскі.

Звяртаючыся да гасцей, папа Францішак падкрэсліў, што фонд значна паспрыяў развіццю многіх мясцовых Касцёлаў у краінах, якія развіваюцца, адукацыі святароў і законнікаў, аказанню медыцынскай дапамогі бедным і патрабуючым. «Я вам вельмі ўдзячны за ўсё гэта. Патрэбы народа Божага ў свеце вялікія, а вашы намаганні на карысць развіцця місіі Касцёла дапамагаюць перамозе над многімі формамі матэрыяльнай і духоўнай беднасці, прысутнымі ў чалавечай сям’і, спрыяючы пашырэнню братэрства і міру, — сказаў Пантыфік, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё. — 50-я гадавіна энцыклікі „Pacem in terris” благаслаўлёнага Яна ХХІІІ, якае прыпадае менавіта на сёння, няхай стане стымулам для пастаяннага спрыяння згодзе і міру на ўсіх узроўнях».

Святы Айцец дадаў, што ў пасхальны перыяд Касцёл заклікае дзякаваць «за Божую міласэрнасць і новае жыццё, якое мы атрымалі ад уваскрослага Хрыста». «Малюся, каб вы маглі адчуваць радасць, якая нараджаецца ад удзячнасці за шматлікія дары Пана, і служылі сярод сваіх братоў і сясцёр», — сказаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу і на тое, што адным з абавязкаў «Papal Foundation» з’яўляецца «духоўная салідарнасць з Наступнікам святога Пятра». Святы Айцец папрасіў прадстаўнікоў фонда аб малітве за яго і ў патрэбах Касцёла, «асабліва аб тым, каб розумы і сэрцы навярталіся да прыгажосці, дабрыні і праўды Евангелля».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.