Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на лiстапад 2014

Прэзентацыя >>>

«У Табе крыніца жыцця» (Пс 36, 10)

[…]

Гэтае Слова са Святога Пісання кажа нам нешта настолькi важнае і неабходнае, што можа стаць прыладаю для ўзаемнай згоды і паяднання.

Перш за ўсё нам сказана, што ёсць толькі адна крыніца жыцця — сам Бог. З Яго, з Яго творчай любові, паўстаў сусвет, і Ён учынiў яго домам для чалавека.

Ён даў нам жыццё з усімі яго дарамі. Псальміст, якi ведае цяжар і засуху пустыні, ведае таксама i тое, што азначае крыніца вады з квітнеючым вакол яе жыццём, i не можа знайсці больш яскравага параўнання, каб апісаць прыгажосць стварэння, якое, як рака, нараджаецца з улоння Айца.

Таму выплывае з Ягонага сэрца гімн хвалы і падзякі. Гэта першы крок, якi мы павiнны зрабіць, і першы ўрок, якi мы можам атрымаць са словаў псальма: пакланяцца Богу і дзякаваць Яму за Ягоную працу, за веліч космасу і за чалавека, які ёсць Ягонаю славай і адзінаю істотай, якая можа Яму сказаць:

У Табе крыніца жыцця

Але любячы Айцец не абмежаваўся толькi вымаўленнем Слова, дзякуючы якому ўсё было створана. Ён захацеў, каб Ягонае ўласнае Слова прыняло нашу плоць. Бог, адзіны сапраўдны Бог, у Хрысце стаўся чалавекам і прынёс на зямлю крыніцу жыцця.

Крыніца усялякага дабра, усялякага існавання і ўсялякай радасці стала жыць сярод нас, каб мы мелi Яго, так бы мовіць, пад рукой. «Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку» (Ян 10, 10). Ён напоўнiў сабою ўсе часы і прасторы нашага існавання. I пажадаў такiм чынам застацца з намі назаўжды, каб мы маглi распазнаць Яго ў шматлікіх постацях.

Часам нам прыходзіць на думку: «Як добра было б жыць у часы Езуса!» Толькi Ягоная любоў знайшла спосаб застацца не на маленькім кавалачку Палесціны, але і ва ўсіх месцах зямлі. Ён стаў прысутны ў Эўхарыстыі, як і абяцаў. I мы можам радавацца ў Ім, карміцца Iм, аднаўляючы нашае жыццё.

У Табе крыніца жыцця

Яшчэ адна крыніца, з якой мы чэрпаем жывую прысутнасць Бога, — гэта нашыя браты і сёстры. Калі мы выкажам любоў да кожнага спатканага чалавека, асабліва да таго, хто мае патрэбу ў дапамозе, ён не можа стацца нашым даўжнiком, але павiнен лiчыцца нашым дабрачынцам, таму што гэта ён дае нам Бога. Бо любячы Езуса ў ім [«Я быў галодны (...), прагнуў (...), быў падарожным (...), быў у вязніцы (...)»] (Мц 25, 31-40) мы наўзамен атрымлiваем Ягоную любоў, Ягонае жыццё, бо Ён сам, прысутны ў нашых братах і сёстрах, з’яўляецца крыніцай жыцця.

Багатай крыніцай гэтай вады таксама ёсць i прысутнасць Бога ў нас. Ён увесь час гаворыць з намі, і толькі ад нас залежыць, ці слухаем мы гэты голас. На самой справе гэта голас сумлення. I чым больш мы стараемся любіць Бога і бліжняга, тым больш ясным становіцца гэты голас, пераўзыходзячы ўсе іншыя. Ёсць нават пэўны асаблівы момант, калі мы можам, як нiколi, адчуць Яго прысутнасць у сабе: менавiта падчас малітвы, калі мы намагаемся ўвайсці ў найбольш непасрэдны кантакт з Ім, якi жыве ў глыбінях нашай душы. Гэта падобна да ўнутранага патоку вады, які ніколі не высыхае, якога мы заўсёды можам дасягнуць, які можа нас напаіць у кожны момант. Дастаткова на хвіліну закрыць акенца душы і засяродзіцца, каб знайсці гэты струмень, нават у сярэдзіне сухой пустыні. I калi мы дойдзем да гэтага паяднання з Ім, то адчуем, што мы ўжо не адны, але разам, удваiх: Ён ува мне, і Я ў ім. Бо мы — праз Ягоны дар — адно, як вада і паток, як кветка і насенне.

Няхай жа Слова гэтага псальма нагадвае нам, што толькі Бог з’яўляецца крыніцай жыцця, а тады поўнай еднасці, супакою і радасці. Чым больш мы будзем чэрпаць з гэтага патоку, тым больш будзем піць жывую ваду, якой ёсць Ягонае Слова, тым больш будзем набліжацца адзін да аднаго і жыць, як браты і сёстры. Тады споўнiцца тое, аб чым кажа псальм: «калі асвятліш нас, мы будзем жыць у святле», у тым святле, якога так не хапае чалавецтву. [...]

К’яра Любiч
Апублiкавана цалкам у Nowe Miasto 2001, nr 6.


Адноўлена 03.11.2014 15:19
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.