Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на жнiвень 2014

Прэзентацыя

Даруй крыўду блiжняму твайму, i тады па малiтве тваёй адпусцяцца грахi твае (Сiр 28, 2)

Гэтае Слова Жыцця ўзята з аднае кнігi Старога Запавету, напісанай паміж 180 і 170 гг. да нараджэння Хрыста Бэн Сiрам, мудрацом, кніжнікам, які займаў пасаду настаўніка ў Ерузалеме. Яно прадстаўляе сабой тэму, якая шануецца праз усю біблейскую традыцыю «мудрасцi»: Бог міласэрны да грэшнікаў, - і мы павінны пераймаць Ягоныя паводзіны. Пан даруе нам усе правіны, таму што Ён «міласэрны i ласкавы, доўгацярплівы і вельмі добразычлівы» (пар. Пс 103, 3, 8).

Бог «закрывае вочы на людскiя грахі» (пар. Mдр 11, 24), каб не бачыць іх, забыцца пра іх, «бо Ён адкідае iх ад сябе». На самой справе Ён - як піша далей Бэн Сір, - ведаючы нашу мiзэрнасць i беднасць, «памнажае прабачэнне». Бог даруе таму, што, як кожны бацька, як кожная маці, хоча дабра для сваіх дзяцей, і таму заўсёды даруе, хавае нашыя памылкі, давярае нам і дадае адвагі, нiколi не стамляючыся.

Паколькi Бог ёсць i бацькам, і маці, то Яму недастаткова толькi любiць сваiх сыноў і дачок і прабачаць iм. Яго вялікае жаданне ў тым, каб яны ўзаемна ставiлiся адзін да аднаго як браты і сёстры, жылі ў згодзе, былі добрымі і любілi адзін аднаго. Паўсюднае братэрства - гэта вялікі план Бога для чалавецтва. Братэрства мацнейшае, чым непазбежныя падзелы, напружанасцi, крыўды, якія так лёгка ўкрадваюцца з-за непаразумення і памылак.

Часта з-за таго, што мы не можам дараваць адзiн аднаму, даходзiць да распаду сям'і. Старыя крыўды падтрымліваць разлады паміж сваякамі, паміж сацыяльнымі групамі і паміж краінамі. Часам маладым проста загадваюць, каб не забывалiся пра гэтыя старыя крыўды, узбуджаюць жаданне адпомсціць ... І атрутная агіда забруджвае душу і распальвае сэрца.

Нехта можа падумаць, што прабачэнне з'яўляецца слабасцю. Не, прабачэнне ёсць выразам найвышэйшай адвагі, ёсць сапраўднаю любоўю, самаю сапраўднаю, таму што яна цалкам бескарыслівая. «Калі вы любіце тых, што любяць вас, то якая вам узнагарода?» - кажа Езус. Бо ўсе ведаюць, як зрабіць: «Любіце ворагаў вашых» (пар. Mц 5, 42-47).

Таксама i мы, навучыўшыся ад Езуса, павінны мець любоў бацькі, любоў маці, любоў, міласэрную да тых, з кім мы сустракаемся на працягу дня, асабліва да тых, хто заблудзiўся.

Ад тых, хто пакліканы жыць духоўнасцю адзінства, хрысціянскай духоўнасцю, Новы Запавет патрабуе чагосьцi большага: «Даруйце адзін аднаму ўзаемна» (пар. Kлс 3, 13). Узаемная любоў патрабуе спецыяльнага пагаднення паміж намі, каб мы заўсёды былі гатовыя дараваць адзін аднаму. Толькі ў гэтым выпадку мы будзем спрыяць стварэнню ўсеагульнага братэрства.

Даруй крыўду блiжняму твайму, i тады па малiтве тваёй адпусцяцца грахi твае


Гэтыя словы не толькі заахвочваюць нас да прабачэння, але і нагадваюць нам, што яно з'яўляецца неабходнай умовай для таго, каб і нам было даравана. Бог слухае нас і прабачае ў такой ступені, у якой мы самі ўмеем дараваць іншым. Сам Езус папярэджвае нас: «Якім судом вы судзiце, такім і вас асудзяць» (Мц 7, 2). «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7). А калі сэрца закамянела ад нянавісцi, яно наогул не ў стане нi распазнаць, ні прыняць міласэрную любоў Бога.

Як жа нам жыць гэтым Словам Жыцця? Напэўна, даруючы неадкладна, калі ёсць хтосьці, з кім мы яшчэ не пагадзiлiся. Але гэтага недастаткова. Нам трэба будзе ўвайсці ў самыя аддаленыя куточкi свайго сэрца, каб выдаліць звыклую абыякавасць, выправiць недахоп дабра цi хоць якую паставу пыхлiвасцi альбо пагарды да тых, хто каля нас.

I нават больш за тое – нам трэба дзейнічаць наўпярод. Давайце кожную раніцу глядзець новым поглядам на людзей, якіх сустракаем у сям'і, у школе, на працы, у краме, i будзем гатовыя не заўважаць таго, што мы не прымаем у іх паставе, каб не асуджаць, але адорваць даверам, заўсёды давяраць, заўсёды верыць. Давайце падыходзiць да кожнага, маючы ў сэрцы безумоўную любоў, дасканалае прабачэнне. Не будзем памятаць пра ягоныя недахопы, але ахопліваць усё любоўю. На працягу ўсяго дня будзем старацца выпраўляць кожную нашу нязграбнасць альбо праяву нецярплiвасцi просьбай аб прабачэнні ці жэстам добразычлiвасцi. Рэфлекторнае непрыманне кагосьцi паспрабуем замяніць поўным прыняццем, бязмернай міласэрнасцю, поўным прабачэннем, зацікаўленасцю і ўвагай да ягоных патрэбаў.

I тады, калі мы скіруем свае малітвы да Айца - асабліва, калі будзем прасiць Яго аб прабачэнні нашых памылак, - мы ўбачым, што гэтыя просьбы будуць выслуханы. I  зможам з поўным даверам сказаць: «Адпусцi нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым» (Mц 6, 12).

К’яра Любiч,
Апублікавана ў „Nowe Miasto” 2002, № 4.

Адноўлена 01.09.2014 15:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.