Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Дзеці — багацце для чалавецтва і Касцёла»
Слова Папы
18.03.2015 14:52

Дзеці прыносяць жыццё, радасць, надзею, а таксама і клопаты; але лепш мець гэтыя клопаты, чым грамадствы сумныя і шэрыя, па прычыне таго, што засталіся без дзяцей — адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 18 сакавіка. Сваю перадапошнюю катэхезу з першай часткі разважанняў пра сям’ю Пантыфік прысвяціў дзецям як вялікаму дару для чалавецтва.

«Па тым, як адносяцца да дзяцей, можна судзіць аб грамадстве», — падкрэсліў Святы Айцец.

Па словах Папы, дзяцінства — важны перыяд, які нагадвае людзям пра той час, калі яны былі цалкам залежныя ад клопату і добразычлівасці іншых. Нават Езус Хрыстус не абмінуў гэты жыццёвы этап, аб чым штогадова нагадвае ўрачыстасць Божага Нараджэння і яслі — «сапраўдная ікона, што перадае гэту рэчаіснасць простым і непасрэдным чынам», заўважыў Папа.

«Цікава, што Бог лёгка становіцца зразумелым дзецям, і дзеці не маюць праблем з тым, каб разумець Бога. Не выпадкова ў Евангеллі ёсць некалькі вельмі прыгожых і моцных слоў Езуса пра “малых”. Гэтае паняцце – “малы” – указвае на ўсіх людзей, якія залежаць ад дапамогі іншых, асабліва на дзяцей. Напрыклад, Езус кажа: “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям” (Мц 11, 25). І яшчэ: “Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах” (Мц 18, 10)”», — нагадаў Папа.

Дзеці, дадаў Пантыфік, з’яўляюцца багаццем для чалавецтва і Касцёла, таму што пастаянна нагадваюць аб тым, што нельга лічыць сябе цалкам самадастатковым. Чалавек заўсёды патрабуе дапамогі, любові, прабачэння – і гэта ўмовы, неабходныя для ўваходу ў Валадарства Божае, заўважыў Папа. Святы Айцец падкрэсліў таксама, што дзеці нагадваюць аб сыноўняй тоеснасці кожнага чалавека, якая застаецца незалежна ад узросту і статусу ў грамадстве.

«Існуе шмат дароў, багаццяў, якія дзеці даюць чалавецтву. Я ўзгадаю пра некаторыя з іх. Дзеці па-свойму бачаць рэальнасць, чыстым і даверлівым позіркам. Дзіця мае спантанны давер да таты і мамы; мае спантанны давер да Бога, Езуса, Маці Божай. У той жа час яго ўнутраны позірк – чысты, яшчэ не атручаны каварствам, двудушнасцю, жыццёвымі “нарастамі”, якія робяць цвёрдым сэрца. Мы ведаем, што таксама і дзеці маюць першародны грэх, эгаізм, але захоўваюць чыстасць, унутраную прастату (...). Дзеці таксама нясуць з сабой здольнасць прымаць і дарыць пяшчоту. Пяшчота – гэта таксама паэзія: “адчуванне” рэчаў і падзей, а не бачанне ў іх толькі аб’ектаў, створаных выключна для выкарыстання, для службы», — сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што дзеці могуць вярнуць дарослым здольнасць смяяцца і плакаць, якую яны часта губляюць па прычыне цвёрдага сэрца. «Некаторыя, калі я бяру іх на рукі, смяюцца; іншыя – калі бачаць мяне, апранутага ва ўсё белае, думаюць, што я ўрач і прыйшоў, каб зрабіць ім прышчэпку, – плачуць! (...) Дзеці — яны такія! Плач і смех – гэта дзве рэчы, якія ў нас дарослых часта “блакуюцца”, да якіх мы часта становімся няздольнымі. Часта нашы ўсмешкі становяцца нацягнутымі, безжыццёвымі, нежывымі, усмешкамі штучнымі, клоунскімі (...). Таму дзеці могуць навучыць нас нанова смяяцца і плакаць», — сказаў Пантыфік.

Напрыканцы аўдыенцыі Папа нагадаў, што 19 сакавіка Касцёл будзе адзначаць урачыстасць св. Юзафа, апекуна Паўсюднага Касцёла. Па традыцыі, звяртаючыся да моладзі, хворых і маладых сужэнскіх пар, Пантыфік заклікаў браць прыклад са сціплага і пакорнага жыцця гэтага святога, пераносіць пакуты з уласцівым яму маўчаннем і будаваць сямейнае жыццё на любові, якая яднала яго з Паннай Марыяй.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.