Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Віцебску прайшлі парафіяльныя рэкалекцыі
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.04.2011 13:24

«Няхай сыдзе дух Твой і адновіць аблічча гэтай зямлі» — пад такім дэвізам прайшлі парафіяльныя рэкалекцыі ў парафіі Св. Барбары ў Віцебску, якія распачаліся 17 красавіка 2011 г., у Пальмовую нядзелю. Рэкалекцыі правёў вікарый парафіі а. Пётр Рудкоўскі ОР. Яны сталі добрай нагодай духоўна падрыхтавацца да свята Уваскрасення Пана ў святле навучання Яна Паўла II, а таксама да беатыфікацыі Вялікага Папы.

Кожны дзень рэкалекцый быў прысвечаны асобнай тэме. Падчас першай рэкалекцыйнай канферэнцыі пад назвай «Дух-Суцяшыцель пераканае свет наконт граху, справядлівасці і суда» (пар. Ян 16, 8) прагучала думка, што любое аднаўленне трэба пачынаць перш за ўсё з сябе. Калі студэнт-фізік Мацей Зэмба, на сённяшні момант дамініканін, слухаў прамову папы Яна Паўла II на плошчы Перамогі ў Варшаве 2 чэрвеня 1979 г. і пачуў словы «няхай сыдзе дух Твой і адновіць аблічча гэтай зямлі», ён зразумеў, што нешта павінна змяніцца. Але гэтыя змены трэба пачынаць з сябе. Мацей Зэмба разумеў, што, магчыма, у камуністычнай Польшчы яму прыйдзецца пражыць усё сваё жыцце, але з  таго моманту пастанавіў перастаць ілгаць.

…Калі адзін журналіст спытаў у Яна Паўла II, якое яго найбольш улюбёнае месца ў Бібліі, то спадзяваўся пачуць, што гэта будзе ўрывак аб любові Бога, паколькі Ян Павел II вядомы як аўтар шматлікіх публікацый, прысвечаных тэме любові, а таксама часта казаў аб міласэрнасці Бога. Аднак замест гэтага журналіст пачуў: «Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32). Аб вызваляючай моцы праўды гаварылася падчас другога дня парафіяльных рэкалекцый.  

«Дзеля свабоды вас вызваліў Хрыстус!» (Гал 5, 1) — такой была тэма трэцяй канферэнцыі. Свабода замацавана ўнутры чалавека, утварае сутнасць чалавечай асобы і з’яўляецца яе распазнавальным знакам. Несвабодны чалавек — гэта непаўнаспраўны, «адчалавечаны» чалавек. Як адзначалася падчас рэкалекцый, існуюць пэўныя ўзроўні фарміравання чалавека як істоты свабоднай: 1) узровень сумлення (без сумлення — маральна-духоўнага хрыбта — чалавек не можа быць свабодным); 2) узровень выбару, калі чалавек можа рэалізаваць дабро шматлікімі спосабамі; 3) узровень абароны свайго сумлення і свайго выбару (калі вонкавыя сілы прымушаюць чалавека ісці супраць сумлення, свабодны чалавек мае права — і ў нейкім сэнсе абавязак — выступіць супраць несправядлівых абмежаванняў). На ўсе гэтыя тры ўзроўні накладваецца грамадскае вымярэнне чалавечай асобы. Па-сапраўднаму свабодны чалавек, як было падкрэслена, робіць свой уклад у будаванне «нацыянальнага сумлення», гэта значыць дбае пра гістарычную памяць, культуру, мову і традыцыі свайго народа.

Акрамя рэкалекцыйных канферэнцый, віцебскія вернікі мелі магчымасць працягнуць духоўныя практыкаванні дома: на кожны дзень рэкалекцый ім прапаноўвалася прачытаць і паразважаць над фрагментамі з энцыклік Яна Паўла II «Dominum et Vivificantem» («Пана і Жыватворцы»), «Redemptor hominis» («Адкупіцель чалавека») i «Centesimus annus» («Соты год»).    

Кацярына Лаўрыненка     


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў