Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на май 2016

«Ён будзе жыць з імі; яны будуць Ягоным народам, а Ён будзе “Богам з імі”» (Aп 21, 3)

Прэзентацыя >>>

Жаданнем Бога заўсёды было жыць з намі, з Ягоным народам. Ужо першыя старонкі Бібліі паказваюць, што Ён зыходзiць з Нябёсаў, прагульваецца па садзе і размаўляе з Адамам і Евай. Хіба гэта не тое, дзеля чаго Ён нас стварыў? Чаго хоча закаханы чалавек, як не таго, каб прабываць разам з каханаю асобаю? Кнiга Апакалiпсiса, заглыбляючы план Бога ў гісторыю, дае нам упэўненасць у тым, што Божае жаданне будзе цалкам рэалізавана.

Ён ужо пачаў жыць сярод нас – ад прыйсця Езуса, Эмануэля, «Бога з намі». А цяпер, калі Езус уваскрос з мёртвых, Яго прысутнасць больш не абмяжоўваецца месцам альбо часам, але распаўсюджваецца па ўсім свеце. Ад Езуса пачалася будова новай, вельмі асаблівай чалавечай супольнасці, люду, якi складаецца з многіх народаў. Бог хоча жыць не толькі ў маёй душы, у маёй сям'і, маёй краіне, але паміж усімі народамі, пакліканымi да стварэння адзінага народа. З іншага боку, у цяперашні час народы гэтак перамешваюцца, што пачынае змяняцца сама канцэпцыя нацыі. У многіх краінах нацыя ўжо складаецца з многіх народаў.

Мы так моцна адрознiваемся адзін ад аднаго колерам скуры, культураю, рэлігіяй. Часта мы глядзім адзін на аднаго з падазрэннем, са страхам і з недаверам. Мы знаходзімся ў стане вайны адзін з адным. Але Бог ёсць Айцец усіх, Ён любіць нас усіх і кожнага чалавека. Ён не хоча жыць толькі з адным народам – «зразумела, з нашым» (цi не так мы думаем?), - а іншыя народы пакінуць у самоце. Для Яго мы ўсе Ягоныя сыны і дочкі, адна сям'я.

Кіруючыся Словам Жыцця на гэты месяц, давайце вучыцца цанiць нашыя адрозненні, асаблівасцi з павагаю да іншых. Давайце паглядзім на iншага як на асобу, якая належыць да нас: я ёсць тым іншым, гэты іншы ёсць я; гэты iншы жыве ўва мне, я жыву ў іншым. Давайце пачнем з людзей, з якiмi мы жывем кожны дзень. Такім чынам, мы зможам стварыць прастору, у якой Бог будзе прысутнічаць сярод нас. Гэта Ён будзе будаваць адзінства, бараніць ідэнтычнасць кожнага народа, будаваць новае грамадства.

Яшчэ ў 1959 годзе К'яра Любіч прадчувала гэта, напiсаўшы незвычайна актуальныя, неверагодна прароцкія думкi: «Калі ў адзін цудоўны дзень людзі, ужо не як асобныя адзiнкi, але як нацыі [...] змогуць схаваць у цень саміх сябе, сваё ўяўленне пра сваю радзіму [... ], і будуць рабіць гэта ва ўзаемнай любові паміж народамі, якой Бог патрабуе гэтак жа, як Ён патрабуе ўзаемнай любові паміж братамі - тады гэты дзень стане пачаткам новай эры. У гэты дзень Езус будзе жывы і прысутны паміж народаў.

Мы жывём у часы [...], калі кожная краіна павінна пачаць бачыць шырэй, перакрочваючы свае межы. Цяпер наступіў момант, калі радзіму iншага чалавека трэба любіць, як сваю ўласную, калі нашы вочы павінны дасягнуць новай чысцінi. Недастаткова толькi адрачыся ад саміх сябе, каб быць хрысціянамі. Сучаснасць патрабуе ад вучняў Хрыста чагосьцi большага: патрабуе агульнай свядомасцi хрысціянства [...].

[...] Мы верым, што Пан змілуецца над гэтым падзеленым і загубленым светам, над гэтымi народамi, замкнутымі кожны ў сваёй шкарлупіне, захопленымi сваёю ўласнай прыгажосцю – выключна па сваiм уяўленнi, - што Ён змілуецца над народамi, якiя моцна ўчапiлiся ў свае скарбы - у тым ліку ў тыя даброты, якія маглі б служыць іншым народам, дзе людзi паміраюць ад голаду. Мы верым, што Ён зробіць так, каб бар'еры абрынулiся, і любоў, як вялікi струмень дабротаў духоўных і матэрыяльных, паплыла з краіны ў краіну.

Мы верым, што Бог збудуе новы сусветны парадак. Толькi Ён адзін можа зрабіць чалавецтва адной сям'ёю, захаваўшы адрозненні паміж народамі так, каб у багаццi кожнага з iх, аддадзеным на службу іншым людзям, засвяціла адзiнае святло жыцця, якое – надаючы бляск айчыне зямной - зробіць яе прадвесцем радзімы вечнай»1.

А. Фабiа Чардзi

1Maria, ogniwem jedności między narodami, w Charyzmat jedności, Wydawnictwo M, Kraków 2007, s. 328-330.

Адноўлена 06.09.2016 15:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.