Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Тут, на зямлі, разам з тымі, хто ўвайшоў у вечнасць, мы фарміруем адну сям’ю»
Слова Папы
01.11.2014 18:55

На фундаментальную праўду хрысціянскай веры — еднасць святых — звярнуў увагу Папа Францішак у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых.

«Першыя два дні лістапада з’яўляюцца для ўсіх нас інтэнсіўным момантам веры, малітвы і разважанняў аб “апошніх рэчах” жыцця, — сказаў Пантыфік. — Цэлебруючы ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамінаючы ўсіх памерлых вернікаў, Касцёл пілігрымуе па жывой зямлі і выяўляе ў літургіі духоўную сувязь, якая яго аб’ядноўвае з нябесным Касцёлам. Сёння мы дзякуем Богу за незлічонае мноства святых усіх узростаў, мужчын і жанчын, звычайных, простых, часам “апошніх” для ўсяго свету, але “першых” для Бога. У той жа час, наведваючы могілкі, мы ўзгадваем нашых блізкіх памерлых. Гэта крыніца вялікага суцяшэння — думаць, што яны знаходзяцца побач з Паннай Марыяй, апосталамі, мучанікамі і ўсімі святымі ў Небе!

Сённяшняя ўрачыстасць, такім чынам, дапамагае нам зразумець фундаментальную ісціну хрысціянскай веры, якую вызнаём у “Сімвале веры”, — еднасць святых. Што азначае гэты выраз — еднасць святых? Гэта камунія, якая нараджаецца з веры і аб’ядноўвае ўсіх тых, хто належыць да Хрыста моцай хросту. Гэта духоўны саюз — мы ўсе аб’яднаныя паміж сабой, — які не парушаецца з момантам смерці, але працягвае існаваць у іншым жыцці. На самой справе існуе непарыўная сувязь паміж намі, якія жывуць у гэтым свеце, і тымі, хто пераступіў парог смерці. Тут, на зямлі, разам з тымі, хто ўвайшоў у вечнасць, мы фарміруем адну вялікую сям’ю. Гаворка ідзе пра сапраўды сямейную сувязь.

Гэтыя прыгожыя зносіны, цудоўная камунія паміж Небам і зямлёй праяўляюцца ў форме больш высокай і інтэнсіўнай у літургіі, і асабліва ў Эўхарыстыі, якая з’яўляецца выразам і выкананнем самага глыбокага саюзу паміж членамі Касцёла. У Эўхарыстыі мы сустракаем жывога Езуса і Яго сілу, і праз Яго мы ўваходзім у зносіны з нашымі братамі ў веры, тымі, хто жыве з намі тут, на зямлі, і тымі, хто апярэдзіў нас на шляху ў наступнае жыццё, жыццё бясконцае. Гэтая рэальнасць напаўняе нас радасцю: цудоўна, калі ёсць так шмат братоў і сясцёр у веры, якія крочаць побач з намі, падтрымліваюць нас, і разам мы вандруем па той жа дарозе да неба. І прыемна ведаць, што ёсць іншыя браты, якія ўжо дасягнулі неба, яны чакаюць нас і моляцца за нас, каб мы маглі разам у вечнасці сузіраць хвалебнае і міласэрнае аблічча Айца.

У вялікай супольнасці святых Бог пажадаў пакінуць першае месца Маці Езуса. Марыя знаходзіцца ў цэнтры еднасці святых, як вартаўнік унікальнай сувязі Паўсюднага Касцёла з Хрыстом, сувязі паміж членамі адной сям’і. Яна — Маці, наша Маці. Для тых, хто хоча ісці за Езусам па шляху Евангелля, Яна з’яўляецца надзейным кіраўніком, бо Яна — першая вучаніца Хрыста. Яна ўважлівая і клапатлівая Маці, якой можна даверыць кожнае жаданне і патрэбу.

Молімся разам да Каралевы Усіх Святых, каб Яна дапамагла нам адказаць са шчодрасцю і вернасцю Богу, які заклікае нас быць святымі, як Ён ёсць святы (пар. Лев 19, 2; Мц 5, 48)».

Таксама Пантыфік заахвоціў вернікаў маліцца за Іерусалім, каб «святы горад, дарагі для юдэяў, хрысціян і мусульман, які ў апошнія дні стаў сведкам рознага роду напружанасці, заўсёды мог быць знакам і прадчуваннем міру, якога Бог жадае для ўсёй чалавечай сям’і».

Папа нагадаў і пра беатыфікацыю іспанскага мучаніка Пэдро Асуа Мэндзіа, якая адбылася 1 лістапада ў Віторыі, нагадаўшы, што гэта быў сціплы святар, які прапаведаваў Евангелле ў святасці жыцця, праз катэхізацыю і адданасць бедным, быў арыштаваны, катаваны і забіты за тое, што выказаў жаданне застацца верным Пану і Касцёлу.

Папа прывітаў удзельнікаў спартыўных ініцыятыў, прымеркаваных да ўрачыстасці Усіх Святых, і адзначыў важнасць спалучэння спорту, хрысціянскага сведчання і дабрачынных намаганняў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.