Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на снежань 2015

Прэзентацыя >>>

«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму» (Mк 1, 3).

Гэтыя словы звернуты да мяне. Бог прыходзіць, і я павінен быць гатовы прыняць Яго. Кожны дзень я прашу: «Прыйдзi, Пане Езу». І Ён адказвае: «Так, хутка прыйду» (Ап 22, 20). Ён стаіць каля дзвярэй і стукае, просiць адчынiць, каб увайсці ў дом (гл. Ап 3, 20). I я не магу пакінуць Яго звонку, па-за маiм жыццём.

Заахвочванне прыняць Пана паходзіць ад Яна Хрысціцеля. Яно было адрасавана да тагачасных габрэяў. Ян заклікаў, каб вызнавалi свае грахі, пакаялiся і змянілі сваё жыццё. Ён быў упэўнены, што прышэсце Месіі ўжо блiзка. Аднак цi тыя людзі, якія гэтаксама чакалі Яго на працягу стагоддзяў, прызнаюць Яго, выслухаюць Ягоныя словы, пойдуць за Iм? Ян ведаў, што, каб прыняць Яго, неабходна быць падрыхтаваным, таму ён заахвочвае:

«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму»

Словы гэтыя звернуты да мяне, таму што Езус прыходзіць заўсёды. Кожны дзень Ён стукаецца да мяне ў дзверы. I мне - гэтак жа, як габрэям у дні Яна Хрысціцеля - нялёгка распазнаць Яго. Тады, насуперак усеагульнаму чаканню, Ён прыйшоў як сціплы цясляр, паходзячы з малавядомай вёскi - Назарэта. Сёння Ён адкрываецца ў постацi эмігранта, беспрацоўнага, працадаўцы, школьнае сяброўкi, сваякоў, а таксама ў тых людзях, у якіх аблiчча Пана не заўсёды выразнае, часам здаецца, што яно схаванае. Яго далiкатны голас, які заахвочвае прабачыць, адарыць даверам і сяброўствам, устрымацца ад таго, што супярэчыць Евангеллю, часта заглушаецца іншымі галасамі, падштурхоўваючымi да нянавісці, да асабістай выгады, да карупцыі.

Адсюль метафара звілістай дарогi сімвалізуе перашкоды для прыйсця Бога ў нашае паўсядзённае жыццё. Не кажучы ўжо пра пасрэднасць і эгаізм, пра грахi, што жывуць у нашым сэрцы i робяць нас сляпымі ў Яго прысутнасцi, заглушаюць Ягоны голас. Кожны з нас, будучы шчырым, ведае, што нам перашкаджае сустрэцца з Езусам, з Яго словам, з людзьмi, з якімі Ён сябе атаясамлiвае. Таму вось i запрашэнне: Слова Жыцця, якое сёння скіравана менавіта да мяне.

«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму»

Трэба зрабіць простымі нейкiя погляды, якія выклiкаюць тое, што мы асуджаем іншых, не размаўляем з iмi, каб - наадварот - зразумець iх, палюбiць, каб пачаць iм служыць. Трэба змяніць свае няправільныя паводзіны: здраду сяброўству, прымяненне ўціску, ігнараванне закону. Праз абвінавачванне сябе - пакаяцца і быць гатовым сцярпець нават несправядлівасць, прабачыць, каб толькі захаваць адносіны, самаарганізавацца так, каб у сваіх асяроддзях паглыбіць братэрства.

Слова, прапанаванае на гэты месяц, моцнае і жорсткае, але толькі такое слова можа змяніць маё жыццё, адкрыць мяне насустрач Езусу, каб Ён сам прыйшоў дзеля таго, каб ува мне жыць, дзейнiчаць і любіць.

Калі мы рэалiзуем гэтае слова ў жыцці, яно можа зрабіць значна больш: можа прывесці да таго, што Езус народзіцца памiж нас, у хрысціянскай супольнасці, у сям'і, у групах, дзе мы працуем. Ян Хрысціцель накіроўвае гэтае пасланне ўсiм людзям: Бог “пасялiўся мiж намі” (гл. Ян 1,14), пасярод свайго народу.

Такім чынам, узаемна дапамагаючы адзін аднаму, мы хочам зрабіць простымі шляхі нашых адносiн, ліквідаваць любыя перашкоды, магчыма, існуючыя памiж намi, жыць дабрачыннасцю, да якой запрашае нас гэты год. Дзякуючы гэтаму, мы разам станем домам, сям'ёю, здольнаю прыняць Бога.

Гэта будзе Божае Нараджэнне: Езус знойдзе адкрытую дарогу і зможа застацца сярод нас.

А. Фабіа К’ярдзі

Адноўлена 01.12.2015 12:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.