Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Каб сям’я магла з надзеяй і ўпэўненасцю добра расці, яна павінна харчавацца Божым словам»
Слова Папы
05.10.2014 21:45

Пра тое, што Біблія павінна быць у кожнай сям’і, «каб чытаць яе часта», бо «такім чынам сям’я расце, пілігрымуе са святлом і сілай Божага слова», казаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 5 кастрычніка.

«Сёння раніцай цэлебрацыяй Эўхарыстыі ў базыліцы св. Пятра мы адкрылі працы Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў. Сінадальныя Айцы, якія прыбылі з усяго свету, разам са мной будуць перажываць два інтэнсіўныя тыдні слухання і дыялогу, якія будуць плённымі дзякуючы малітве, на тэму: “Душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”, — сказаў Пантыфік. — Слова Божае, якое сёння чытаецца, гаворыць пра вобраз вінаградніку як сімвала народа, які Пан сабе выбраў. Народ, так, як вінаграднік, патрабуе шмат апекі, патрабуе цярплівай і вернай любові. Так, як Бог робіць з намі, так і мы павінны рабіць як пастыры. Таксама клопат пра сям’ю з’яўляецца адным з спосабаў працы ў вінаградніку Пана, каб прынёс ён плёны Божага Валадарства (пар. Мц 21, 33-43).

Але, каб сям’я магла з надзеяй і з упэўненасцю добра расці, яна павінна харчавацца Божым словам. Таму добра склалася, што менавіта сёння нашы браты з ордэну айцоў паўлістаў захацелі масава распаўсюджваць Біблію, тут, на плошчы св. Пятра, як і ў многіх іншых месцах. Мы дзякуем нашым братам паўлістам. Яны робяць гэта з нагоды сотай гадавіны свайго заснавання бл. Джакома Альбэр’ёнэ, які быў вялікім апосталам камунікацыі. Таму сёння, калі адкрываюцца працы Сіноду, прысвечанага сям’і, з дапамогай айцоў паўлістаў мы можам сказаць: Біблія ў кожнай сям’і! Не на тое, каб пакласці яе на паліцу, але каб трымаць яе пад рукой, каб чытаць яе часта, кожны дзень, як паасобку, так і разам, муж з жонкай, бацькі з дзецьмі, магчыма, увечары, асабліва ў нядзелю. Такім чынам сям’я расце, пілігрымуе са святлом і сілай Божага слова.

Я заклікаю ўсіх падтрымаць працы Сіноду малітвай, просячы мацярынскага заступніцтва ў Панны Марыі. У гэты момант мы духоўна аб’ядноўваемся з тымі, хто ў санктуарыі ў Пампеі традыцыйна ўзносіць маленні да Маці Божай Ружанца. Няхай Яна выпрасць мір для сем’яў і ўсяго свету».
 
Пасля малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец нагадаў, што 4 кастрычніка ў ЗША была далучана да ліку благаслаўлёных законніца Марыям Тэрэза Дзям’янавіч з ордэну Сясцёр Міласэрнасці св. Альжбеты. Таксама Пантыфік прывітаў пілігрымаў з Аўстраліі і з Германіі, якія на веласіпедах прыбылі ў Ватыкан, каб такім чынам ушанаваць св. Джанну Берэтту Молла — «святую маці сям’і».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.