Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік падчас малітвы «Анёл Панскі»: апора хрысціянскай супольнасці — у міласэрнасці Бога
Слова Папы
15.06.2017 11:28

Малітва «Анёл Панскі» з папам Францішкам прайшла на пл. Святога Пятра ва урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы 11 чэрвеня. Прыводзім поўны тэкст звароту Папы.

Дарагія браты і сёстры, дзень добры!

Біблейскія чытанні гэтай нядзелі ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, дапамагаюць нам увайсці ў таямніцу істоты Бога. У другім чытанні гучаць словы пажадання, якія святы Павел скіроўвае да супольнасці ў Карынце: «Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі» (2 Кар 13, 13).

Гэтае, так бы мовіць, «благаслаўленне» Апостала з’яўляецца плёнам яго асабістага вопыту любові Бога; той любові, якую адкрыў яму ўваскрослы Хрыстус, перамяніўшы ягонае жыццё і «штурхнуўшы» яго несці Евангелле народам. Зыходзячы з гэтага свайго досведу ласкі, Павел можа звяртацца да хрысціянаў з такімі словамі: «Радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумцамі, жывіце ў супакоі» (2 Кар 13, 11).

Хрысціянская супольнасць, нягледзячы на ўсе чалавечыя абмежаванні, можа стаць адлюстраваннем еднасці Тройцы, яе дабрыні, яе прыгажосці. Але гэта — як сведчыць сам Павел — дасягаецца толькі праз досвед міласэрнасці Бога, Яго прабачэння.

Гэта тое, што адбываецца з жыдамі на шляху зыходу. Калі народ парушыў запавет, Бог з’явіўся Майсею ў воблаку, каб аднавіць гэты саюз, абвясціўшы пры гэтым уласнае імя і яго значэнне: «Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы» (Зых 34, 6). Такое імя азначае, што Бог — не далёкі і не замкнуты сам у сабе, а што Ён — Жыццё, якое хоча дзяліцца сабою, што Ён — адкрытасць, што Ён — Любоў, якая вызваляе чалавека ад нявернасці.

Бог — «міласэрны», «літасцівы» і «шматміласцівы», таму што дорыць нам сябе, каб дапаўняць нашыя абмежаванні і недахопы, каб прабачаць нашыя памылкі, каб вярнуць нас на шлях справядлівасці і праўды. Гэтае аб’яўленне Бога дасягнула паўнаты ў Новым Запавеце дзякуючы слову Хрыста і Ягонай місіі збаўлення.

Езус паказаў нам аблічча Бога, Адзінага па сутнасці і ў Тройцы Асобаў; Бога, у якім усё — Любоў і толькі Любоў, у істотнай еднасці, што ўсё стварае, адкупляе і асвячае: Айца і Сына, і Святога Духа.

А сённяшняе Евангелле «выводзіць на сцэну» Нікадэма, які, хоць і займаў значную пасаду ў тагачаснай рэлігійнай і грамадскай супольнасці, аднак не перастаў шукаць Бога. Ён не вырашыў: «Я ўжо дасягнуў», не перастаў шукаць Бога; і цяпер чуваць рэха ягонага голасу ў Езусе. У начной рамове з Назаранінам Нікадэм нарэшце спасцігае, што Бог ужо шукаў і чакаў яго, што Ён ужо палюбіў яго асабіста. Бог заўжды першым пачынае нас шукаць, чакаць, любіць. Гэта як кветкі міндальнага дрэва, што бачыць прарок, якое квітнее першым (пар. Ер 1, 11–12).

Менавіта пра гэта кажа яму Езус: «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Што такое гэтае вечнае жыццё? Гэта — невымерная і бескарыслівая любоў Айца, якую Езус падараваў на крыжы, ахвяруючы сваё жыццё за нашае збаўленне. А гэтая любоў праз дзеянне Святога Духа заззяла новым святлом на зямлю і на кожнае чалавечае сэрца, якое яго прымае; гэтае святло асвятляе цёмныя закуткі, скамянеласці, якія перашкаджаюць прыносіць добры плён любові і міласэрнасці.

Няхай Панна Марыя дапамагае нам усё глыбей уваходзіць усёю нашаю асобаю ў еднасць Тройцы, каб жыць любоўю і сведчыць пра любоў, што надае сэнс нашаму існаванню.Дк. Мікола Гракаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 20.08.2017
  • 19.08.2017
  • 18.08.2017
  • 17.08.2017
  • 16.08.2017