Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Папы застануцца яго ранейшыя герб і дэвіз
Святы Айцец
18.03.2013 18:53

Папа Францішак вырашыў пакінуць у якасці свайго герба той, які меў будучы арцыбіскупам. Дэвіз Пантыфіка таксама застанецца ранейшым — «Miserando atque eligendo».

Як інфармуе Ватыканскае радыё, герб сённяшняга Папы выглядае так: у цэнтры блакітнага шчыта — манаграма Езуса Хрыста, прадстаўленая ў тыповай для Ордэна езуітаў графічнай форме — у выглядзе сонца, на якім размешчаны літары «IHS». Літара «H» увенчана крыжам, пад ёй — выява трох цвікоў. У ніжняй частцы герба размешчаны выявы зоркі і гронкі вінаграду. Зорка, паводле старадаўняй геральдычнай традыцыі, сімвалізуе Панну Марыю, Маці Хрыста і Касцёла, а гронка вінаграду — св. Юзафа, апекуна Паўсюднага Касцёла. У іспанскай іканаграфіі ён часта прадстаўляецца менавіта з вінаграднай гронкай у руках. Змяшчаючы гэтыя выявы на сваім гербе, Папа Францішак выражае сваю асаблівую пашану і любоў да Панны Марыі і св. Юзафа. Гербавы шчыт увенчаны сімваламі папскай годнасці, аўтэнтычнымі тым, якія ўпрыгожвалі герб Бэнэдыкта XVI, — гэта значыць без тыяры, але з мітрай, двума ключамі — залатым і сярэбраным, і чырвонай вяроўкай.

Дэвіз Святога Айца, «Miserando atque eligendo», з’яўляецца выразам з пропаведзі св. Беды, у якой ён каментуе евангельскі фрагмент аб пакліканні св. Мацвея, кажучы: «Езус, убачыўшы мытніка і паглядзеўшы на яго з любоўю, выбраў яго і сказаў: „Ідзі за Мной”. (Vidit ergo lesus publicanum et quia miserando atque eligendo vidit, ait illi Sequere me)». Словы на гербе Папы азначаюць: «Паглядзеў на яго з міласэрнай любоўю, ужо прадбачыўшы яго абранне». Яны звязаны з пакліканнем самога Папы: у 1953 г. ва ўзросце 17 гадоў ён асабліва адчуў любячую прысутнасць Бога ў сваім жыцці, а пасля споведзі — адчуў, як Божая міласэрнасць кліча яго да кансэкраванага жыцця па прыкладзе св. Ігнацыя Лаёлы.

(AG)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.