Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак да вернікаў: «Касцёл — гэта ўсе мы, ахрышчаныя»
Слова Папы
29.05.2017 21:40

28 мая падчас малітвы «Уладарка неба» на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане папа Францішак закрануў тэму ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана, якая святкавалася ў гэты дзень у Італіі і іншых краінах.

Як адзначыў Святы Айцец, евангельскі тэкст (гл. Мц 28, 16–20), якім завяршаецца Евангелле паводле Мацвея, апісвае момант апошняга развітання Уваскрослага з Ягонымі вучнямі.



«Унебаўшэсце Езуса, такім чынам, завяршае місію, атрыманую Сынам ад Айца, і дае працяг гэтай місіі Касцёлам, — адзначыў папа Францішак. — Сапраўды з моманту Унебаўшэсця прысутнасць Хрыста ў свеце забяспечваецца пасрэдніцтвам Ягоных вучняў — тых, якія вераць у Яго і Яго абвяшчаюць».

Як адзначыў Папа, Унебаўшэсце нагадвае пра гэтую прысутнасць Езуса і Ягонага Духу, які робіць годным даверу і пэўным нашае хрысціянскае сведчанне ў свеце.

«Яно адкрывае нам праўду пра тое, чаму існуе Касцёл: Касцёл існуе для таго, каб абвяшчаць Еванегелле, і толькі для гэтага! — падкрэсліў Пантыфік. — Акрамя таго, радасць Касцёла — гэта абвяшчэнне Евангелля. Касцёл — гэта ўсе мы, ахрышчаныя. Сёння мы запрошаныя лепш зразумець, што Бог надзяліў нас вялікай годнасцю і адказнасцю абвяшчаць Яго свету, зрабіць яго даступным для людзей. Гэта — найбольшы гонар кожнага з нас».

Гаворачы пра місію хрысціянаў, папа Францішак дадаў, што яна заключаецца ў сведчанні пра Евангелле ў кожным асяроддзі і жыцці згодна з ім.

«Аднак мы добра разумеем, што яна [наша місія] не залежыць перадусім ад нашых сілаў, ад арганізатарскіх здольнасцяў і чалавечых талентаў. Толькі са святлом і з моцаю Святога Духа мы можам эфектыўна выконваць нашую місію даваць іншым усё больш пазнаць і адчуць любоў і прыхільнасць Езуса».

«Папросім Дзеву Марыю дапамагчы нам сузіраць нябесныя даброты, якія Пан абяцае нам, і станавіцца ўсё больш годнымі даверу сведкамі Яго Уваскрасення, сапраўднага Жыцця», — адзначыў Святы Айцец.
Пасля малітвы Пантыфік памаліўся ў інтэнцыі Тэадора ІІ і ўсяго егіпецкага народа, а таксама за ахвяраў тэракту ў Манчэстэры і іх родзічаў.

«Я побач з роднымі і з усімі тымі, хто аплаквае іх адыход», — сказаў Папа Рымскі.

Дк. Мікола Гракаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 22.08.2017
  • 21.08.2017
  • 20.08.2017
  • 19.08.2017
  • 18.08.2017