Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на чэрвень 2015

Прэзентацыя >>>

«Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе» (Лк 10, 41-42).

Колькi пачуцця ў паўтарэннi гэтага імя: Марта, Марта... Дом у Бэтаніі, каля брам Ерузалема, месца, дзе Езус звычайна спыняўся і адпачываў са сваімі вучнямі. Звонку, у горадзе, Ён павінен быў дыскутаваць, сустракаўся з супраціўленнем і непрыняццем, а тут наадварот - знаходзiў мір і гасціннасць.

Марта — жанчына знаходлівая і актыўная. Гэткаю ж мы бачым яе нават пасля смерці брата, калі яна распачынае размову з Езусам, падчас якой ажыўлена задае Яму простыя пытанні. Гэтая дужая жанчына выказвае вялікую веру. На пытанне: Ці верыш у тое, што Я ёсць уваскрасенне і жыццё? - яна адказвае без ваганняў: Так, Пане! Я цвёрда веру ў гэта (пар. Ян 11, 25-27).

Марта занята падрыхтоўкаю да таго, каб годна прыняць Настаўніка і Яго вучняў. Яна гаспадыня ў хаце (аб чым кажа само яе імя: Марта азначае гаспадыня дома), яна адчувае сябе адказнай за ўсё. Верагодна, падрыхтавала вячэру для ганаровага госця. А яе сястра, Марыя, пакінула яе сам-насам з яе мітуснёй. Гэта не адпавядае звычаям на Усходзе - замест таго, каб быць на кухні, яна разам з мужчынамі слухае Езуса, седзячы ля Яго ног, як выдатніца. Таму крыху пакрыўджаная Марта пытаецца: Пане, Цябе не хвалюе, што мая сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагала мне (Лк 10, 40). І так сардэчна і нават пераканаўча гучыць адказ Езуса:

«Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе».

Цi быў Езус задаволены iнiцыятыўнасцю і шчодрым услужэннем Марты? А, можа, калi б Яму не спадабалася яе праставатая гасціннасць, не скаштаваў бы з ахвотаю тыя стравы, якія яна прыгатавала? Неўзабаве пасля гэтай падзеі Ён будзе хваліць у прыпавесці эканомаў, слуг і падначаленых, якія могуць прывесці да памнажэння талентаў і распараджацца дабром (Лк 12, 42; 19, 12-26). Нават хваліць іх хітрасць (пар. Лк 16, 1-8). Напэўна, не мог Ён не цешыцца, бачачы жанчыну настолькі поўную ініцыятывы, здольную шчодра прыняць гасцей.

У той жа час Ён ганіць неспакой і мiтусню, якiя суправаджаюць яе працу. Марта знервавалася, “занятая многімi паслугамі” (Лк 10, 40), страціла спакой. Ужо не яна кiруе працай, але праца яе перамагла i тыранiзуе. Яна перастала быць свабоднаю, сталася рабыняю сваёй працы.

Цi не здараецца і нам заблукаць у тысячах рэчаў, якія мы павінны зрабіць? Прыцягваюць нас, але i адцягваюць нашую ўвагу iнтэрнэт, чаты, непатрэбныя эсэмэскi, нават тады, калі мы павінны заняцца сур’ёзнымі абавязкамі. Яны могуць так адцягнуць, і нават паглынуць нас так, што мы забываемся звяртаць увагу на іншых, не слухаем людзей, блізкіх нам. Небяспечна тут, перш за ўсё, тое, што мы можам забыцца, дзеля чаго і для каго мы працуем. Праца і іншыя заняткi становяцца мэтаю самі па сабе.

Таксама можа здарыцца, што падчас складаных праблем і сітуацый, якiя тычацца сям’i, эканомікi, кар’еры, школы, нашай будучынi і будучынi нашых дзяцей, нас так моцна агортваюць страхi і трывогі, што мы забываемся пра словы Езуса: Таму не турбуйцеся і не кажыце: “што нам есці?” або: “што піць?” або: “ў што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым (Мц 6, 31-32). I мы таксама заслугоўваем папрок Езуса:

«Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе».

Чым жа ёсць тая адзіная рэч, якая нам патрэбна? Трэба слухаць словы Езуса i жыць iмi. Вышэй iх, вышэй Таго, хто іх прамовiў, нельга ставiць абсалютна нічога. Праўдзiвым спосабам пачаставаць Пана, запрасiць Яго ў свой дом ёсць слуханне і прыняцце таго, што Ён кажа. Так, як гэта рабіла Марыя, калi, забыўшыся пра ўсё, яна села каля Яго ног і не згубiла аніводнага з Ягоных слоў. Таму не можа кіраваць намі жаданне “паказацца” або валадарыць, але толькi жаданне дагадзіць Яму, служыць будаванню Яго валадарства.

Мы таксама, як і Марта, пакліканы зрабіць шмат рэчаў на карысць іншых. Езус вучыў нас, што Айцец радуецца, калі мы прыносім багаты плён (Ян 15, 8) і нават робім рэчы большыя, чым Ён (Ян 14, 12). Таму Ён чакае ад нас адданасці, запалу на працы, якую даў нам выконваць, вынаходлівасці, адвагі, прадпрымальніцтва. Аднак без трывогі і нервовасці, захоўваючы супакой, якi нараджаецца з усведамлення таго, што мы выконваем волю Бога.

Таму важна толькі тое, каб мы сталіся вучнямі Езуса, дазволiлi Яму жыць у сабе, старанна слухалi Яго прапановы, Яго пяшчотны голас, які кiруе намi момант за момантам. Такім чынам Ён будзе кіраваць кожнаю нашай справай.

Iдучы за словамi Езуса, робячы шмат рэчаў, мы не будзем распарушаныя і заблытаныя, бо нашымi дзеяннямі будзе кіраваць толькі любоў. I ва ўсялякіх справах мы заўсёды будзем рабіць толькі адно: любiць.

А. Фабiа К’ярдзi

Адноўлена 03.06.2015 11:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.