Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на адкрыццё Года веры: гэта пілігрымка па пустынях сучаснага свету
Слова Папы
11.10.2012 12:47

«Пілігрымкай па пустынях сучаснага свету, у якой трэба несці толькі тое, што істотнае, — Евангелле і веру Касцёла, самым ясным выразам якой з’яўляюцца дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла», — назваў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI Год веры падчас Імшы на яго распачацце. Урачыстая літургія адбылася 11 кастрычніка на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане.

Як адзначыў Папа, каб узгадаць Сабор, сённяшняя ўрачыстасць утрымлівала некаторыя асаблівыя элементы — працэсію на ўспамін той, у якой 50 гадоў таму ішлі Айцы Сабору, інтранізацыю Евангелля, якое выкарыстоўвалася на Саборы, перадачу пасланняў Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла прадстаўнікам розных сфер грамадства. Гэтыя знакі, па словах Пантыфіка, дазваляюць «увайсці глыбей у тое духоўнае ўзрушэнне, якое панавала падчас Сабору» і якое ажыўлялася верай у Хрыста.

Сённяшні фрагмент Евангелля, працягваў Папа, нагадвае, што Хрыстус з’яўляецца сапраўднай і вечнай асновай евангелізацыі. Місія Хрыста, каб несці Добрую Навіну, «надалей трывае ў прасторы і часе», і Касцёл «ёсць першым і неабходным інструментам гэтай справы Хрыста, бо з’яднаны з Ім, як цела з галавой».

Па словах Святога Айца, жаданнем удзельнікаў Сабору было тое, каб «заяснела праўда і прыгажосць веры ў сённяшнім дні». «Каб гэты імпульс да новай евангелізацыі не застаўся толькі ідэалам, трэба, каб ён засноўваўся на канкрэтным фундаменце, — а гэта дакументы Сабору, у якіх ён знайшоў сваё выражэнне», — адзначыў Папа і дадаў, як важна вяртацца да «літары» Сабору, значыць да яго тэкстаў.

Пантыфік нагадаў, што Айцы Сабору «жадалі прадставіць веру нанава і паспяховым спосабам, з даверам адрываючыся на дыялог з сучасным светам». І «калі сёння Касцёл прапануе Год веры і новую евангелізацыю, то не робіць гэта, каб паказаць нейкую розніцу, бо гэта было неабходна нават больш за 50 гадоў таму». А «адказ, які належыць даць сёння, той жа самы, які хацелі даць Папы і Айцы Сабору і які ўкрыты ў яго дакументах».

Папа назваў словам «апустыньванне» жыццё без веры, свет без Бога. Менавіта прызнаўшы гэтую пустыню, пустку, дадаў Пантыфік, «мы можам нанава адкрыць радасць веры, яе жыццёвае значэнне для нас». «У пустыні адкрываецца вартасць таго, што неабходна для жыцця; такім жа чынам у сённяшнім свеце існуюць незлічоныя знакі прагнення Бога», — падкрэсліў Святы Айцец.

У гэтай пустыні «патрэбны найперш людзі веры, якія сваім уласным жыццём паказвалі б шлях да Зямлі абяцанай». Евангелізацыя, па словах Папы, азначае «быць сведкам новага жыцця, перамененага Богам, і такім чынам указваць шлях».

Папа заклікаў даверыць гэты Год веры Панне Марыі, як сам зрабіў гэта тыдзень таму падчас пілігрымкі ў Ларэта. «Няхай яна заўсёды свеціць, як зорка, на шляху новай евангелізацыі. Няхай дапаможа нам рэалізаваць на практыцы заахвочванне апостала Паўла: „Слова Хрыста няхай у вас прабывае з усім сваім багаццем“», — сказаў Святы Айцец.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме