Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на люты 2016

Прэзентацыя >>>

«Як суцяшае каго-небудзь маці яго, так суцешу вас Я» (Іс 66, 13)

Хто з нас не бачыў плачучага дзіцяцi, якое кідаецца ў абдымкі сваёй маці? Што б ні здарылася, нешта сур'ёзнае альбо нязначнае, мама асушыць ягоныя слёзы, палашчыць яго так, што рана ці позна дзіця пачне смяяцца. Яму дастаткова адчуваць яе прысутнасць і любоў. Гэтак жа і Бог, параўноўваючы сябе з маці, паступае з намі.


З гэтымі словамі Бог звяртаецца да свайго народу, які вярнуўся з вавілонскай няволi. Гэты народ пабачыў спачатку разбурэнне сваіх дамоў і храма, потым перажыў дэпартацыю на чужыну, дзе спазнаў расчараванне і цяжкасці, а цяпер вяртаецца на радзіму і павінен пачаць з тых руін, якія засталіся пасля разбурэння.

Трагедыя, якую перажыў Ізраіль, паўтараецца ў многіх краінах падчас войнаў, тычыцца ахвяраў тэрарызму і бесчалавечнай эксплуатацыі. Абрабаваныя дамы і разбураныя вуліцы, зраўняныя з зямлёю месцы-сімвалы самаідэнтычнасці, скрадзенае дабро, знішчаныя святынi. Як шмат людзей палонных, колькі мільёнаў вымушаных уцякаць, колькi тысяч тых, хто знайшоў смерць у пустыні альбо на моры. Здаецца, што гэта апакаліпсіс.

Гэта Слова Жыцця запрашае нас паверыць у Бога, якi любiць свае стварэнні нават там, дзе не бачна Ягонай прысутнасцi. Гэта пасланне надзеі. Ён стаіць на баку тых, каго пераследуюць, выганяюць, хто пакутуе ад несправядлівасці. Ён з намі, з нашай сям'ёй, з нашым народам. Ён ведае i наш асабісты боль, і пакуты ўсяго чалавецтва. Ён стаўся адным з нас, ажно да самай смерці на крыжы. Таму Ён можа нас зразумець, і суцешыць. Як маці, якая бярэ дзіця на калені, каб супакоіць яго.

Трэба адкрыць вочы і сэрца, каб Яго «ўбачыць». Наколькі мы адчуваем далiкатнасць Ягонай любові, настолькi зможам перадаць яе тым, хто адчувае пакуты і выпрабаванні, настолькi станем пасланцамі суцяшэння. Апостал Павел падказвае карынцянам, каб «суцяшалі ўсіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх» (2 Кар 1, 4).

Ёсць таксама глыбокi, канкрэтны досвед К’яры Любіч: «Пане, дай мне ўсiх самотных... Я адчуваю ў сваім сэрцы любоў, поўную болю, якая працінае Тваё сэрца з-за пакінутасцi, у якую пагружаны ўвесь свет. Я люблю кожнага хворага і самотнага. Хто суцешыць іх плач? Хто заплача над іх павольнай агоніяй? Хто прытулiць да свайго сэрца iх сэрцы, напоўненыя адчаем? Дазволь мне, Пане, быць у свеце бачным сакрамэнтам Тваёй любові: быць Тваiмi рукамі, якiя прыгарнуць да сябе і спаляць у любові ўсялякую адзіноту ў свеце»1.

Апрацавана а. Фабiа К’ярдзi

________________________________________________
1 Узята з Chiara Lubich: Tylko jedno, Księgarnia św. Jacka, Katowice 1986, s. 29.

Адноўлена 01.02.2016 16:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.