Слова Жыцця на май 2012 |
У Старым Запавеце агонь сімвалізуе слова Божае, якое прапаведаваў прарок. Агонь можа таксама азначаць суд Божы, неабходны дзеля ачышчэння народу, які існуе ў Богу. Гэтак жа i са словам Езуса: яно будуе, але ў той жа час руйнуе ўсё, што не мае значэння, усё, што павiнна ўпасцi, усё, што марнае, і пакідае месца толькі для праўды. Ян Хрысціцель, абвяшчаючы хрост Езуса, сказаў пра Хрыста: «Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём» (Лк 3, 16). Упершыню гэта адбылося ў дзень Пяцідзесятніцы, калі быў спасланы Дух Святы, а над Апосталамі з’явіліся вогненныя языкі (пар. Дз 2, 3). Такая місія Езуса: кінуць агонь на зямлю — спаслаць Духа Святога з Яго аднаўленчай і ачышчальнай моцай.
Езус дае нам Духа Святога. Але як Ён гэта робiць? Ён робіць гэта, выліваючы на нас любоў. І хоча, каб гэтая любоў гарэла ў нашых сэрцах. Чым жа адзначаецца гэтая любоў? Гэта любоў не зямная і абмежаваная, а любоў евангельская. Яна ўсеагульная, як любоў Нябеснага Айца, які пасылае дождж і сонца на ўсiх — на добрых і злых, нават на ворагаў. Гэта любоў, якая нічога не чакае ад іншых, але заўсёды праяўляе ініцыятыву, любіць сама, першая. Гэта любоў, якая яднаецца з кожным чалавекам: пакутуе з ім, памiрае з ім, давяраецца яму. І робіць гэта адмыслова, па неабходнасці — праз учынкі. Таму гэта не сентыментальная любоў, яна — не толькі словы. Гэта тая любоў, якая любіць Хрыста ў братах і сёстрах, як сказана ў Пісанні: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Больш за тое, гэтая любоў імкнецца да ўзаемнасці, да ўзаемнай любові з іншымі. Гэтая любоў, бачны і адмысловы выраз нашага жыцця Евангеллем, падкрэслівае і ўзмацняе значэнне слоў, якімi потым можам і павінны прапаведаваць Евангелле.
Любоў падобна да агню. Важна, каб гэты агонь палаў увесь час. А каб так было, трэба заўсёды нешта спалiць — у першую чаргу наша эгаістычнае «я». Мы робім гэта, калі любім, таму што тады мы становімся тварам да іншага — альбо да Бога, выконваючы Яго волю, альбо да бліжняга, дапамагаючы яму. Палымяны агонь, нават маленькi, калі яго падтрымлiваць, можа распаліць вялікае вогнішча — вогнішча любовi, міру, усеагульнага братэрства, якое Езус прынёс на зямлю. К’яра Любіч, |
Адноўлена 03.05.2012 15:06 |