Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на жнiвень 2016

Прэзентацыя >>

«Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты» (Mц 23, 8)

Ужо на працягу больш чым 70 гадоў мы жывём Словам Жыцця. Картка з iм трапляе ў нашы рукі. Чытаем каментар, і вельмi хочам, каб засталося ў нас прапанаванае там заданне, нейкае слова з Пісання, часта слова Езуса.


Слова Жыцця — гэта не звычайная медытацыя, таму што ў iм прамаўляе да нас сам Езус, заахвочваючы нас да жыцця, заўсёды падводзячы да таго, каб мы любілi, каб рабілі нашае жыццё дарам. Гэта «вынаходніцтва» К'яры Любіч, якая такiмi словамi казала пра ягоны пачатак: «Я адчувала голад праўды, і таму я вывучала філасофію. Больш за тое, як i многія маладыя людзі, я шукала праўду і думала, што знайду яе праз даследаваннi. І тут нарадзілася адна з найбольшых ідэй першых дзён, самага пачатку руху, неадкладна перададзеная маім сяброўкам: «Навошта шукаць праўду, калі ўцелаўлёная праўда жыве ў Езусе, Богачалавеку? Калі нас прыцягвае праўда, пакінем усё і пойдзем за Iм». Так мы i зрабілі».

«Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты»  

К'яра і яе першыя спадарожніцы ўзялі ў рукі Евангелле і пачалi чытаць яго слова за словам. Яно падалося ім зусім новым: «Кожнае слова Езуса было променем асляпляльнага, сапраўды боскага святла! (...) Ягоныя словы з'яўляюцца ўнікальнымі, вечнымi (...) чароўнымi, напісанымi з Божай выразнасцю (...) яны з'яўляюцца Словамi Жыцця, словамi, прызначанымі для рэалізацыi ў жыццi, словамi ўніверсальнымi для любога месца і ў любы час. Выявiлася, што яны, хоць i сказаныя ў мінулым, не проста помнік, але з'яўляюцца словамi, якія звернуты сёння да ўсіх нас і да кожнага чалавека ў кожным часе»1 і на кожнай геаграфiчнай шыраце.

«Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты»  

Але ці на самой справе Езус наш Настаўнік?

Вакол нас ёсць шмат магчымасцяў для жыцця, ёсць шмат мыслярооў, чые ідэі ілжывыя і заклікаюць нават да гвалту. Ёсць таксама тыя, чые ідэі справядлiвыя і поўныя святла.

Але словы Езуса маюць глыбіню і здольнасць захапляць, чаго іншыя словы — нават філосафаў, палітыкаў ці паэтаў — не маюць. Яны з'яўляюцца «словамi жыцця», iмi можна жыць; яны даюць таксама паўнату, бо перадаюць нам жыццё самога Бога.

Кожны месяц мы ўглядаемся ў адно з іх, і праз гэта Евангелле паступова пранікае ў нашу душу, перамяняе нас, прымушае нас пачаць думаць, як Езус, дазваляючы нам рэагаваць на самыя розныя сітуацыі. Езус становіцца нашым Настаўнікам.

«Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты»  

Часам мы можам чытаць гэтае слова разам. Жадаючы, каб сам Езус Уваскрослы, які жыве пасярод тых, хто сабраны ў Ягонае імя, патлумачыў нам яго, зрабiў яго актуальным, падказаў нам, як яго рэалізаваць у жыццi.

Але вялікая навіна Слова Жыцця палягае на тым, што мы можам падзяліцца досведам і ласкамі, якія выплываюць з яго рэалізацыі ў жыццi, так, як гэта апісана ў К'яры адносна таго, што адбывалася на пачатку руху і застаецца актуальным і надалей: «Мы адчувалі абавязак дзяліцца з іншымі тым, што спазнавалi, таксама i таму, што мы ўсведамлялі, што падараваны досвед служыць для ўзрастання нашага ўнутранага жыцця, а калі яго не падараваць, то душа паволi бяднее. Мы так інтэнсіўна жылі словам на працягу ўсяго дня і дзяліліся плёнамi гэтага жыцця не толькі паміж сабой, але і з людзьмі, якія далучаліся да першай суполкi. (...) Калі мы жылі словам, жыў ужо не я, не мы, але жыло слова ўва мне, слова ў cуполцы. Гэта была хрысціянская рэвалюцыя з усімі вынікаючымі наступствамі».2

Гэтак жа можа быць i сёння для нас.

А. Фабiа Чардзi OMI
1) Ch. Lubich, Klucz do jedności, Księgarnia św. Jacka, Katowice 1989, с. 100.
2) Tам жа, с. 105.

 

Адноўлена 06.09.2016 15:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.