Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на верасень 2014

Прэзентацыя

Прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай (Рым 15, 7)

Гэтыя словы - адна з апошнiх парад, скiраваных святым Паўлам да хрысціян у Рыме, у лісце да іх. Супольнасць у Рыме, як і ўсе раскіданыя па тагачасным грэка-рымскім свеце, складалася з вернікаў, якія прыйшлі часткова ад паганства, часткова ад юдаізму, таму яны мелі розную ментальнасць, рознае культурнае выхаванне і розную духоўнасць. Гэтая разнастайнасць была прычынаю для асуджэння, забабонаў, дыскрымінацыi і неталерантнасцi ў адносінах памiж iмi, што, безумоўна, супярэчыла той узаемнай дабрыні, якой Бог ад іх чакаў.

Апостал не знаходзiць больш эфектыўнага сродку, каб дапамагчы ім пераадолець гэтыя цяжкасці, як толькi схiліць іх задумацца аб ласцы навяртання. Тое, што Езус паклiкаў іх да веры, даўшы ім дар свайго Духа, было вiдавочным доказам любові, якою Езус агарнуў кожнага з іх. Нягледзячы на іх мінулае і незалежна ад іх паходжання, Езус прыняў іх, каб зрабіць іх адным целам.

Прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай.


Гэтыя словы святога Паўла адкрываюць нам адну з самых кранальных рысаў любові Езуса. Такой любоўю Езус атуляў усiх людзей падчас свайго зямнога жыцця, асабліва людзей самых аддаленых, адкiнутых і патрабуючых. Дзякуючы гэтай любовi Езус шчодра адорваў кожнага сваёй блізкасцю, даверам, сяброўствам, ламаў адзін за адным бар’еры пыхлiвасцi і эгаізму ў тагачасным грамадстве. Езус стаўся ўвасабленнем бязмежна адкрытай любовi Нябеснага Айца да кожнага з нас і, урэшце, той любовi, якою мы павінны любіць адзін аднаго. Такая ёсць першая воля Айца для нас; i мы не можам аддаць Яму большае хвалы, чым намагацца прымаць адзiн аднаго так, як Езус прыняў нас.

Прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай.


Як жа нам жыць Словам Жыцця ў гэтым месяцы? Яно звяртае нашу ўвагу на найбольш распаўсюджаны і - скажам шчыра - самы цяжкі для пераадолення аспект нашага эгаізму, а менавіта на схiльнасць да замыкання ў сабе, да дыскрымінацыі, да непрыняцця іншых, калі яны адрозніваюцца ад нас і могуць парушыць наш супакой.

Давайце пастараемся жыць гэтым Словам Жыцця найперш у нашых сем'ях, групоўках, супольнасцях, на працы, перамагаючы ў сабе такія лёгкiя і так частыя забабоны, асуджэнні, нецярпімасць да кагосьці з блiжнiх, бо гэтыя рысы, з’яўляючыся перашкодай для ўзаемнай любові, пагаршаюць і знішчаюць - як іржа - сувязі паміж людзьмі.

Паспрабуем цалкам выкарыстоўваць гэта i ў грамадскiм жыццi, загадваючы сабе быць сведкамi клапатлiвай і ўсеабдымнай Хрыстовай любовi для кожнага чалавека, якога Пан паставіць каля нас, і асабліва для тых, хто праз агульны эгаізм найчасцей адкінуты і пагарджаны.

Адкрытасць на іншых, на тых, што адрозніваюцца ад нас, няхай будзе нам падставай для хрысціянскай любові. Бо гэта з’яўляецца адпраўным пунктам, першым крокам у пабудове цывілізацыі любові, культуры, адзінства і паяднання, да якiх Езус заклікае нас, асабліва сёння.

К’яра Любiч,                                                                
Апублiкавана ў „Nowe Miasto” 1992, № 22


Адноўлена 01.09.2014 15:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.