Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на кастрычнiк 2015

Прэзентацыя >>>

«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні,
калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35).


Гэта тая адметная рыса, характэрная для хрысціян, па якой іх пазнаюць. Прынамсі, так павінна быць, таму што такой была задумка Езуса для сваёй суполкi.

Ёсць цiкавы тэкст з часоў першых стагоддзяў хрысціянства. Аўтар Паслання да Дыягенэта адзначае, што: «Хрысціяне не адрозніваюцца ад іншых людзей нi радзiмаю, нi моваю, нi ладам жыцця. Яны не засяляюць асобных гарадоў, не выкарыстоўваць асобных дыялектаў, не маюць нейкiх асаблiвых звычаяў». Яны нармальныя людзі, як і ўсе астатнiя. Аднак яны маюць таямнiцу, якая дазваляе ім аказваць глыбокi ўплыў на грамадства. «Карацей кажучы: што душа ў целе, тое i хрысціяне ў свеце» (гл. Ліст да Дыягенета, стар. 5-6).

Гэта таямнiца, якую Езус адкрыў сваім вучням незадоўга да смерці. Гэтак жа, як старажытныя мудрыя iзраільцяне, гэтак жа, як бацька сыну, гэтаксама i Ён, Настаўнік мудрасці, пакінуў спадчыну: майстэрства ладу жыцця, дый жыцця добрага. Ён спазнаў Яго наўпрост ад Айца: «Усё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам» (Ян 15,15), i гэта было плёнам Ягонага досведу ў зносінах з Айцом. Гэты досвед заснаваны на ўзаемнай любові, гэта Ягоная апошняя воля, Ягоны запавет, жыццё Неба, якое Ён прынёс на зямлю i якое падзяляе з намі, каб яно сталася i нашым жыццём.

Ён прагне, каб яно сталася тоеснасцю Ягоных вучняў, якіх будуць пазнаваць па любові ўзаемнай:
        
«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні,
калі будзеце мець любоў адзін да аднаго»


Ці распазнаюць вучняў Езуса па іх ўзаемнай любові? «Гісторыя Касцёла ёсць гісторыя святасці», – пiсаў Ян Павел II, хоць «трэба, аднак, прызнаць, што гісторыя сама адзначае нямала фактаў, якiя з хрысціянскага пункту гледжання з'яўляюцца анты-сведчаннямi» (Incarnationis Misterium, 11). У імя Хрыста хрысціяне на працягу цэлых стагоддзяў змагаліся адны з другiмi ў бясконцых войнах і застаюцца па-ранейшаму падзеленымi. I сёння ёсць людзі, якія далучаюць хрысціян да крыжовых паходаў, трыбуналаў інквізіцыі або бачаць у іх абаронцаў састарэлай маралі, супрацiўнiкаў навуковага прагрэсу.

Не так было з першымi хрысцiянамi ў супольнасці ў Ерузалеме, якая тады нараджалася. Тыя, хто бачыў іх, захапляліся тым, як яны ўтваралi супольную ўласнасць, а таксама «радасцю і прастатой сэрца», якія iх ядналі (Дз 2, 46). «Народ узвялічваў іх, – чытаем мы i ў Дзеях апосталаў, – усё больш праз веру далучалася да Пана, мноства мужчын і жанчын…» (Дз 5, 13-14). Сведчанне супольнага жыцця мела вялікую сілу прыцягнення. Чаму ж сёння не прызнаюць нас за людзей выключнай любові? Што мы зрабiлi з запаветам Езуса?

«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні,
калі будзеце мець любоў адзін да аднаго»


У каталіцкiм асяроддзi месяц кастрычнік традыцыйна прысвечана «місіі» - рэфлексii над запаветам Езуса аб тым, каб ісці па ўсім свеце і абвяшчаць Евангелле, а таксама малітве ў падтрымку місіянераў. Гэтае Слова жыцця можа дапамагчы нам засяродзіцца на важным аспекце хрысцiянскага абвяшчэння. Яно не з’яўляецца нi навязваннем веры або празелітызмам, ні эгаістычнай дапамогай бедным дзеля таго, каб паказаць навяртанне. Нават i не ў першую чаргу гэта неабходнасць абараняць маральныя каштоўнасці альбо «жорсткае» асуджэнне несправядлівасці і войнаў, хаця ж гэта таксама наш абавязак, якiм хрысціянін не можа грэбаваць.

Перш за ўсё, прапаведванне хрысціянства – гэта сведчанне жыцця, якое кожны вучань Езуса павінен даваць асабiста: «Сучасны чалавек больш ахвотна слухае сведкаў, чым настаўнікаў» (Evangelii Nuntiandi, 41). Нават нехта варожа настроены да Касцёла часта бывае ўзрушаны прыкладам тых, хто прысвячае сваё жыццё хворым і бедным, хто гатовы пакінуць сваю радзіму, каб iсці ў аддаленыя месцы і ахвяраваць сваю дапамогу і блізкасць гэтым апошнiм.

Аднак найперш сведчанне, якога патрабуе Езус, палягае на тым, каб уся супольнасць паказвала праўду Евангелля. Яна павінна паказаць, што жыццё, якое Ён прынёс, сапраўды можа прывесці да новага грамадства, у якім людзі кіруюцца вартасцямi сапраўднага братэрства, дапамагаюць адзін аднаму і служаць, клапоцячыся пра больш слабых і патрабуючых.

Жыццё Касцёла ўжо дало такія сведчанні: напрыклад, вёскi для абарыгенаў, пабудаваныя францішканамi і езуітамi ў Паўднёвай Амерыцы ці кляштары з новымі населенымi пунктамi вакол iх. Акрамя таго, сёння супольнасцi і касцёльныя рухі будуюць гарадкi для сведчання, у якіх можна ўбачыць прыкметы новага грамадства, якое з’яўляецца плёнам жыцця Евангеллем i любоўю ўзаемнай.

«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні,
калі будзеце мець любоў адзін да аднаго»


Калі мы будзем жыць у адзінстве, за якое Езус аддаў сваё жыццё, то, не аддаляючыся ад месцаў, дзе мы жывем, анi ад людзей, якіх мы ведаем, мы можам захоўваць альтэрнатыўны лад жыцця і сеяць вакол нас насенне надзеі і новага жыцця. Сям’я, якая аднаўляе кожны дзень жаданне канкрэтнага жыцця ва ўзаемнай любові, можа стаць промнем святла сярод аўры абыякавасці, пануючай сярод суседзяў, на лесвiчнай пляцоўцы. Адна «клетка асяроддзя» ці дзве асобы, якія дамаўляюцца радыкальна выконваць патрабаванні Евангелля на працоўным месцы, у школе, у прафсаюзах, у адміністрацыйных офісах, у турме, могуць пераламаць логіку барацьбы за ўладу і стварыць клімат супрацоўніцтва ці аказаць дапамогу ў нараджэнні нечаканага там братэрства.

Хіба не так рабiлi першыя хрысціяне ў часы Рымскай імперыі? Хіба гэта не спосаб распаўсюджвання навізны хрысціянства? Мы сёння так званыя «першыя хрысціяне», каб дараваць адзін аднаму, глядзець адзін на аднаго заўсёды новымі вачыма, каб дапамагчы адзін аднаму; адным словам - любіць адзін аднаго, як Езус палюбіў нас, будучы ўпэўнены, што Яго прысутнасць сярод нас дапамагае іншым удзельнічаюць у гэтай чароўнай логіцы любові.

Фабіа К’ярдзі

 

Адноўлена 06.10.2015 12:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.