Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Езус не надае важнасці толькі дысцыплінарнаму выкананню і знешнім паводзінам
Слова Папы
16.02.2014 17:06

“Езус не надае важнасці толькі дысцыплінарнаму выкананню і знешнім паводзінам. Ён ідзе да каранёў закона, звяртаючы ўвагу перадусім на інтэнцыі, значыць на сэрца чалавека”, - сказаў Папа Францішак падчас малітвы “Анёл Панскі” 16 лютага. Пантыфік патлумачыў, што значыць выконваць закон, і падкрэсліў, што яго асновай з’яўляецца запаведзь любові да Бога і бліжняга.

“Евангелле гэтай нядзелі з’яўляецца далейшай часткай “Нагорнага казання”, першага вялікага прапаведавання Езуса. Сённяшняй тэмай з’яўляецца стаўленне Езуса да габрэйскага закона. Хрыстус сказаў: “Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць” (Мц 5,17). Езус, такім чынам, не хоча адмяніць запаведзі, якія Пан даў праз Майсея, але хоча давесці да паўнаты. І Ён неадкладна дадае, што гэтае “выкананне” закона патрабуе вышэйшай справядлівасці, больш сапраўднага захавання. Таму Езус кажа сваім вучням: “калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 5,20).

Але што гэта значыць гэтае “поўнае выкананне” закона? І ў чым сутнасць гэтай вышэйшай справядлівасці? Сам Езус адказвае нам некаторымі прыкладамі, параўноўваючы старазапаветны закон з тым, аб якім Ён нам кажа. Пачынае з пятай запаведзі Дэкалога: “Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”... А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд ” (Мц 5,21-22). Гэтым Езус нам нагадвае, што таксама і словы могуць забіваць! Калі мы кажам, што чалавек мае мову змея, што гэта значыць? Значыць, што яго словы забіваюць. Такім чынам, не толькі не трэба чакаць смерці бліжняга, але нават не выліваць на яго атруту свайго гневу і паклёпнічаць на яго. Нават гаварыць пра яго за спіной, бо тады мы пачынаем пляткарыць: таксама і пляткарства можа завіваць, бо могуць забіць добрую рэпутацыю чалавека. Езус прапануе тым, хто крочыць за Ім, дасканалую любоў: любоў, адзінай меркай якой ёсць невалоданне ніякай меркай і пераўзыходжанне ўсялякіх разлікаў. Любоў да бліжняга – гэта такое фундаментальнае стаўленне, што Езус проста кажа, што нашы адносіны з Богам не могуць быць шчырымі, калі мы не хочам прымірыцца са сваім бліжнім: “Таму, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім” (Мц 5,23-24). Такім чынам мы пакліканы прымірыцца з нашымі братамі, перш чым мы хочам паказаць нашу адданасць Пану ў малітве.

З усяго гэтага зразумела, што Езус не надае важнасці толькі дысцыплінарнаму выкананню і знешнім паводзінам. Ён ідзе да каранёў закона, звяртаючы ўвагу перадусім на інтэнцыі, значыць на сэрца чалавека, адкуль бяруць пачатак нашы добрыя і злыя дзеянні. Каб атрымаць добрыя і сумленныя паводзіны, не дастаткова толькі прававых нормаў, але патрэбныя глыбокія матывацыі, якія з’яўляюцца выяўленнем скрытай мудрасці, Мудрасці Бога, якая можна быць прынятай дзякуючы Святому Духу. І мы, праз веру ў Хрыста, можам адкрыцца на дзеянне Духа, які робіць нас здольнымі жыць Божай любоўю.

У святле гэтай навукі Хрыста кожная запаведзь паказвае сваё поўнае значэнне, як патрабаванне любові, але ўсё аб’ядноўваецца ў найбольшай запаведзі: любі Бога ўсім сваім сэрцам, і бліжняга твайго, як самога сябе”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі Пантыфік прывітаў пілігрымаў, сабраных на плошчы св. Пятра, – сем’і, парафіяльныя групы і моладзь з многіх краін.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.