Прэзентацыя
Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові (Ян 15, 10)
Гэтыя словы ўзяты з доўгай прамовы, запiсанай у чацвёртым Евангеллі (Ян 13, 31-17,26), з якою Езус звярнуўся да сваіх вучняў пасля Апошняй Вячэры. У прамове падкрэсліваецца, што захаванне Ягоных запаведзяў дазваляе нам заставацца ў Ягонай любові. Прыведзеныя словы адсылаюць нас да аднаго з папярэдніх вершаў, дзе Езус кажа сваім апосталам: "Калі любіце Мяне, запаведзі Мае будзеце захоўваць» (Ян 14, 15). Бачна, што любоў да Езуса павінна быць прычынай, коранем, з якога вырасце захаванне Ягоных запаведзяў.
З гэтага вынікае своеасаблiвая зваротная сувязь паміж любоўю да Езуса і захаваннем Ягоных запаведзяў. Любоў да Езуса схiляе нас жыць з кожным разам усё больш верна Ягоным Словам, у той жа час Слова Езуса, здзейсненае на практыцы, дазваляе нам трываць у любові да Яго і, урэшце, усё больш і больш узрастаць у ёй.
Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові
«Заставацца ў Ягонай любові». Што Езус хацеў гэтым сказаць?
Няма сумнiваў, Ён хоча сказаць, што выкананне Ягоных запаведзяў з’яўляецца знакам, доказам таго, што мы - Ягоныя верныя сябры. Гэта ўмова таго, што Езус адкажа нам узаемнасцю на нашае сяброўства і дасць нам сваё. Але здаецца, што Езус хоча сказаць нешта яшчэ, i менавіта тое, што выкананне Яго запаведзяў нараджае ў нас тую любоў, якая ўласцiвая для Яго самога. Ён паказвае нам той шлях любові, якi мы бачым праз усё Ягонае зямное жыццё: тую любоў, якая рабіла Езуса адзіным з Айцом, і ў той жа час пабуджала Яго ўвасабляцца і быць адзiным са сваімі братамі, асабліва з найменшымі, самымi слабымi і абяздоленымi.
Любоў Езуса была любоўю, якая лечыць усе раны душы і цела, дае свет і радасць у кожнае сэрца, пераадольвае ўсе падзелы і паўсюль прыносiць братэрства і адзінства.
Калі мы будзем уключаць у свае ўчынкi слова Езуса, Ён сам будзе жыць у нас i адначасова зробіць нас прыладамi сваёй любові.
Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові
Як жа мы будзем жыць Словам Жыцця ў гэтым месяцы? Будзем увесь час памятаць пра мэту, якую яно нам вызначае, сапраўды будзем імкнуцца да жыцця хрысціянскага, якое не задавальняецца пасрэдным, халаднаватым і знешнім выкананнем запаведзяў, але напаўняецца велікадушнасцю. Так дзейнічалі святыя і таму сталiся жывым Словам Бога.
Давайце ў гэтым месяцы абярэм адно Ягонае Слова, адну Ягоную запаведзь і паспрабуем ажыццявiць яе ў сваiх дзеяннях.
А паколькi новая запаведзь Езуса («Любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас») з’яўляецца ў пэўным сэнсе сэрцам і квiнтэсэнцыяй усіх запаведзяў Езуса, давайце жыць ёю з усiм радыкалізмам.
К’яра Любiч апублiкавана ў „Città Nuova”, 1994/3.
|