Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на лiстапад 2015

«Каб усе былі адно» (Ян 17, 21)

Прэзентацыя >>>

Гэта апошняя, напоўненая клопатам малітва, з якою Езус звярнуўся да Айца. Ён ведае, што просiць аб тым, што найбольш Яму па сэрцы, таму што Бог стварыў чалавецтва, як сям'ю, з якою хоча падзяліцца кожным дабром, нават самiм сваiм Божым жыццём. Аб чым жа мараць бацькі для сваіх дзяцей, калі не аб тым, каб яны любiлi, дапамагалi адзiн аднаму, жылi ў адзінстве памiж сабою? І што ж для іх ёсць найбольшым смуткам, як не тое, калі яны бачаць, як моцна падзяляе iх дзяцей зайздрасць, эканамічныя інтарэсы, калі яны перастаюць размаўляць адзін з адным? Гэтаксама i Бог праз усю вечнасць думае пра сваю сям'ю - пра дзяцей, аб'яднаных з Ім і паміж сабою ў адзінстве любові.


Драматычная гісторыя аб пачатках кажа нам пра грэх і паступовы распад чалавечай сям'і: чытаем у Кнізе Быцця, як чалавек абвінавачвае жанчыну, Каін забівае свайго брата, Ламэх хваліцца магчымасцю сваёй перабольшанай помсты, Вавілонская вежа выклікае непаразуменне і рассейванне народаў... Выглядае так, што Божы план не ўдаўся.

Аднак Ён не здаецца і ўпарта імкнецца аб'яднаць сваю сям'ю. Гісторыя пачынаецца ад Ноя, ад выбару Абрагама, ад нараджэння выбранага народу і развіваецца далей аж да моманту, калі Бог пасылае на зямлю свайго Сына, даручаючы Яму вялікую місію: сабраць заблукалых авечак у адну аўчарню, разбурыць сцены падзелу і варожасці паміж народамі, каб стварыць адзін новы народ (гл. Эф 2, 14-16).

Бог ніколі не перастае марыць аб адзінстве, таму Езус просiць Яго аб iм, як аб найвялікшым дары, і просіць за ўсіх нас: Прашу Цябе, Ойча:

«Каб усе былі адно»

Кожная сям'я нясе на сабе пячатку бацькоў. Гэтак жа i сям'я, створаная Богам. Бог ёсць Любоўю не толькі таму, што Ён любіць сваё стварэнне, але Ён сам ёсць Любоў ва ўзаемнасці дару і адзінства трох Божых Асоб.

Ствараючы чалавека, Бог зрабiў яго на свой вобраз і падабенства, даў людзям здольнасць жыць ва ўзаемных адносінах так, каб кожны мог жыць, будучы падарункам з самога сябе, каб усе людзі жылі, будучы адзін для аднаго узаемным падарункам. Таму цалкам заданне малітвы Езуса, якою мы хочам жыць у гэтым месяцы, выглядае так: «каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і я ў Табе, так і яны няхай будуць у нас адным». Прыклад нашага адзінства – гэта адзінства не меншае, чым існуе паміж Айцом і Езусам. Здаецца, нам немагчыма яго рэалізаваць, бо гэта так глыбока. Але гэта магчыма, бо, як азначае, таксама таму, што мы можам быць паяднаныя так, як паяднаныя Айцец з Сынам, менавіта таму, што Яны ўключаюць i нас у сваё адзінства, робячы з яго дар для нас.

«Каб усе былі адно»

Менавіта гэта i ёсць справа Езуса: зрабіць усiх адзiнымi гэтак жа, як Ён адзіны з Айцом, учынiць усiх адной сям'ёю, адным народам. Вось чаму Ён стаўся адным з нас, узяў на сябе нашыя падзелы і нашыя грахі цвікамі прыбіў да крыжа.
Ён сам паказаў дарогу, якою павінен быў прайсці, каб прывесці нас да адзінства: «Калi буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 32). Як па-прароцку абвясціў найвышэйшы святар, Езус «памрэ (...) каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно» (Ян 11, 52). У таямніцы сваёй смерці і ўваскрасення Ён усiх з’яднаў у Сабе (пар. Эф 1, 10), нанова стварыў адзінства, разбуранае грахом, адбудаваў сям'ю вакол Айца і ўчынiў нас нанова братамі і сёстрамі адзін для аднаго.

Езус выканаў сваю місію. Засталася нашая частка, наш удзел, нашае «так» у адказ на Яго малітву.

«Каб усе былі адно»

Якi будзе наш уклад у выкананне гэтай малітвы?

Перш за ўсё, мы павінны зрабіць яе сваёю. Можам прыняць вусны і сэрца Езуса, каб Ён надалей скiроўваў гэтыя словы да Айца і кожны дзень з даверам паўтараў сваю малітву. Адзінства ёсць падарункам з нябёсаў, аб якім трэба прасіць з верай, ніколі не стамляючыся. Акрамя таго, адзінства заўсёды павінна заставацца шчытом нашых думак і жаданняў. Калі гэта мара Бога, то будзем хацець, каб яно было таксама нашай марай. Перад кожным рашэннем, кожным выбарам, кожным дзеяннем можам сябе спытаць: цi служыць гэта будаванню адзінства, цi будзе гэта лепш у перспектыве адзінства?

І, нарэшце, мы павінны накіроўвацца туды, дзе найбольш не хапае адзінства, і прыняць гэта на сябе, як зрабіў Езус. Можа, ёсць спрэчка ў сям'і ці сярод знаёмых нам людзей, нейкая напружанасць там, дзе жывем, нязгода на працы, у парафіі, паміж канфесіямi. Не будзем уцякаць ад канфліктаў і непаразуменняў, не будзем да iх абыякавымі, але будзем несцi туды любоў, пачынаючы ад таго, каб уважліва слухаць іншага, падзяляючы пакуты, якiя выплываюць з гэтае раны.

Перадусiм, будзем жыць у адзінстве з тымі, хто гатовы рэалiзоўваць ідэал Езуса і Яго малітвы, не зважаючы занадта на тое, што нас адрознівае, на рознiцу ў поглядах, будзем хутчэй задавольвацца меншаю дасканаласцю ў адзінстве, чым вялiкаю дасканаласцю ў «не-адзiнстве». Будзем вучыцца штораз з большай  радасцю прымаць адрозненні: прымаць іх як багацце ў адзінстве, якое ніколі не бывае анi прынiжэннем, анi ўнiфармiзмам.

Такая пастава можа часам быць звязана з «прыбiваннем нас цвікамi да крыжа», але менавіта гэта той шлях, які выбраў Езус, каб аднавіць адзінства чалавечай сям'і, шлях, якім i мы хочам прайсці разам з Iм.

А. Фабiа К’ярдзi

Адноўлена 05.11.2015 14:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.