Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: мы ўключаны ў смерць і ўваскрасенне Хрыста і ўдзельнічаем у новым жыцці
Слова Папы
04.12.2013 13:50

“Калі Езус уваскрос, і мы таксама ўваскрэснем”, — нагадаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 4 снежня. Катэхезу Пантыфік прысвяціў уваскрасенню цела – “няпростай праўдзе”, якую дапамагае зразумець Святое Пісанне.

Папа адзначыў, што ўспамін пра ўваскрашэнне памерлых прысутнічае ўжо на старонках Старога Запавету, дзе прарок Эзэхіэль сузіраў вяртанне жыцця памерлым праз спасланне на іх ажыўляючага духа. “Гэтае сузіранне ўяўляе сабой надзею на будучае “ўваскрашэнне Ізраэля”, гэта значыць на адраджэнне прыніжанага і пераможанага народа”, - сказаў Папа. Паводле Святога Айца, у Новым Запавеце Езус прыводзіць да спаўнення гэтае аб’яўленне і звязвае веру ва ўваскрасенне са сваёй асобай, кажучы: “Я ўваскрасенне і жыццё”. Езус уваскрасіць у апошні дзень тых, хто верылі ў Яго, адзначыў Папа і падкрэсліў, што чаканне гэтага моманту з’яўляецца крыніцай надзеі, якая, “калі ўмацоўваецца і ахоўваецца, становіцца святлом для асвятлення нашай асабістай і супольнай гісторыі”.

“Будзем заўсёды памятаць: мы вучні Таго, які прыйшоў, прыходзіць штодзённа і прыйдзе напрыканцы. Калі здолеем усвядоміць гэтую рэчаіснасць, будзем менш стомленымі штодзённасцю, будзем менш зняволеныя эфемерным і больш гатовыя крочыць з міласэрным сэрцам па дарозе збаўлення”, - сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, уваскрасенне адбудзецца ў апошні дзень праз дзейнасць усемагутнага Бога, які верне жыццё нашаму целу, паяднаўшы яго з душой, праз сілу ўваскрасення Езуса.

“Гэтая трасфармацыя, гэтая перамена нашага цела, павінна быць падрыхтавана ў гэтым жыцці праз сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі. Мы, якія ў гэтым жыцці насычаліся Яго Целам і Крывёй, уваскрэснем, як Ён, з Ім і праз Яго. Як Езус уваскрос са сваім уласным целам, але не вярнуўся да зямнога жыцця, так і мы уваскрэснем з нашымі целамі, якія будуць пераменены ў целы хвалебныя”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што ўжо ў гэтым жыцці мы ўдзельнічаем ва Уваскрасенні Хрыста. “Сапраўды, праз хрост мы ўключаны ў смерць і ўваскрасенне Хрыста і ўдзельнічаем у новым жыцці, Яго жыцці. Таму, чакаючы апошняга дня, мы маем унутры сябе семя ўваскрасення, як залог поўнага ўваскрасення, якое атрымаем у спадчыну. Таму таксама і цела кожнага з нас з’яўляецца рэхам вечнасці, і такім чынам заўсёды павінна паважацца. І перш за ўсё павінна паважацца і быць любімым жыццё пакутуючых, таму што яны адчуваюць блізкасць Божага Валадарства, гэтага стану вечнага жыцця, да якога крочым”, - сказаў Святы Айцец.

Вітаючы сабраных на плошчы св. Пятра, Папа нагадаў, што 3 снежня ў Каталіцкім Касцёле адзначаўся ўспамін св. Францішка Ксаверыя, апекуна місій. “Гэты святы святар нагадвае нам пра абавязак кожнага абвяшчаць Евангелле”, - сказаў Пантыфік і заклікаў моладзь быць адважнымі сведкамі сваёй веры, хворых – ахвяраваць цярпенні ў інтэнцыі навяртання далёкіх ад Евангелля, а маладых сужэнцаў – абвяшчаць любоў Хрыста, пачынаючы з уласнай сям’і.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.