Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на жнiвень 2015

Прэзентацыя >>>

“Паступайце ў любові” (Эф 5, 2)

Гэтая прапанова ўтрымлівае цалкам усю хрысціянскую этыку. Дзеянні чалавека павінны быць ажыўлены любоўю, калі ён хоча быць згодны з тым, чаго чакае ад яго Бог-Стварыцель, калі хоча жыць сапраўды па-чалавечы.

Апостал, святы Павел, прымае гэтую прапанову, звернутую да хрысціянаў Эфеса, як завяршэнне і сінтэз усяго, што ён ужо пісаў пра хрысціянскае жыццё: аб адмаўленнi ад старога чалавека, каб апрануцца ў новага, аб тым, каб жыць паміж сабою ва ўзаемнай праўдзе і шчырасці, не красці, умець прабачаць, рабіць дабро... адным словам, “iсцi па шляху любові”.

Гэта абавязвае нас прачытаць цалкам увесь зварот, з якога ўзята гэтае моцнае слова, якое будзе суправаджаць нас на працягу месяца: “наследуйце Бога як дзеці ўмілаваныя і паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас, і аддаў сябе за нас як дар і ахвяру Богу на прыемны пах”.

Святы Павел перакананы, што ўсе нашыя паводзіны павінны мець за прыклад Бога. Калі любоў ёсць рысай, акрэслiваючай Бога, то яна таксама павінна быць уласцiвая i Ягоным дзецям: у гэтым мы павінны Яго наследаваць.

Аднак як жа мы можам распазнаць любоў Бога? Для святога Паўла гэта бясспрэчна: гэтая любоў праяўляецца ў Езусе, які i паказвае, як і да якой ступені Бог любіць. Апостал дасведчыў гэтую любоў асабіста: “палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне” (Гал 2, 20), і цяпер ён кажа пра гэта ўсім, каб зрабіць гэта досведам усяе супольнасцi.

“Паступайце ў любові”.

Што з’яўляецца мерай любові Езуса, каб служыць нам узорам любовi?

Гэтая любоў, як мы ведаем, не мае ніякіх межаў, не замыкаецца ў сабе і нiкому не аддае перавагi. Езус памёр за ўсіх, нават за сваіх ворагаў, за тых, хто ўкрыжаваў Яго. Ягоная любоў гэткая ж, як у Айца, які агортвае ўсеагульнай любоўю ўсіх і робіць так, каб сонца свяціла і дождж падаў на дрэнных і добрых, на грэшнікаў і праведнікаў. Езус узяў у апеку найперш малых і бедных, хворых і пакiнутых. Вельмі палюбіў сваiх сяброў, быў асабліва блізкі да вучняў... Яго любоў не дазволіла Яму захаваць самога сябе, Ён любіў да канца, да ахвяры жыцця.

Ён запрашае ўсіх жыць Ягонай любоўю, любiць, як Ён любіў.

Гэты заклiк можа нас напалохаць, бо ён занадта патрабавальны. Як мы можам быць паслядоўнікамi Бога, які любіць усіх, заўсёды любiць першым? Як любіць мераю любовi Езуса? Што значыць “паступаць у любові”, як заклiкае нас гэтае Слова Жыцця?

Гэта магчыма толькі тады, калі мы спачатку самі дасведчылi, што нас любяць. У прапанове “паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас”, слова “як” можна перакласцi “таму што”.

“Паступайце ў любові”.

Слова “паступаць” тут раўназначна словам “дзейнічаць, паводзіць сябе”, i яно нам кажа, што кожнае нашае дзеянне павінна натхняцца і кіравацца любоўю. Магчыма, невыпадкова св. Павел выкарыстоўвае гэтае поўнае дынамізму слова, каб нагадаць нам, што мы заўсёды вучымся любові, што ёсць яшчэ просты шлях, каб спасцiгнуць глыбiню Божага сэрца. Ён таксама выкарыстоўвае іншыя вобразы, каб патлумачыць неабходнасць няспыннага развіцця: узрастанне ад маленства да сталасцi (1 Кар 3, 1-2), павелічэнне пасеваў, узвядзенне будынкаў, бег на стадыёне дзеля ўзнагароды (пар. 1 Кар 9, 24).

Але мы яшчэ не дасягнулі мэты. Спатрэбяцца час і настойлівасць, каб дайсцi да фінішу. Нягледзячы на цяжкасці, няўдачы і памылкі, мы не можам адмовіцца цi разгубiцца, але, не прымаючы пасрэднасці, мы павiнны заўсёды быць гатовымi пачаць нанова.

Святы Аўгустын Гiпонскi, магчыма, узгадваючы свой пакутны шлях, напісаў такія словы: “Будзь заўсёды незадаволены сабою тым, якiм ты ёсць, калі хочаш стаць тым, якім пакуль што не з'яўляешся. Бо калі там, дзе ты адчуваеш сябе добра, спынішся і скажаш: - Даволi, з мяне дастаткова, - там загразнеш. Нястомна патрабуй ад сябе больш, заўсёды ідзі, заўсёды iмкнiся наперад; не затрымлiвайся ў дарозе, не вяртайся, не збочвай. Хто не ідзе наперад, таго зносiць назад”.

“Паступайце ў любові”.

Як жа хутчэй рухацца шляхам любові?

Хоць гэты заклік скiраваны да ўсёй супольнасцi, было б карысна дапамагаць адзін аднаму. Сапраўды сумна і цяжка выпраўляцца ў падарожжа аднаму.

Можам пачаць са стварэння магчымасцi для таго, каб нанова - разам з сябрамі, членамі сям'і, членамі аднае хрысціянскае суполкi - дэклараваць жаданне дзейнічаць разам.

Можам падзяліцца станоўчымi досведамi аб тым, як мы стараліся любiць, каб навучыцца адзін у аднаго.

Можам камусьці, хто здольны нас зразумець, з даверам расказаць пра ўчыненыя памылкі і збочваннi з дарогi, дзеля таго, каб знайсці шлях да аднаўлення.

Апроч таго, агульная малітва можа быць крыніцай святла і сілы, каб ісці наперад.

Злучаныя адзін з адным і з Езусам паміж намі - з Езусам, якi ёсць Дарогаю, - пройдзем да канца нашае “святое падарожжа”, распраменьваючы любоў вакол сябе, і дасягнем мэты, якою ёсць Любоў.

А. Фабiа К’ярдзi

Адноўлена 02.09.2015 12:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.