Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Памяць пра мучанікаў — гарантыя будучыні Албаніі»
Слова Папы
24.09.2014 12:24

Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 24 верасня Папа Францішак распавёў пра сваё Апостальскае падарожжа ў Албанію, якое прайшло ў мінулую нядзелю. Святы Айцец сказаў, што галоўнай прычынай візіту стала жаданне наведаць краіну, якая пасля доўгага перыяду панавання атэістычнага і нечалавечага рэжыму сёння характарызуецца мірным суіснаваннем паміж вызнаўцамі розных рэлігій.

«Я палічыў важным падтрымаць іх на гэтым шляху, каб працягвалі ісці з цвёрдасцю і паглыблялі ўсе яго аспекты на карысць агульнага дабра. Таму ў цэнтры падарожжа была міжрэлігійная сустрэча, падчас якой я меў магчымасць з задавальненнем пераканацца, што мірнае і плённае суіснаванне паміж асобамі і супольнасцямі розных веравызнанняў не толькі пажадана, але і магчыма і выканальна на практыцы», — сказаў Папа.

Пантыфік дадаў, што падчас сустрэў албанскіх святароў, кансэкраваных асоб, семінарыстаў і прадстаўнікоў свецкіх рухаў, каб з удзячнасцю ўзгадаць пра шматлікіх мучанікаў за веру. «Дзякуючы прысутнасці некаторых пажылых людзей, якія асабіста зведалі жудасны пераслед, мы ўзгадалі пра веру шматлікіх гераічных сведкаў мінулага, якія ішлі за Хрыстом аж да крайніх наступстваў. Менавіта дзякуючы блізкай еднасці з Езусам, дзякуючы любові да Яго, у гэтых мучаніках – як і ва ўсіх іншых, – нараджалася сіла для пераадолення тых балючых падзей, што прывялі іх да мучаніцтва. Таксама сёння, як і ў мінулым, сіла Касцёла не паходзіць ад арганізацыйных здольнасцяў ці структур, якія, тым не менш, з’яўляюцца неабходнымі. Наша сіла – у любові Хрыста! Гэтая сіла нас падтрымлівае ў моманты цяжкасцяў і натхняе на апостальскую дзейнасць, каб несці ўсім дабро і прабачэнне, даючы, такім чынам, сведчанне міласэрнасці Бога», — падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец падзяліўся, што падчас яго візіту вуліцы Тыраны былі ўпрыгожаны партрэтамі 40 святароў, забітых у часы камуністычнай дыктатуры, у дачыненні да якіх працягваюцца беатыфікацыйныя працэсы. Папа дадаў, што пераслед тычыўся не толькі албанскіх хрысціян, але і мусульман. «Гэта былі цёмныя часы, калі была знішчана рэлігійная свабода і забаранялася верыць у Бога. Тысячы касцёлаў і мячэцяў былі разбураны, ператвораны ў склады і кінатэатры, у якіх прапагандавалася марксісцкая ідэалогія, рэлігійныя кнігі спальваліся, а бацькам забаранялася даваць дзецям рэлігійныя імёны продкаў. Памяць пра гэтыя драматычныя падзеі – фундаментальная для будучыні народа. Памяць пра мучанікаў, якія супраціўляліся ў веры, – гэта гарантыя будучыні Албаніі, таму што іх кроў не была праліта дарэмна; яна стала семем, якое прынясло плёны міру і братэрскага супрацоўніцтва. Сёння Албанія – гэта прыклад не толькі адраджэння Касцёла, але і мірнага суіснавання паміж рэлігіямі. Больш за тое, мучанікі сталі пераможцамі, а не пераможанымі: у іх гераічным сведчанні ззяе ўсемагутнасць Бога, які заўсёды суцяшае свой народ, адкрываючы новыя шляхі і гарызонты надзеі», — сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў албанскіх вернікаў станавіцца евангельскім зачынам для грамадства, удзельнічаць у дабрачыннай і адукацыйнай дзейнасці, і пажадаў, каб цяжкі досвед мінулага ўкараніў вернікаў у адкрытасці на братоў, асабліва самых слабых, і зрабіў носьбітамі любові, вельмі неабходнай у сучасным сацыяльным і культурным кантэксце.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Святы Айцец выказаў блізкасць да ахвяр эпідэміі Эбола, заклікаў вернікаў маліцца за іх, а міжнародную супольнасць — прыкласці ўсе намаганні, каб паменшыць пакуты хворых.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.