Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на чэрвень 2016

Прэзентацыя >>>

«Жывіце між сабою ў спакоі» (Mк 9, 50).


Як актуальна гэтае запрашэнне Езуса да супакою у той час, як ува многіх частках свету так шмат канфліктаў, якiя шкодзяць чалавецтву. Усведамленне таго, што Ён ёсць супакоем, што абяцаў даць нам свой супакой, напаўняе надзеяй.

Евангелле паводле Марка прыводзiць гэтыя словы ў канцы шэрагу размоваў, скiраваных да вучняў, сабраных у Капернауме, дзе Езус тлумачыць, як павінна жыць Ягоная супольнасць. Выснова зразумелая: усё павінна весці да супакою, у якім закаранёна кожнае дабро.

«Жывіце між сабою ў спакоі».


Мы пакліканы да таго, каб у штодзённым жыцці спазнаваць дабро, якiм ёсць супакой: у сям'і, на працы, у палітыцы, у адносінах з тымі, хто думае інакш, чым мы. Супакой, які дазваляе з адвагаю прымаць тварам у твар супярэчлівыя погляды, гаварыць пра іх адкрыта, калі мы хочам, каб нашае адзінства станавілася штораз праўдзівей і глыбей. Супакой, які адначасова патрабуе ўвагі, каб нашым адносінам заўсёды хапала любовi, таму што іншая асоба больш важная за сам факт існавання адрозненняў паміж намі.

«Жывіце між сабою ў спакоі».


Усюды, куды дасягае адзінства і ўзаемная любоў, — кажа К'яра Любіч, — дасягае i супакой, нават больш: супакой праўдзiвы. Таму што там, дзе ёсць узаемная любоў, прысутнасць Езуса сярод нас з'яўляецца сапраўднаю, і менавiта Ён ёсць супакоем, супакоем par excellence.

Яе ідэал адзінства нарадзiўся падчас Другой сусветнай вайны і адразу ж стаўся супрацьяддзем ад нянавісці і раненняў. З таго часу перад фактам кожнага новага канфлікту К’яра настойліва прапаноўвала евангельскую логіку любові. Напрыклад, калі ў 1990 годзе пачалася вайна ў Іраку, яна з горыччу выказвала сваё здзіўленне тым фактам, што ў чарговы раз можна пачуць такiя словы — якiя, здаецца, ўжо былi «пахаваны»: вораг, ворагі, ваенныя дзеянні, а потым ваенныя бюлетэні, ваеннапалонныя, загінуўшыя (...). Мы зразумелі, жахнуўшыся, што сталася параненым самае сэрца асноўнага прынцыпу хрысціянства, найбольш важная запаведзь Езуса, Ягоная «новая» запаведзь.

«Жывіце між сабою ў спакоі».

(...) Замест таго, каб любіць адзін аднаго, замест таго, каб быць гатовым памерці адзін за аднаго, чалавецтва iзноў апынулася ў «безданi нянавісці»: пагарда, катаванні, забойствы. Як з гэтага выйсці? — пытанне. Там, дзе гэта магчыма, мы павінны ўсталёўваць новыя адносіны альбо паглыбляць тыя, што ўжо існуюць паміж намі, хрысціянамі і паслядоўнікамі монатэістычных рэлігій: мусульманамi і габрэямі, ці тымi, хто з'яўляецца бакамі ў канфлікце.

Такую ж раду можна аднесці да іншых канфліктаў: будаваць паміж людзьмі і паміж народамі адносіны ўзаемнага слухання, узаемадапамогі — К'яра б сказала: аж да ўзаемнай гатоўнасцi ахвяраваць жыццё адзін за аднаго. Трэба адкінуць свае меркаваннi, каб зразумець меркаваннi iншага, хоць мы i ведаем, што не заўсёды нам удасца зразумець яго да канца. Верагодна i тое, што гэты іншы зробiць тое самае ў адносінах да мяне і, магчыма, ён таксама не зразумее мяне і мае меркаваннi.

У рэшце рэшт, нягледзячы на адрозненні і непаразуменнi, мы хочам быць адкрытымі на іншага чалавека, «ратуючы», перш за ўсё, адносіны з ім.

Евангелле ставіць перад намі як загад: Жывіце між сабою ў спакоі — як знак патрабавання сапраўднай прыхільнасці. Гэта адна з найбольш важных праяваў любові і міласэрнасці — мы пакліканы, каб жыць так адзін з адным.

А. Фабiа Чардзi

Адноўлена 06.09.2016 15:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.