Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: як добрая маці, Марыя побач з намі
Святы Айцец
05.05.2013 01:13

4 мая папа Францішак узначаліў малітву Ружанца ў рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ. Пантыфік адзначыў у гаміліі, што перад абразом Маці Божай апякункі Рыма (Salus Populi Romani) вернікі моляцца за ўвесь свет, каб Марыя вяла іх да збаўлення.

Па словах Папы, Маці Божая дапамагае хрысціянам узрастаць, змагацца з жыццёвымі перашкодамі і быць свабоднымі. «Марыя дапамагае нам узрастаць па-чалавечы і ў веры, каб мы былі моцнымі і не паддаваліся спакусе быць толькі павярхоўнымі людзьмі і хрысціянамі, але каб жылі адказна і заўсёды імкнуліся да вышэйшага», — сказаў Святы Айцец.

«Як добрая маці, Марыя побач з намі, каб мы ніколі не гублялі адвагі перад цяжкасцямі жыцця, перад нашай слабасцю, нашымі грахамі: яна дае нам сілу, указвае нам шлях свайго Сына, — дадаў Пантыфік. — З крыжа Езуса кажа Марыі, паказваючы на Яна: «Вось сын твой». У гэтым вучні прадстаўлены мы ўсе: Пан давярае нас у поўныя любові і чуласці рукі Маці, каб мы адчулі яе падтрымку».

Кажучы пра тое, што такое свабода, Святы Айцец патлумачыў: «Свабода не азначае так бы мовіць „выкідваць праз акно“ ўсё, што нам не падабаецца. Свабода дадзена нам, каб мы ўмелі рабіць правільны выбар у жыцці». Марыя ж, «як добрая маці, выхоўвае нас, каб мы, як яна, умелі рабіць канчатковы выбар, з поўнай свабодай, з якой яна адказала „так“ на Божы план».

Папа падкрэсліў, што «ўсё існаванне Марыі — гэта гімн у гонар жыцця, гімн любові да жыцця». Марыя, па словах Пантыфіка, — «Маці, якая дае нам падтрымку ў развіцці, у вырашэнні праблем, робіць нас свабоднымі».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.