Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на кастрычнiк 2014

Прэзентацыя >>>

“Я – хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, нiколi не будзе прагнуць” (Ян 6, 35)

Пасля памнажэння хлябоў - як распавядае апостал Ян у Евангеллі - Езус у сваёй вялікай прамове ў Капернауме кажа, сярод іншага: «Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы» (Ян 6, 27).

Слухачы разумелі, што гэтыя словы адносяцца да манны ў пустыні, а таксама да чакання «іншай манны», якая сыйдзе з нябёсаў у месіянскія часы.

Далей у той жа прамове Езус кажа пра сябе натоўпу, які яго не разумее, што Ён з’яўляецца сапраўдным хлебам, які сышоў з нябёсаў, і што гэты хлеб можна спажываць толькі праз веру:

Я – хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, нiколi не будзе прагнуць.

Езус кажа пра сябе, што з’яўляецца хлебам. I гэта ў рэшце рэшт ёсць галоўнай прычынай Яго прыходу на зямлю. Стацца хлебам дзеля спажывання. Быць хлебам, каб перадаць нам сваё жыццё, каб мы ператварыліся ў Яго. Аж да гэтага часу духоўны сэнс гэтых словаў лепей зразумець праз суадносiны са Старым Запаветам. Словы Езуса становяцца больш таямнiчымi і цяжкiмi, калі Ён пачынае гаварыць пра сябе: «Хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету» (Ян 6, 51), і «калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крывi Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця» (Ян 6, 53).

Гэтыя словы ёсць запаветам Эўхарыстыі; i гэты запавет выклікаў шок і адыход многіх вучняў. Але гэта найвялікшы дар, які Езус хоча пакінуць чалавецтву: сваю прысутнасць у таямніцы Эўхарыстыі, якая сілкуе душу і цела, дае паўнату радасці праз паяднанне з Езусам.

Для насычаных гэтым хлебам ужо не можа існаваць анiякi iншы голад. Кожнае нашае прагненне любові і праўды насычае Той, хто сам ёсць і Любоўю, і Праўдай.

Я – хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, нiколi не будзе прагнуць.

Так, гэты хлеб цяпер ужо корміць нас Iм, ён дадзены нам, каб цяпер i мы, у сваю чаргу, маглi задаволіць духоўны і матэрыяльны голад тых, хто вакол нас.

Свет атрымлівае пасланне Хрыста не толькi праз Эўхарыстыю, але i праз жыццё хрысціян, якiя ўмацоўваюцца i Эўхарыстыяй, і Словам. Яны абвяшчаюць Евангелле сваім жыццём і словамі, і праз гэта Хрыстус прысутнiчае сярод людзей.

Жыццё хрысціянскай супольнасці праз Эўхарыстыю становіцца жыццём Езуса, жыццём, якое здольна даваць іншым любоў, даваць Божае жыццё.

Я – хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, нiколi не будзе прагнуць.


Праз гэтую метафару хлеба Езус вучыць нас сапраўднаму жыццю,  таму, як больш “па-хрысціянску” палюбіць бліжняга.

Што ж на самой справе азначае любiць?

Любiць азначае “стацца адным” з усімі, стацца адным ва ўсім, чаго прагнуць  нашыя блiжнiя, нават у найменшых рэчах. Бо магчыма, што для нас яны азначаюць няшмат, але для іх яны ёсць чымсьцi важным.

Так Езус дзіўным чынам дае прыклад такой любові, становячыся хлебам для нас. Ён стаўся хлебам, каб увайсці ва ўсiх, каб стацца прыдатным для спажывання, каб стацца адным з усімi, каб служыць, каб любіць усіх.

Дык давайце гэтаксама станемся адным з iншымi, ажно так, каб “даць сябе  спажываць”.

Бо гэта ёсць любоў - стацца адным так, каб іншыя адчувалi сябе насычанымi нашаю любоўю, узмоцненымi, падтрыманымі, зразуметымi.

К’яра Любiч
Апублiкавана Nowe Miasto 2000, nr 3.

Адноўлена 06.10.2014 12:46
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.