Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на лiпень 2013

«Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе» (Гал 5, 14)1

Гэтае слова святога апостала Паўла — кароткае, сціслае, прыгожае і поўнае святла.

Яно кажа нам, якой павінна быць сутнасць паставы хрысціяніна і што заўсёды павінна натхняць яго: любоў да бліжняга.

У рэалізацыi гэтай запаведзі апостал бачыць поўнае выкананне закона. Таму што закон кажа: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не пажадай... а вядома, што той, хто любіць, не забівае, не крадзе...

«Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе»


Тым не менш, таму, хто любіць, недастаткова толькі пазбягаць зла. Той, хто любіць, адкрыты для іншых, ён хоча дабра і робіць дабро, аддае сябе, ажно да аддання жыцця за любімага чалавека.

Вось чаму святы Павел кажа, што любоў да бліжняга ўключае не толькі выкананне закона, але ўсю яго «паўнату».

«Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе»

Калі ўвесь закон заснаваны на любовi да бліжняга, то іншыя запаведзі варта разглядаць як дапамогу: як святло і дарожныя знакі ў заблытаных жыццёвых сітуацыях, каб знайсці шлях любові да блiжнiх. Трэба ўмець прачытаць у іншых запаведзях намеры Бога і Ягоную волю.

Бог хоча, каб мы былі паслухмяныя, чыстыя, заклапочаныя, ціхiя, міласэрныя, бедныя... дзеля лепшай рэалізацыі запаведзi любові.

«Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе»


Можна было б спытаць: чаму апостал нават не кажа пра любоў да Бога?

Любоў да Бога і любоў да бліжняга не канкурыруюць паміж сабою. Больш за тое, любоў да бліжняга з’яўляецца выразам Божай любові. Любіць Бога азначае спаўняць Яго волю, а Ягоная воля ў тым, каб мы любілi нашых блiжнiх.

«Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе»

Як жыць гэтымі словамі?

Зразумела: любіць блiжняга, сапраўды любіць яго.

Гэта значыць: быць для яго дарам, але дарам бескарыслiвым.

Не любіць той, хто паслугоўвае бліжнiм для дасягнення сваіх мэтаў, няхай сабе нават самых духоўных, такіх, як, напрыклад, ўласнае асвячэнне. Трэба любіць бліжніх, а не сябе самога.

Пры тым няма сумнiваў, што той, хто любіць так, на самой справе стане святым. Будзе «дасканалым, як Айцец», таму што ён зрабіў тое, што толькi мог зрабіць найлепшага: зразумеў сутнасць волі Божай, рэалiзаваў яе, цалкам выканаў закон.

Цi ж пад канец нашага жыцця не будзем мы выпрабоўвацца выключна з любові?

К’яра Любiч
апублiкавана ў «Città Nuova» 1983/10, p. 40.

1. Параўнаць: Не помсці і не май намыслу на сыноў народу твайго, любі бліжняга твайго, як самога сябе. Я Пан. (Лявіт 19, 18).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.