Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Калі Святы Дух асвятляе наш розум, тады дазваляе ўзрастаць у разуменні таго, што Пан сказаў і ўчыніў
Слова Папы
30.04.2014 14:11

"Святы Дух адкрывае наш розум, каб мы лепш разумелі Божыя і чалавечыя справы, сітуацыі, усё", - адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 30 красавіка. Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу другому дару Святога Духа – розуму.

“Гаворка ідзе не пра чалавечую разумнасць, інтэлектуальныя здольнасці, якімі можам быць надзеленыя ў большай ці меншай ступені. Але пра ласку, якую толькі Святы Дух можа выліць і якая стварае ў хрысціяніна здольнасць сягаць па-за знешні аспект рэальнасці, заглядаць у глыбіню Божых думак і яго план збаўлення”, - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў, што святы апостал Павел, звяртаючыся да Карынцянаў, вельмі добра апісаў плёны гэтага дару: “Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго. Нам жа Бог адкрыў праз Духа” (1 Кар 2,9-10).

“Гэта, канешне, не азначае, што хрысціянін можа зразумець і ўпоўні пазнаць планы Бога: усё гэта застаецца ў чаканні аб’яўлення ва ўсёй сваёй яснасці, калі апынемся ў прысутнасці Бога і па-сапраўднаму станем з Ім адным. Аднак, аб чым кажа само гэта слова, інтэлект дазваляе “intus legere” – “глыбокае разуменне”. Гэты дар дазваляе разумець рэчы так, як іх разумее Бог, паводле Божага інтэлекту. Можна разумець сітуацыі паводле чалавечага розуму, з разважлівасцю, і гэта правільна. Але разумець глыбока, як разумее Бог, дазваляе менавіта гэты дар. І Езус пажадаў спаслаць нам Святога Духа, каб мы мелі гэты дар, каб мы ўсе маглі разумець рэчы, як разумее іх Бог”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што дар розуму блізка звязаны з верай. “Калі Святы Дух жыве ў нашым сэрцы і асвятляе наш розум, тады дазваляе дзень за днём узрастаць у разуменні таго, што Пан сказаў і ўчыніў”, - адзначыў Пантыфік і дадаў, што тут маецца на ўвазе таксама разуменне навучання Езуса, Божага слова.

Папа нагадаў, што ў Евангеллі паводле Лукі ёсць фрагмент, які “вельмі добра выказвае глыбіню і сілу” дару розуму – апавяданне пра сустрэчу Езуса з вучнямі па дарозе ў Эмаўс. “Пасля таго, як сталі сведкамі крыжовай смерці і пахавання Езуса, двое Яго вучняў, расчараваныя і прыгнечаныя , выйшлі з Ерузалема, каб вярнуцца ў сваю вёску пад назвай Эмаўс. На шляху да іх наблізіўся Езус уваскрослы і пачаў разамаўляць з імі, але іх вочы, затуманеныя смуткам і адчаем, былі не ў стане Яго пазнаць. (...) Калі, аднак, Пан тлумачыў ім Пісанне, каб зразумелі, што Ён павінен быў пакутаваць і памерці, каб затым уваскрэснуць, іх розум адкрыўся, а ў сэрцах заяснела надзея. Гэта тое, што робіць Святы Дух у нас – адкрывае наш розум, каб мы лепш разумелі Божыя і чалавечыя справы, сітуацыі, усё. Дар розуму вельмі важны для нашага хрысціянскага жыцця”, - сказаў Папа і заклікаў вернікаў прасіць Бога аб дары розуму, каб добра разумець усё, што здараецца навокал, але, перш за ўсё, спасцігаць Божае слова ў Евангеллі.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, вітаючы прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў, Папа звярнуўся да пілігрымаў з Польшчы, многія з якіх засталіся ў Рыме пасля кананізацыі Яна Паўла ІІ, заклікаўшы іх жыць сведчаннем веры, надзеяй, любоўю і даверам да Божай міласэрнасці па прыкладу святога суайчынніка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.