Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI выказаў спачуванні польскаму народу і даручыў вернікаў Божай міласэрнасці
Слова Папы
12.04.2010 14:33

У разважанні падчас нядзельнай малітвы «Regina Caeli» ў Кастэль Гандольфа, якая адбылася 11 красавіка 2010 г., Святы Айцец Бэнэдыкт XVI даручыў усіх вернікаў «міласэрнаму Пану жыцця» і выказаў спачуванне польскаму народу з нагоды трагічнай смерці Прэзідэнта Леха Качыньскага і іншых ахвяраў катастрофы пад Смаленскам (Расія). Папа нагадаў, што гэтую нядзелю Ян Павел ІІ прысвяціў Божай міласэрнасці.

Па словах Святога Айца, апошні дзень актавы Пасхі адзначаецца радасцю вучняў, якія ўбачылі ўваскрослага Езуса. З даўніх часоў гэты дзень называўся «in albis», ад лацінскай назвы белых шатаў, якую ўскладалі новаахрышчаныя падчас хросту ў велікодную ноч і здымалі праз восем дзён. Папа Ян Павел ІІ прысвяціў гэтую нядзелю Божай міласэрнасці з нагоды кананізацыі с. Фаустыны Кавальскай, што адбылася 30 красавіка 2000 г.

У Евангеллі паводле Яна, як адзначыў Пантыфік, гаворыцца аб тым, што пасля ўваскрасення Хрыстус наведаў сваіх вучняў, увайшоўшы ў вячэрнік пры зачыненых дзвярах. Па словах св. Аўгустына, «замкнёныя дзверы не перашкодзілі ўвайсці гэтаму целу, у якім прабывала Боскасць. Той, які, нарадзіўшыся, пакінуў непарушным дзявоцтва Маці, мог увайсці ў вячэрнік праз зачыненыя дзверы». Святы Грыгорый Вялікі, працягваў Папа, дадае, што Адкупіцель чалавецтва пасля свайго ўваскрасення вярнуўся ў незнішчальнае цела, у стан ласкі. Езус паказвае сляды мукі на сваім целе, дазваляючы Тамашу дакрануцца да іх. Такім чынам, Бог дазваляе нам чэрпаць карысць нават з недаверу, па прыкладзе Тамаша.

Наведаўшы вячэрнік, Езус ідзе далей, каб усе маглі атрымаць дар супакою і жыцця. Таксама Хрыстус дае вучням Духа Святога, моцаю якога яны могуць адпускаць грахі. Місія Касцёла, як падкрэсліў Бэнэдыкт XVI, менавіта ў тым, каб несці ўсім «радасную навіну, радасную рэчаіснасць любові Бога, каб усе верылі, што Езус — Месія, Сын Божы, і, верачы, мелі жыццё».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.