Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак на завяршэнне велікоднага перыяду: «Паўсюдны Касцёл — гэта разнастайнасць і адзінства»
Слова Папы
06.06.2017 16:44

5 чэрвеня падчас святой Імшы ў ватыканскаай базыліцы св. Пятра Папа Рымскі Францішак нагадаў, што ў нядзелю завяршыўся Велікодны перыяд.

Гаворачы пра 50 дзён ад Уваскрасення Пана да Пяцідзесятніцы, Пантыфік нагадаў, якім важным з’яўляецца Святы Дух — Дух Стварыцель.

«У дзень Пяцідзесятніцы Дух сышоў з неба, нібы “языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах” (пар. Дз 2, 3–4). Такім чынам слова Божае апісвае дзеянне Духа, які спярша затрымліваецца на кожным, а потым усіх аб’ядноўвае ўзаемаадносінамі, — сказаў Пантыфік. — Іншымі словамі, гэты Дух стварае разнастайнасць і адзінства і такім чынам стварае новы народ, непадобны і з’яднаны — паўсюдны Касцёл».

Каб дасягнуць гэтага, паводле Святога Айца, неабходна дапамагаць адно аднаму пазбягаць дзвюх сустрэчных спакусаў.

Першая заключаецца ў пошуку адметнасці без адзінства.



«Гэта здараецца, калі ўзнікае жаданне адрознівацца, калі ствараюцца хаўрусы і партыі, калі закрываюцца ва ўласнай выключнасці і нават лічаць, што яны — найлепшыя і заўжды маюць рацыю. Гэта тыя, каго называюць “ісціна ў апошняй інстанцыі”. Тады выбіраюць пэўную частку, а не ўсё; прыналежнасць да таго ці да іншага перш чым да Касцёла».

Супрацьлеглая спакуса, на думку Святога Айца, гэта імкненне да адзінства без адрозненняў, калі адзінства становіцца ўніфікацыяй, абавязак якой — рабіць усё разам і ўсё аднолькава, усім заўжды думаць паводле шаблону.

«Тады адзінства ператвараецца ў адпаведнасць стандарту, і ўжо больш няма свабоды. Але святы Павел кажа, што “дзе Дух Пана, там свабода” (пар. 2 Кар 3, 17)», — дадаў Пантыфік.
«Нашая малітва да Святога Духа — гэта просьба аб ласцы прыняць Ягонае адзінства, позірк, які абдымае і любіць, які вышэй за асабістыя прыхільнасці, — падкрэсліў Папа Рымскі. — Гэта таксама просьба аб сэрцы, якое адчувае Касцёл як нашую Маці і наш дом: дом гасцінны і адкрыты, дзе дзеляцца разнастайнымі радасцямі Святога Духа».

Як дадаў Святы Айцец, Дух — гэта першы дар Уваскрослага, які даецца перадусім для адпушчэння грахоў.

«Дух заклікае нас да таго, каб ісці па шляху з двухбаковым рухам атрыманага прабачэння і дараванага прабачэння. Папросім ласкі рабіць усё прыгажэйшым аблічча Касцёла, нашай Маці, аднаўляючы сябе праз прабачэнне і выпраўляючы саміх сябе — толькі так мы зможам выправіць іншых у любові», — заключыў папа Францішак.

Дк. Мікола Гракаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 18.11.2017
  • 17.11.2017
  • 16.11.2017
  • 15.11.2017
  • 14.11.2017