Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Маці Божая Будслаўская — Апякунка Беларусі
Штогод 2 ліпеня адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У апошнія гады культ Маці Божай Будслаўскай шырока распаўсюдзіўся па ўсёй нашай краіне, і вернікі нездарма называюць Яе Апякункаю Беларусі.

Цэнтр святкавання – невялікая вёска на поўначы Мінскай вобласці, назва якой — Будслаў — вядомая сёння ва ўсёй Беларусі і нават далёка за яе межамі. Там, сярод лясоў і балотаў, знаходзіцца нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Велічны будслаўскі касцёл, адна з самых прыгожых і вялікіх святыняў на нашай зямлі, быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі і з’яўляецца малою базылікай. Кожны год у Будслаў ідуць і едуць тысячы пілігрымаў, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю, папрасіць праз Яе заступніцтва асаблівых ласкаў Божых і прыняць удзел ва ўрачыстым будслаўскім фэсце, які становіцца сапраўдным святам веры адроджанага беларускага Касцёла — старажытнага і адначасова маладога.

Напярэдадні першай суботы ліпеня ў Будслаў са спевамі і радаснымі воклічамі адна за адною прыходзяць пілігрымкі. Перш за ўсё яны кіруюцца да санктуарыя, каб падзякаваць Той, якая вяла іх па спёцы і пад дажджом, лагодзячы боль крывавых мазалёў і атуляючы сваёю Матчынаю апекаю ад усіх небяспекаў у дарозе. Кожны пілігрым, які пераадолеў не адзін дзесятак кіламетраў, імкнецца апошнія метры ад уваходу ў святыню да цудоўнага абраза прайсці на каленях, каб выказаць Маці Божай асаблівую пашану.

Жывы паток у святыні не спыняецца і не слабне ні на хвіліну, але з-за вялікай колькасці вернікаў гэтыя некалькі метраў часам займаюць больш за гадзіну. Але гэты час становіцца часам асабліва глыбокай і шчырай малітвы, калі кожны, адчуваючы побач з сабою столькі братоў і сясцёр, разумее, што ўсе мы — дзеці аднаго Нябеснага Айца і маем у небе адну найлепшую Матулю, якая любіць усіх аднолькава. Менавіта ў гэтыя хвіліны з глыбіні сэрцаў узносяцца да Найсвяцейшай Маці самыя запаветныя просьбы, з надзеяй, што праз Яе магутнае заступніцтва яны будуць выслуханыя Найвышэйшым. Пра тое, што гэта — не пустая вера і не марныя надзеі, сведчаць шматлікія цуды, якія на працягу стагоддзяў адбываліся і працягваюць адбывацца ў нашыя дні каля цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

У першы дзень свята амаль кожную гадзіну тут распачынаецца чарговая святая Імша, каб тыя, хто толькі прыйшоў у Будслаў, маглі падзякаваць Пану за магчымасць маліцца ў гэтым святым месцы і прыняць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Тут жа можна паяднацца з Богам і Касцёлам у сакрамэнце пакаяння: у святыні і нават проста пад адкрытым небам з паслугаю святой споведзі чакаюць дзесяткі святароў. Нават калі да канфесіяналаў стаяць чэргі, кожнаму верніку будзе прысвечана столькі часу, колькі неабходна для яго духоўнае карысці.

Пілігрымаў, большасць з якіх — маладыя людзі, без цяжкасці адрозніш у стракатым натоўпе ўдзельнікаў урачыстасці па загарэлых тварах і радасным бляску ў вачах. Цэлы дзень па ўсім Будславе чуваць спевы, вясёлы гоман і смех. Тыя, хто прыйшоў раней, размяшчаюцца на начлег і выходзяць сустракаць новыя групы пілігрымаў. Але большасць з іх так і не лягуць спаць у гэтую ноч. Апоўначы каля святыні, дзе ўзвышаецца прыгожа аздоблены алтар, грандыёзнаю працэсіяй распачнецца ўрачыстая святая Імша. Шматтысячная грамада вернікаў з запаленымі свечкамі ў руках як вогненная стужка ўецца вакол парка перад святыняю. Гэтае велічнае і незабыўнае шэсце — своеасаблівая кульмінацыя пілігрымак і ўсёй урачыстасці. Пасля ўдзелу ў такой Імшы становіцца зразумелым, адкуль у стомленых доўгім шляхам пілігрымаў з’яўляюцца сілы для ўдзелу ў шматгадзінным начным чуванні.

Чуванне і малітвы працягваюцца аж да пачатку галоўнай святой Імшы ўрачыстасці, якую звычайна канцэлебруюць біскупы і некалькі дзесяткаў святароў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Гэтаю Імшою і ўрачыстай працэсіяй завяршаецца цудоўны фэст, каб праз год ізноў вярнуцца ў Будслаў пад поўныя радасці спевы пілігрымаў.

Больш падрабязна пра гісторыю будслаўскай святыні і цудоўнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі можна даведацца на сайце нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе >>>

Адноўлена 27.06.2017 10:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.