Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас беатыфікацыі Яна Паўла ІІ
Слова Папы
01.05.2011 13:55

1 мая 2011 г., Ватыкан, плошча Святога Пятра

 Адкрыць у новым акне Download

Дарагія браты і сёстры!

Шэсць гадоў таму мы былі сабраныя на гэтай плошчы з нагоды пахавання Папы Яна Паўла ІІ. Вялікім быў боль той страты, але яшчэ большым за яго было адчуванне невымернай ласкі, што ахінула Рым і ўвесь свет: ласкі, што стала нібы плёнам цэлага жыцця майго ўмілаванага Папярэдніка, а асабліва ягонага сведчання ў цярпенні. Ужо ў той дзень мы адчувалі ў паветры водар ягонай святасці, і Божы народ па-рознаму выяўляў сваю пашану да яго. Менавіта таму я пажадаў, каб, з належным захаваннем прынятых у Касцёле нормаў, яго беатыфікацыйны працэс праходзіў наколькі магчыма хутка. І вось доўгачаканы дзень настаў; ён настаў хутка, бо так спадабалася Пану Богу: Ян Павел ІІ благаслаўлёны!

Я жадаю скіраваць маё сардэчнае прывітанне ўсім вам, якія з гэтай шчаслівай нагоды ў такой вялікай колькасці сабраліся ў Рыме з усіх куточкаў свету: дастойным кардыналам, братам у біскупстве і ў святарстве, афіцыйным дэлегацыям, паслам і прадстаўнікам улады, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам, а таксама перадаць яго ўсім, хто далучаецца да нас праз радыё і тэлебачанне.

Гэтая нядзеля — другая Велікодная, якую благаслаўлёны Ян Павел ІІ назваў нядзеляю Божай Міласэрнасці. Вось чаму гэты дзень быў выбраны для сённяшняй урачыстасці, таму што па волі Провіду мой Папярэднік аддаў дух Богу менавіта вечарам ў вігілію гэтага свята. Акрамя таго, сённяшні дзень — першы дзень мая, месяца Марыі; а таксама ўспамін святога Юзафа, рамесніка. Такі збег акалічнасцяў спрыяе ўзбагачэнню нашай малітвы, дапамагае нам, пакуль што яшчэ пілігрымам у часе і прасторы; а разам з тым Анёлы і святыя ў небе інакш адзначаюць гэтае свята! І ўсё ж адзін ёсць Бог, адзін Хрыстус Пан, які, нібы мост, злучае зямлю і Неба, а мы ў гэты час адчуваем сябе як ніколі блізкімі да нябеснай Літургіі, амаль яе ўдзельнікамі.

«Благаслаўлёныя тыя, хто не бачыў, а паверыў» (Ян 20, 29). У сённяшнім Евангеллі Езус прамаўляе гэтае благаслаўленне — благаслаўленне веры. Яно асаблівым чынам нас уражвае, таму што мы сабраліся менавіта для цэлебрацыі беатыфікацыі, а яшчэ больш таму, што сёння быў абвешчаны благаслаўлёным Папа, Наступнік Пятра, пакліканы да таго, каб умацоўваць братоў у веры. Ян Павел ІІ стаў благаслаўлёным дзякуючы сваёй веры, моцнай і высакароднай, апостальскай. Тут жа нам прыгадваецца яшчэ адно благаслаўленне: «Благаслаўлёны ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах» (Мц 16, 17). Што ж Нябесны Айцец адкрыў Сымону? Тое, што Езус — гэта Хрыстус, Сын Бога Жывога. Дзякуючы гэтай веры Сымон становіцца «Пятром» — скалою, на якой Езус можа пабудаваць свой Касцёл. Вечнае благаслаўленне Яна Паўла ІІ, якое сёння Касцёл з радасцю абвяшчае, цалкам заключаецца ў гэтых словах Хрыста: «Благаслаўлёны ты, Сымоне», і: «Благаслаўлёныя тыя, хто не бачыў, а паверыў». Благаслаўленне веры, якое Ян Павел ІІ таксама атрымаў у дар ад Айца, каб будаваць Касцёл Хрыстовы.

А нашая думка ідзе яшчэ да іншага благаслаўлення, якое ў Евангеллі папярэднічае ўсім астатнім. Гэта благаслаўленне Панны Марыі, Маці Адкупіцеля. Ёй, якая толькі што зачала ў сваім улонні Езуса, святая Альжбета кажа: «Благаслаўлёная тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам» (Лк 1, 45). Благаслаўленне веры мае свой узор у Марыі, і ўсе мы цешымся, што Ян Павел ІІ абвяшчаецца благаслаўлёным у першы дзень месяца, прысвечанага Марыі, пад Матчыным позіркам той, якая сваёю вераю падтрымала веру апосталаў і няспынна падтрымлівае веру іх наступнікаў, асабліва тых, хто пакліканы засядаць на кафедры Пятра. Марыя не з’яўляецца ў аповедах пра ўваскрасенне Хрыста, але Яе прысутнасць як быццам тоіцца паўсюль: Яна — Маці, якой Езус даручыў кожнага вучня і ўсю супольнасць. У прыватнасці, мы заўважаем, што дзейсная і мацярынская прысутнасць Марыі згадваецца святым Янам і святым Лукою ў кантэксце, які папярэднічае сённяшняму Евангеллю і першаму чытанню: у аповедзе пра смерць Хрыста, дзе Марыя з’яўляецца каля падножжа крыжа (пар. Ян 19, 25), і на пачатку Дзеяў святых Апосталаў, якія паказваюць Яе сярод вучняў, сабраных на малітве ў вячэрніку (пар. Дз 1, 14).

Таксама і другое чытанне гаворыць нам сёння пра веру, пра якую піша менавіта святы Пётр, поўны духоўнага энтузіязму, паказваючы новаахрышчаным падставы іх надзеі і іхняй радасці. Мне даспадобы, што ў гэтым тэксце на пачатку свайго першага паслання Пётр выказваецца не ў пажадальным, а ў абвесным ладзе. Сапраўды, ён піша: «Гэтаму радуецеся», і дадае: «Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго, весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душаў» (1 П 1, 6. 8–9). Усё ў абвесным ладзе, бо з’явілася новая рэчаіснасць, якая ўзнікла з уваскрасення Хрыста; рэчаіснасць, даступная веры. «Пан учыніў гэта, — гаворыцца ў Псальме (118, 23), — і дзіўна яно ў вачах нашых», у вачах веры.

Дарагія браты і сёстры, сёння перад нашымі вачыма ў поўным духоўным святле ўваскрослага Хрыста ззяе любы і шанаваны вобраз Яна Паўла ІІ. Сёння яго імя далучаецца да грамады святых і благаслаўлёных, якіх ён сам абвясціў на працягу амаль дваццаці сямі гадоў свайго пантыфікату, з моцаю нагадваючы пра ўсеагульнае пакліканне да ўзнёслага хрысціянскага жыцця, да святасці, як сцвярджае саборная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium. Усе, хто належыць да Божага народа, — біскупы, святары, дыяканы, свецкія вернікі, манахі і манашкі, — усе мы знаходзімся ў дарозе да нябеснай айчыны, куды перад намі ўвайшла Панна Марыя, выключным і дасканалым чынам з’яднаная з таямніцаю Хрыста і Касцёла. Караль Вайтыла, напачатку як дапаможны біскуп, а потым у якасці Кракаўскага арцыбіскупа, удзельнічаў у ІІ Ватыканскім Саборы і вельмі добра ведаў, што прысвячэнне Марыі апошняга раздзела дакумента пра Касцёл вызначала Маці Адкупіцеля як вобраз і ўзор святасці для кожнага хрысціяніна і для ўсяго Касцёла. Такое тэалагічнае бачанне благаслаўлёны Ян Павел ІІ адкрыў у маладосці, а потым захоўваў і паглыбляў яго на працягу ўсяго жыцця. Бачанне, што змяшчаецца ў біблейскай іконе ўкрыжаванага Хрыста з Марыяй, Яго Маці, якая стаіць побач. Гэтая ікона, якую мы бачым у Евангеллі паводле святога Яна (19, 25–27), увасобленая ў біскупскім, а пазней папскім гербе Караля Вайтылы: залаты крыж, унізе справа літара «М», і дэвіз: «Totus tuus», што адпавядае славутаму выказванню святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора, у якім Караль Вайтыла знайшоў асноватворны прынцып для свайго жыцця: «Totus tuus ego sum et omnia mea tua sunt. Accipio Te in mea omnia. Praebe mihi cor tuum, Maria — Я ўвесь Твой, а ўсё маё — Тваё. Я прымаю Цябе як маё ўсё. Дай мне Тваё сэрца, Марыя» (Трактат пра сапраўдную пабожнасць да Найсвяцейшай Панны, 266).

У сваім тэстамэнце новы благаслаўлёны напісаў: «Калі 16 кастрычніка 1978 года канклаў кардыналаў выбраў Яна Паўла ІІ, Прымас Польшчы кардынал Стэфан Вышынскі сказаў мне: „Заданне новага папы – увесці Касцёл у Трэцяе Тысячагоддзе“». І дадаў: «Хачу яшчэ раз выказаць падзяку Духу Святому за вялікі дар ІІ Ватыканскага Сабору, даўжніком якога разам з усім Касцёлам, і асабліва з усім Епіскапатам, я сябе адчуваю. Я перакананы, што яшчэ доўга новыя пакаленні будуць чэрпаць з тых багаццяў, якімі гэты Сабор ХХ стагоддзя нас адарыў. Як біскуп, які ўдзельнічаў у падзеях Сабору ад першага да апошняга дня, хачу даверыць гэтую вялікую спадчыну ўсім, хто пакліканы да яе рэалізацыі. Сам жа дзякую Вечнаму Пастыру за тое, што дазволіў мне служыць гэтай вялікай справе на працягу ўсіх гадоў майго пантыфікату». Што ж гэта за «справа»? Гэта менавіта тое, пра што Ян Павел ІІ абвясціў падчас сваёй першай урачыстай Імшы на плошчы Святога Пятра ў векапомных словах: «Не бойцеся! Адкрыйце і нават расчыніце насцеж дзверы Хрысту!» Тое, да чаго новаабраны Папа заклікаў усіх, ён сам зрабіў першым: ён адкрыў для Хрыста грамадства, культуру, палітычныя і эканамічныя сістэмы, адвярнуўшы з сілаю волата — сілаю, якую даваў яму Бог, — тое, што здавалася незваротным.

Сваім сведчаннем веры, любові і апостальскай адвагі, поўным чалавечай чуласці, гэты славуты сын польскага народа дапамог хрысціянам ва ўсім свеце перастаць баяцца быць хрысціянамі, належаць да Касцёла, абвяшчаць Евангелле. Адным словам, ён дапамог нам перастаць баяцца праўды, бо праўда — гэта гарантыя свабоды.

І яшчэ адна выснова: ён вярнуў нам сілу, каб верыць у Хрыста, бо Хрыстус — Redemptor hominis — Адкупіцель чалавека: такою была тэма яго першай энцыклікі, што стала праводнаю ніццю ўсіх наступных.

Караль Вайтыла ўступіў на Пятровы пасад, несучы з сабою сваё глыбокае разуменне супрацьстаяння паміж марксізмам і хрысціянствам, у цэнтры якога знаходзіўся чалавек. Яго пасланне было наступным: чалавек — гэта шлях Касцёла, а Хрыстус — шлях чалавека. З гэтым пасланнем, што з’яўляецца вялікаю спадчынай ІІ Ватыканскага Сабору і яго «стырнавога» — Слугі Божага Паўла VI, Ян Павел ІІ правёў Божы народ праз парог Трэцяга тысячагоддзя, які менавіта дзякуючы Хрысту ён змог назваць «парогам надзеі». Так, на працягу доўгага шляху падрыхтоўкі да Вялікага Юбілею ён надаў хрысціянству новы накірунак на будучыню, Божую будучыню, трансцэндэнтную ў адносінах да гісторыі, але якая ўсё ж уплывае на гісторыю. Гэты зарад надзеі, які як быццам бы адступіў перад марксізмам і ідэалогіяй прагрэсу, ён законна вярнуў хрысціянству, аднавіўшы яго сапраўднае аблічча надзеі, каб жыць у гісторыі ў духу «адвэнту», скіраваўшы асабістае і грамадскае існаванне да Хрыста, да паўнаты чалавека і здзяйснення ягоных чаканняў справядлівасці і міру.

Напрыканцы я хацеў бы таксама падзякаваць Богу за асабісты вопыт, які Ён мне даў, а менавіта за працяглае супрацоўніцтва з благаслаўлёным Папам Янам Паўлам ІІ. І раней я ўжо ведаў і паважаў яго, але з 1982 года, калі ён паклікаў мяне ў Рым у якасці прэфекта Кангрэгацыі веравучэння, я меў магчымасць на працягу дваццаці трох гадоў быць побач з ім і з усё большай пашанай ставіцца да ягонай асобы. Маё служэнне было падтрыманае яго духоўнаю глыбінёю, багаццем ягоных адчуванняў. Прыклад яго малітвы заўсёды мяне ўражваў і выхоўваў: ён паглыбляўся ў сустрэчу з Богам нават сярод шматлікіх абавязкаў свайго служэння. І нарэшце, яго сведчанне ў цярпенні: Пан Бог паступова пазбавіў яго ўсяго, але ён заўжды заставаўся «скалою», як таго жадаў Хрыстус. Яго глыбокая пакора, што кранілася ў шчыльнай еднасці з Хрыстом, дазволіла яму працягваць весці Касцёл і скіраваць свету пасланне яшчэ больш вымоўнае менавіта ў той час, калі фізічныя сілы ўсё больш яго пакідалі. Так ён незвычайным чынам рэалізаваў пакліканне кожнага святара і біскупа: стаць адным цэлым з Езусам, якога ён штодзённа прымае і ахвяруе ў Эўхарыстыі.

Благаслаўлёны ты, ўмілаваны Папа Яне Паўле ІІ, бо паверыў! Просім цябе, працягвай з неба падтрымліваць народ Божы. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.