Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ва ўспамін усіх памерлых вернікаў: «Сёння мы пакліканы памятаць усіх, нават тых, каго ніхто не ўспомніць»
Слова Папы
02.11.2014 17:01

2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра Папа Францішак нагадаў, што Касцёл узгадвае ў гэты дзень усіх тых, хто апярэдзіў нас на шляху да вечнасці, і заклікаў памятаць у малітве не толькі пра сваіх блізкіх памерлых, але і пра тых, каго ніхто ўжо не памятае.

“Учора мы адзначалі ўрачыстасць Усіх Святых, а сёння літургія запрашае нас да памяці пра памерлых вернікаў, - сказаў Папа. - Гэтыя два дні цесна звязаны адзін з адным, як радасць і слёзы знаходзяць у Езусе Хрысце спалучэнне, што з’яўляецца асновай нашай веры і нашай надзеі. З аднаго боку, Касцёл пілігрымуе ў гісторыі, радуецца праз заступніцтва святых і благаслаўлёных, якія падтрымліваюць місію абвяшчэння Евангелля. З другога боку, як Езус, падзяляе плач тых, хто пакутуе ад разлукі з роднымі і блізкімі, і як Ён, і праз Яго дзякуе Айцу, які пазбавіў нас ад улады граху і смерці.

Учора і сёння многія наведваюць могілкі, якія называюць “месцам адпачынку” ў чаканні канчатковага абуджэння. Прыемна думаць аб тым, што сам Езус нас абудзіць. Сам Езус паказаў, што смерць цела - як сон, з якога Ён нас абуджае. З гэтай верай мы спыняемся – таксама і духоўным чынам – ля магіл нашых блізкіх, тых, хто любіў нас і зрабіў шмат добрага. Але сёння мы пакліканы памятаць усіх, нават тых, каго ніхто не ўспомніць. Мы ўзгадваем ахвяр войнаў і насілля, шматлікіх “малых” гэтага свету, раздушаных голадам і беднасцю. Мы памятаем тых невядомых, хто спачывае ў супольных магілах. Мы памятаем нашых братоў і сясцёр, якія загінулі таму, што яны хрысціяне, і тых, хто аддаў сваё жыццё, каб служыць іншым. Мы давяраем Пану, асабліва тых, хто памёр за апошні год.

Традыцыя Касцёла заўсёды заклікала маліцца за памерлых, у прыватнасці ахвяруючы за іх цэлебрацыю Эўхарыстыі: гэта лепшая духоўная дапамога, што мы можам даць іх душам, асабліва найбольш пакінутым. Падмуркам малітвы з’яўляецца камунія з Містычным Целам. Як пацвярджае Другі Ватыканскі Сабор: “пілігрымуючы Касцёл, цалкам прызнаючы еднасць усяго Містычнага Цела Езуса Хрыста, з вялікай пабожнасцю шанаваў памяць памерлых” (Lumen Gentium, 50).

Памяць аб памерлых, клопат пра магілы і іх падтрымка – усё гэта сведчанне даверлівай надзеі, якая грунтуецца на ўпэўненасці, што смерць не з’яўляецца апошнім словам у лёсе чалавека, паколькі яму наканавана жыццё без абмежаванняў, якое мае свае карані і спаўненне ў Богу.

Давайце скіруем да Бога гэтую малітву: “Божа бясконцай міласэрнасці, мы спадзяёмся на Тваю вялікую дабрыню адносна тых, хто пакінуў гэты свет для вечнасці, дзе Ты чакаеш усяго чалавецтва, адкупленага каштоўнай крывёю Хрыста, Твайго Сына, які памёр для адкуплення нашых грахоў. Не зважай, Пане, на нашу мізэрнасць, нікчэмнасць і чалавечыя слабасці, калі мы станем перад Тваім судом, каб быць асуджанымі за ўсмешку або вымову. Звярні на нас свой міласэрны позірк, які ўзнікае ад пяшчоты Твайго сэрца, і дапамажы нам ісці па шляху поўнага ачышчэння. Няхай ніводзін з Тваіх дзяцей не будзе згублены ў вечным агні пекла, дзе не будзе ўжо магчымасці пакаяння. Мы давяраем Табе, Пане, душы нашых блізкіх, людзей, якія памерлі без сакрамэнтальнай падтрымкі ці не мелі магчымасці пакаяцца падчас свайго жыцця. Няхай ніхто не баіцца сустрэчы з Табой пасля зямной вандроўкі, спадзеючыся быць прынятым у абдымкі Тваёй бясконцай міласэрнасці. Сястра цялесная смерць няхай знойдзе нас пільнымі ў малітве і поўнымі ўсіх дабротаў, здзейсненых падчас нашага кароткага або доўгага жыцця. Пане, няхай нішто не аддаліць нас ад Цябе на гэтай зямлі, але ўсё і ўсе падтрымаюць нас у гарачым жаданні знайсці спакойны і вечны адпачынак у Табе. Амэн” (а. Антоніо Рунгі, Малітва за памерлых).

З гэтай верай у канчатковы лёс чалавека звернемся да Дзевы Марыі, якая перажыла пад крыжом драму смерці Хрыста і прыняла ўдзел у радасці ўваскрасення. Няхай Яна, Брама Неба, дапаможа нам усё больш і больш разумець значэнне малітвы за памерлых. Яны побач з намі! Няхай Марыя падтрымлівае нас у нашай паўсядзённай пілігрымцы на зямлі і дапаможа нам не выпусціць з-пад увагі канчатковую мэту жыцця, якой з’яўляецца Неба. І з гэтай надзеяй, якая ніколі не расчароўвае, пойдзем наперад!”.

Пасля малітвы Пантыфік яшчэ раз заклікаў пастаянна памятаць пра памерлых.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.