Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на студзень 2013

«Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: „міласэрнасці хачу, а не ахвяры”» (Мц 9, 13)

З 18 па 25 студзеня ў многіх частках свету адбываецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціянаў, у некаторых гэты тыдзень праходзіць на Спасланне Святога Духа. Словы з кнігі Міхея: «Чаго Бог патрабуе ад цябе?» (Міх 6, 6-8) будуць дэвiзам наступнага тыдня малітвы аб хрысціянскім адзінстве. К’яра Любіч звычайна пісала каментары да абраных вершаў Бібліі. Дзеля захавання гэтага яе ўкладу прапануем як Слова Жыцця наступны тэкст каментара да Евангелля ад Мацвея 9.13, напiсаны ёю ў ліпені 1996 года, які можа дапамагчы ў разуменні абранага дэвiзу.

«Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: „міласэрнасці хачу, а не ахвяры”» (Мц 9, 13)

«... міласэрнасці хачу, а не ахвяры».

Памятаеце, калі Езус сказаў гэтыя словы?

Ён сядзеў за сталом, і некалькі мытнікаў і грэшнікаў сядзелі разам з Ім. Убачыўшы гэта, фарысеі, якія прысутнічалі там, пыталiся ў вучняў Ягоных: «Чаму ваш Настаўнік есць з мытнікамі і грэшнікамі?» А Ён, пачуўшы гэтыя словы, адказаў:

«Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: „міласэрнасці хачу, а не ахвяры”»


Езус цытуе тут выказванне прарока Асіі і тым прызнае, што Яму падабаецца сэнс гэтых словаў. Падабаецца таму, што ў iх адлюстроўваецца той прынцып, якога Ён сам прытрымлiваўся: што любоў большая за ўсе іншыя запаведзі, правілы і загады.

Вось гэта i ёсць хрысціянства! Езус прыйшоў абвясціць, што Бог патрабуе ад цябе ў адносiнах да іншых людзей — мужчын і жанчын — перш за ўсё любовi, а таксама напамiнае, што воля Божая ўжо была выказана раней у Пісанні, аб чым сведчаць словы прарока.

Любоў ёсць для кожнага хрысціянiна праграмаю жыцця, падмуркам паводзiн, крытэрыем ягоных дзеянняў.

Любоў заўсёды павінна быць першай, апярэджваць іншыя прынцыпы паводзін. Больш за тое, любоў да бліжняга павінна быць для хрысціянiна трывалай асновай, дзякуючы якой можа быць уведзена ў жыццё кожная iншая норма.

«... міласэрнасці хачу, а не ахвяры».


Езус прагне любові, а міласэрнасць з’яўляецца яе выразам.

Ён хоча, каб хрысціянiн жыў так перадусiм таму, што Бог ёсць любоўю.

Па словах Езуса, Бог ёсць самым міласэрным, ёсць Айцом, які любіць усіх, якi робіць, каб сонца свяціла і дождж падаў на добрых і на злых.

Езус любіць усіх, i таму не баiцца быць з грэшнікамі, праз гэта паказваючы нам, кiм ёсць Бог.

Бо калі Бог так любіць, калі Езус так любіць, то i мы павінны любіць гэтаксама.

.«.. міласэрнасці хачу, а не ахвяры».

«... а не ахвяры».
 
Калі ты не любіш брата, Езусу не падабаецца твая пабожнасць. Ён не прымае тваёй малітвы, удзелу ў Эўхарыстыі, ахвяр, якія, магчыма, складаеш, калі ўсё гэта не выплывае з твайго сэрца, напоўненага любоўю і жыццём у супакоі з усімі.

Памятаеш Ягоныя моцныя словы ў Нагорнай пропаведзі? «Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі найперш памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой» (Мц 5, 23-24).

Кажуць, што формай пабожнасці, якая найбольш падабаецца Богу, ёсць любоў да бліжняга, у ёй павінна выказвацца таксама пакланенне Богу.

Калі б ты хацеў нешта падараваць свайму бацьку, а быў бы ў спрэчцы са сваiм братам (альбо брат з табою), што б сказаў бацька? «Найперш прымірыся з братам, а потым прыйдзі і дай мне тое, што хацеў даць».

Але ж справа не толькі ў гэтым. Любоў не з’яўляецца адзінаю асновай хрысціянскага жыцця. Любоў — гэта самая простая дарога да паяднання з Богам. Аб гэтым кажуць святыя, сведкі Евангелля, якiя папярэднічалi нам, у гэтым пераконваюцца і сучасныя хрысціяне, якiя рэалізуюць сваю веру ў жыццi. Калі дапамагаем сваiм братам, асабліва тым, хто патрабуе дапамогi, наша пабожнасць узрастае, наша з’яднанне з Богам становіцца мацнейшым, адчуваем сувязь з Богам, і менавiта гэта прыносіць найбольшую радасць.

«... міласэрнасці хачу, а не ахвяры».

Як жа нам жыць гэтым новым Словам Жыцця?

Не рабі адрозненняў паміж людзьмі, нікога не закрэслівай, але кожнаму ахвяруй усё, што можаш даць, наследуючы ў гэтым Айца. Завяршы вялікія і маленькія сваркі, якія не падабаюцца Небу і нават атручваюць тваё жыццё, не дазваляй, каб, як гаворыцца ў Бібліі, сонца садзілася ў тваiм гневе супраць хоць якойсьці асобы (пар. Эф 4, 26).

Калі будзеш так паступаць, усё, што зробіш, будзе заўгодна Богу і застанецца навечна. Цi працуеш, ці спiш, адпачываеш альбо вучышся, займаешся дзецьмi альбо гуляеш з жонкай ці мужам, молішся, святкуеш, адпраўляеш рэлігійныя практыкі, якiх патрабуе тваё хрысціянскае пакліканне, — усё гэта, сапраўды ўсё, будзе справаю Валадарства Нябеснага.

Неба — гэта дом, які будуецца тут, на зямлі, а жыць у ім — будзем там. I будуецца ён з любовi.

К’яра Любіч
Апублiкавана: «Nowe Miasto» 1996/3

 

Адноўлена 01.01.2013 13:17
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.