Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на студзень 2016

Прэзентацыя >>>

«Вы ж – выбраныя дзеля таго, каб абвяшчаць вялікія справы Пана» (пар. 1П 2, 9)

Калі Бог дзейнічае, Ён робіць цудоўныя справы. Як толькі Ён стварыў сусвет, то ўбачыў, што быў ён «добры і прыгожы», а мужчына і жанчына падаліся Яму «найпрыгажэйшымi» (пар. Быц 1, 31). Аднак апошняя Ягоная дзея пераўзыходзіць усе – гэта тое, што зрабiў Езус: праз смерць і ўваскрасенне сваё Ён стварыў новы свет і новы народ. Народ, якому даў жыццё Неба, сапраўднае братэрства ва ўзаемным прыняццi, ва ўзаемнай аддачы, у дары самых сябе. Пасланне св. Пятра тлумачыць першым хрысціянам, што праз Божую любоў яны сталi «родам выбраным, каралеўскiм святарствам, народам святым, людам Божым» (пар 1П 2, 9).

Калі б мы таксама, як і першыя хрысціяне, зразумелi, хто мы ёсць на самой справе, як шмат ласкi Божай ёсць у нас, паміж намі і вакол нас, мы былi б здзіўленыя, захлынуліся б ад радасці і хацелі б падзяліцца ёю з іншымі, хацелi б «абвяшчаць вялікія справы Пана».

Але гэта цяжка, амаль немагчыма паспяхова сведчыць пра прыгажосць новага грамадства, за якое Езус аддаў сваё жыццё, застаючыся ў ізаляцыі адзін ад аднаго. Таму відавочна, што запрашэнне Пятра адрасавана ўсім людзям. Мы не можам спрачацца і быць прадузятымi або нават проста абыякавымi адзін да аднаго, а потым аб'явіць, што «Бог стварыў новы народ, вызваліў нас ад эгаізму, нянавісці і зайздрасці, даў нам як закон узаемную любоў, якая робіць нас адзiным сэрцам і адною душой...» Сапраўды, у нашым хрысціянскім народзе існуюць адрозненні ў мысленні, у традыцыях і культурах, аднак гэтыя адрозненні трэба прыняць з павагай, з усведамленнем прыгажосцi гэтай вялікай разнастайнасці, з разуменнем таго, што адзінства не ёсць аднолькавасць.

Гэта той шлях, якiм мы пойдзем у Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціян, што ў паўночным паўшар'і адзначаецца з 18 па 25 студзеня, а таксама на працягу года. Слова Жыцця запрашае нас да таго, каб мы, хрысціяне, якія належаць да розных канфесiй і суполак, стараліся лепей пазнаёмiцца, узаемна распавядаючы адзін аднаму пра вялікія справы Пана. Тады мы здолеем надзейна «абвяшчаць» гэтыя справы, сведчачы, што мы адзіныя паміж сабой менавіта ў гэтай разнастайнасці, і што дакладна падтрымліваем адзін аднаго.

К'яра Любіч з вялікай сілай заахвочвала да прыняцця гэтага шляху: «Любоў ёсць самая магутная сіла ў свеце: вакол чалавека, які жыве ёю, узнiмаецца мірная хрысціянская рэваюцыя, i сучасныя хрысціяне могуць паўтарыць тое, што шмат стагоддзяў таму казалі першыя хрысціяне: «Мы нарадзіліся ўчора,а ўжо існуем па ўсiм свеце».1 [...] Любоў! Як шмат любові патрабуе свет! Як шмат любові патрэбна i нам, хрысціянам! Нас усiх разам, з розных канфесiй, у свеце больш, чым адзін мільярд. Значыць нас шмат. І мы павінны быць выразна бачныя. Аднак мы так падзеленыя, што многіх з нас не бачна, і не бачны праз нас Езус.

Ён казаў, што, каб свет мог распазнаць нас і прыняць, як сваiх, то праз нас – праз нашую ўзаемную любоў, праз адзінства – мог бы распазнаць i Яго: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35). [...] І цяперашнія часы патрабуюць ад кожнага з нас любові, заклікаюць да адзінства, паяднання, салідарнасці. Перад Касцёламi таксама паўстае выклік да аднаўлення зламанага стагоддзi таму адзінства»2

А. Фабіа К’ярдзі

  1. Tertulliano, Apologetico 37.7.
  2. Chiara Lubich: Il dialogo è vita, Roma 2007, s.42-43


Адноўлена 11.01.2016 11:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.