Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «У супольнасці квітнеюць дары, якімі нас напаўняе Бог»
Слова Папы
01.10.2014 13:43

Пра тое, што з самага пачатку Пан адарыў Касцёл дарамі свайго Духа, зрабіўшы яго пастаянна жывым і плённым, нагадаў Папа Францішак 1 кастрычніка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Пантыфік прысвяціў катэхезу некаторым з гэтых дароў, якія з’яўляюцца найбольш каштоўнымі для будавання і актыўнасці хрысціянскай супольнасці, — харызматам.

Святы Айцец заўважыў, што часцей за ўсё пад словам «харызмат» разумеецца пэўны талент, натуральная здольнасць. «У хрысціянскай перспектыве, аднак, харызмат — гэта не толькі асабістая якасць, схільнасць, якой можам быць адароны. Харызмат — гэта ласка, дар, які паходзіць ад Бога Айца праз дзейнасць Святога Духа. Гэта дар, які даецца асобе, не таму, што яна лепшая за іншых ці яго заслугоўвае, — гэта падарунак, які Бог дае, каб з такой жа бескарыслівасцю і любоўю ён мог быць пастаўлены на службу ўсёй супольнасці, для дабра ўсіх», — патлумачыў Пантыфік.

Па словах Папы, без іншых людзей чалавек не можа зразумець наяўнасці ў сабе харызмату і яго рысаў: напрыклад, нехта можа думаць, што цудоўна спявае, але важна, каб і іншыя так лічылі. «У супольнасці распускаюцца і квітнеюць дары, якімі нас напаўняе Айцец. І ва ўлонні супольнасці можна навучыцца бачыць іх у якасці знаку Яго любові да сваіх дзяцей. Добра, калі б кожны з нас спытаў сябе: “Ці ёсць у мяне які-небудзь харызмат, дадзены Панам праз ласку Яго Духа, які браты ў хрысціянскай супольнасці распазналі і падтрымалі? Як я вяду сябе адносна гэтага дару: жыву ім са шчодрасцю, ставячы на службу ўсім, ці хаваю і забываюся пра яго? Ці, магчыма, ён становіцца для мяне крыніцай пыхі, прыводзіць да пастаяннага абурэння іншымі або да прэтэнзій на тое, каб супольнасць рабіла ўсё па-мойму? Гэта пытанні, якія мы павінны задаваць сабе», — сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што цудоўна адкрываць багацце дароў і харызматаў, якімі Бог напоўніў свой Касцёл, і гэтае багацце не павінна быць праблемай,— наадварот, лічыцца дарам, які дапамагае супольнасці станавіцца больш гарманічнай у веры і Божай любові, як адно цела – Цела Хрыста. Багацце дароў, дадаў Пантыфік ніколі не павінна станавіцца прычынай для зайздрасці, падзелу ці сквапнасці, таму што ўсе дары важныя перад Божымі вачыма і ў той жа час кожны ўнікальны.

«Гэта значыць, што ў хрысціянскай супольнасці мы маем патрэбу адзін у адным, і кожны атрыманы дар спаўняецца ўпоўні, калі раздзяляецца з братамі, для дабра ўсіх. Гэта Касцёл! І калі Касцёл у адметнасці сваіх харызматаў выказваецца ў адзінстве — не можа памыляцца. Гэта прыгажосць і сіла “sensus fidei” — гэтага звышнатуральнага адчування веры, якое даецца Святым Духам, каб разам мы маглі ўвайсці ў сэрца Евангелля і навучыліся наследаваць Езуса ў нашым жыцці», — адзначыў Папа.

Пантыфік нагадаў, што 1 кастрычніка Касцёл адзначае ўспамін св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, дадаўшы, што гэтая святая жадала мець усе харызматы, але аднойчы на малітве пачула, што яе харызматам з’яўляецца любоў. «Гэты дар маем мы ўсе: здольнасць любіць», — сказаў Папа і заклікаў прасіць у малітве да святой Тэрэзы аб дары любові да Касцёла і прыняцці ўсіх харызматаў, якімі Бог яго адарыў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.