Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на лiпень 2015

Прэзентацыя >>>

“Будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16, 33)

Так заканчваецца развітальнае слова, скiраванае Езусам да вучняў на Апошняй Вячэры, пасля чаго Ён быў адданы ў рукі тых, хто выдаў Яго на смерць. Гэта быў кароткі дыялог, у якім Езус адкрыў найглыбейшую рэальнасць сваёй сувязі з Айцом, а таксама рэальнасць місіі, даручанай Яму Айцом.

Езус пакідае зямлю і вяртаецца да Айца, а вучнi застаюцца ў свеце працягваць Ягоную справу. Iх таксама, як i Яго, будуць ненавідзець, пераследаваць, нават выдаваць на смерць (пар. Ян 15; 18, 20; 16, 2). Іх місія будзе складанаю гэтак жа, як i Яго місія. Ён добра ведае тыя цяжкасці і выпрабаванні, якія сустрэнуцца Ягоным сябрам: у свеце зведаеце ўціск (Ян 16, 33), так сказаў Ён за імгненне перад гэтым.

Езус звяртаецца да апосталаў, што сабраліся вакол Яго на Апошняй Вячэры, але мае перад сабою ўсе пакаленнi вучняў, якія пойдуць за Ім на працягу стагоддзяў, у тым ліку нас.

Насамрэч, гэта праўда. Апроч радасцяў, рассеяных на нашым шляху, хапае, аднак, i пакутаў: няўпэўненасць у будучынi, часовасць працы, галеча і хваробы, пакуты ад стыхійных бедстваў і войнаў, насiлле ў сем’ях і памiж народамi. Ёсць таксама пакуты з-за таго, што мы ёсць хрысціянамі: штодзённая барацьба за  тое, каб застацца вернымі Евангеллю, пачуццё бяссілля перад грамадствам, якое здаецца зусiм абыякавым да Божае праўды, насмешкі, пагарда, а нават і адкрыты пераслед з боку тых, хто не разумее Касцёл альбо супрацьпастаўляе сябе яму.

Езус ведае гэтыя пакуты, таму што перажыў іх асабіста, аднак кажа:

“Будзьце адважнымі: Я перамог свет”

Гэты заклiк, выказаны так моцна і шчыра, выглядае супярэчным. Як Езус можа казаць, што перамог свет, калі праз некалькі хвілін пасля вымаўлення гэтых слоў Яго схопяць, будуць бічаваць, асудзяць на смерць і заб’юць самым жорсткiм і ганебным чынам? Ён не толькі не перамог, але, як здаецца, усiмi здраджаны, пакінуты, знішчаны, страціў цалкам усё.  

У чым жа Яго перамога? Несумненна, ва Уваскрасеннi: смерць больш не можа панаваць над Ім. Яго перамога настолькі магутная, што нас таксама робіць яго ўдзельнікамi: Ён застаецца сярод нас і сам суправаджае нас да паўнаты жыцця, да новага стварэння.

Аднак перад гэтаю перамогаю адбыўся акт найвышэйшай любові, праз якую Ён аддаў сваё жыццё за нас. Тут, у паражэнні з паражэнняў, Ён цалкам трыумфуе. Пранікаючы ў кожны куточак смерці, Ён вызваліў нас ад усяго, што прыгнятае нас, і ператварыў кожны наш “негатыў”, кожную нашу цемру і пакуту ў сустрэчу з Ім, з Богам, з Любоўю, з паўнатой.

Кожны раз, калі св. Павел думаў пра перамогу Езуса, яму здавалася, што ён шалее ад радасці. Калі Езус - як ён сцвярджаў - даваў адпор усялякiм нягодам, нават найбольшай з іх - смерцi, - то і мы, разам з Ім і ў Ім, зможам пераадолець усе цяжкасці. Больш за тое, дзякуючы Яго любові, мы ёсць “большыя, чым пераможцы”: я перакананы, што ні смерць, ні жыццё[...], ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым  (Рым 8, 38; пар. 1 Кар 15, 57).

Таму мы разумеем заахвочванне Езуса так, каб больш нічога ўжо не баяцца:

“Будзьце адважнымі: Я перамог свет”

Слова Езуса, якім мы будзем жыць на працягу цэлага месяца, можа напоўніць нас упэўненасцю і надзеяй. Незалежна ад таго, якімi б жорсткімi і цяжкімі нi былі сітуацыі, у якіх мы апынемся, будзем упэўненыя, што Езус ужо перажыў і пераадолеў іх.    

І хоць не маем Ягонай магутнасцi ўнутры сябе, мы маем Яго самога, хто жыве і змагаецца разам з намі. Калі Ты перамог свет - можам сказаць Яму, калі адчуем, што прыціскаюць нас цяжкасці, выпрабаванні, спакусы, - то здолееш таксама перамагчы гэты мой «боль». Таму што тое, што тычыцца мяне, маёй сям'i, маiх калег па працы, што, здаецца непераадольнай перашкодай, і мы адчуваем, што самі не дамо рады, але з Табою паміж нас мы знойдзем у сабе мужнасць і сілы, каб супрацьстаяць гэтай пошасці, ажно пакуль не станем “большыя, чым пераможцы”.

Тут няма размовы пра нейкае трыумфальнае бачанне хрысціянскага жыцця, нібыта ўсё нам лёгка і ўжо вырашана. Езус перамагае менавіта ў той момант, калі перажывае драму пакуты, несправядлівасці, пакiнутасцi і смерці. Яго перамога – гэта перамога асобы, якая прымае пакуты з любові, якая верыць у жыццё пасля смерці.

Магчыма, часам мы таксама, як Езус i як пакутнікi, павінны чакаць неба, каб убачыць поўную перамогу над злом. Мы асцерагаемся часта казаць пра рай, як быццам думка пра яго - гэта наркотык, які не дазваляе смела прыняць цяжкасці, як бы нейкая анестэзія, якая павiнна палегчыць пакуты, нейкае алібі, якое апраўдвае нас перад тым, як мы ўступаем у бой з несправядлівасцю. І ўсё ж надзея на неба і вера ва Уваскрасенне з'яўляецца магутным імпульсам, каб процiстаяць любым нягодам, каб падтрымлiваць іншых у выпрабаваннях, каб верыць, што апошняе слова належыць любові, якая пераадольвае нянавісць, належыць жыццю, якое перамагло смерць.   

Кожны раз, калі мы сутыкнемся з пэўнымі цяжкасцямі ў нашым жыцці, убачым iх у жыццi нашых блізкіх альбо даведаемся пра цяжкасцi, што закранулi людзей у розных частках свету, будзем iзноў пацвярджаць нашу веру ў Езуса, прысутнага ў нас і сярод нас, у Таго, хто перамог свет, хто дае нам удзел у сваёй перамозе, хто адкрывае нам неба, куды Ён адышоў, каб падрыхтаваць месца для нас. Праз гэта знойдзем у сабе мужнасць пераадолець усялякiя выпрабаваннi. Мы ўсё можам перамагчы праз Таго, хто дае нам моц.

А. Фабiа К’ярдзi

Адноўлена 06.07.2015 12:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.