Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на сакавiк 2016

Прэзентацыя >>>

«Прыйшло да вас Божае Валадарства» (Лк 11, 20)

Менавiта гэтага чакалi габрэi ў Ягоныя часы. Езус, праходзячы праз вёскі i гарады, казаў: «Наблiзiлася да вас Валадарства Божае» (Лк 10, 9); «Прыйшло да вас Божае Валадарства»; «Валадарства Божае ёсць унутры вас» (Лк 17, 21). У асобе Езуса сам Бог прыйшоў да свайго народу, рашуча i моцна ўзяўшы ягоны лёс у свае рукі, каб прывесці яго да вызначанай мэты. Цуды, якія Езус чынiў, былi знакамi гэтага.

«Прыйшло да вас Божае Валадарства»

Ва ўрыўку з Евангелля, што абраны за Слова Жыцця, Езус спачатку вылечыў нямога, вызваліўшы яго ад шатана, які трымаў яго ў няволі, каб даказаць, што Ён прыйшоў, каб перамагчы зло, усялякае зло, і каб урэшце аднавіць Валадарства Божае.

Гэтае словазлучэнне «Божае Валадарства» ў лексіконе габрэйскага народа ўказвае на Бога, які дзейнiчае на карысць Ізраэля, вызваляе яго ад усялякай няволі і зла, прыводзіць да справядлівасці і супакою, напоўняе радасцю і мiрам; на таго Бога, якога Езус называе міласэрным Айцом, поўным любові і спагады, уражлiвым да патрэб і цярпенняў кожнага са сваіх дзяцей.

Гэтак жа i мы павінны пачуць словы Езуса:

«Прыйшло да вас Божае Валадарства»

Гледзячы вакол сябе, мы часта маем уражанне, што свет апанаваны злом, што ў iм iснуюць пераважна асобы агрэсіўныя і дэмаралізаваныя. Часам мы адчуваем валадаранне процілеглых сіл і небяспечных падзей, якія нас прыгнятаюць. Ва ўмовах войнаў, стыхійных бедстваў, перамены клімату, міграцыі і эканамічных і фінансавых крызісаў мы адчуваем сябе бездапаможнымі.

I менавiта ў гэты момант з’яўляецца заклiк Езуса, які запрашае нас паверыць, што з гэтага часу Ён пераадольвае зло і стварае новы свет.

25 гадоў таму, у сакавіку, К’яра Любіч, выступаючы перад тысячамі маладых людзей, даверыла ім сваю мару: «Зрабіць, каб свет стаўся лепшы, каб быў адною сям’ёю, прыналежнай да адной айчыны, адзiнага салідарнага свету, нават больш – свету з’яднанага». Аднак, каб гэтая мара магла стаць рэальнасцю, яна заахвочвала іх жыць узаемнай любоўю, быць упэўненымi, што, робячы так, яны сустрэнуць памiж сабою «самога Хрыста Усемагутнага». А з Ім можна спадзявацца на ўсё.

Так, бо Ён ёсць Валадарства Божае.

А нашае заданне? Дзейнiчаць так, каб Ён заўсёды быў паміж намі. А тады, – казала далей К’яра, – «Ён будзе супрацоўнiчаць з вамі ў вашых краінах, таму што поўным чынам Ён вернецца ў свет, ва ўсе месцы, дзе вы знаходзіцеся, будзе прысутнічаць праз узаемную любоў, праз вашае адзінства. Ён навучыць вас усяму, што трэба рабіць, будзе вас суправаджаць, падтрымліваць, будзе вашаю моцай, вашым запалам, вашай радасцю. Дзякуючы Яму свет вакол вас вернецца да згоды, знікнуць усялякія падзелы. (...) I тады любоў паміж вамі, а таксама і любоў, пасеяная ў многіх кутках зямлi, паміж групамі, паміж народамі, дзеля таго, каб інвазiя любовi – пра якую часта кажам – стала рэальнасцю, станецца чымсьцi канкрэтным таксама i праз ваш унёсак, станецца той цывілізацыяй любові, якой мы ўсе чакаем. Да гэтага вы пакліканы. І вы ўбачыце вялікія рэчы»1.

А. Фабiа К’ярдзi

1IV Мiжнародны Фестываль “Моладзь за аб’яднаны свет” – Genfest, Rzym (Palaeur), 31.03.1990  

Адноўлена 04.03.2016 11:47
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.