Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова жыцця на верасень 2016

Прэзентацыя >>>

«Усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога» (1 Kар 3, 22-23)

Вось мы знаходзімся ў дынамічнай, поўнай ініцыятываў супольнасцi хрысціянаў Карынфа, якую ажыўляюць разнастайныя групы, звязаныя з рознымі харызматычнымі лідарамі. Адсюль узнiкаюць напружанасць у адносінах паміж асобнымі людзьмі і групамі, падзелы, культы асобаў, імкненне да першынства. Павел рашуча ўмешваецца, нагадваючы ўсім, што iх звязвае нешта значна глыбейшае, чым лідар ці багацце, ці разнастайнасць дароў, якія праяўляюцца ў супольнасцi. Iх звязвае прыналежнасць да Бога.

«Усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога»

Тут яшчэ раз рэзаніруе вялікае пасланне хрысціянства: Бог з намі, і мы не чужыя або сіроты, пакінутыя сам-насам — мы належым Яму, мы Яго сыны. Ён як добры Айцец клапоціцца пра кожнага, каб для нашага дабра заўсёды і ўсяго было досталь. Больш за тое, Ён перапоўнены любоўю і жаданнем бясконца адорваць: «Усё належыць вам, — кажа апостал Павел, — свет, жыццё, смерць, тое, што існуе цяпер, і тое, што яшчэ будзе, — усё вашае!». Ён аддаў нам нават свайго Сына, Езуса.

«Усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога»

Як жа моцна Езус нам давярае, што ўсё аддае ў нашыя рукi! А колькі разоў мы злоўжывалі Яго падарункамі: лічылi сябе гаспадарамi стварэння, нешта адбіралі і калечылi, панавалi над нашымі братамі і сёстрамі, зневажалi i прыгняталi іх, мы — «гаспадары» нашага жыцця — руйнавалi іх да рэшты ў нашым самалюбаваннi і дэградацыі.

«Усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога»

Велізарны Божы дар — «усё вашае» — патрабуе ўдзячнасці. Часта мы наракаем, што нечага ў нас няма, альбо звяртаемся да Бога толькі дзеля таго, каб прасiць. Чаму б нам не паглядзець навокал, каб адкрыць для сябе дабро і прыгажосць, якія нас атачаюць? Чаму б не падзякаваць Богу за ўсё, што Ён дорыць нам кожны дзень?

«Усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога»

«Усё вашае» — гэта таксама адказнасць. Яна патрабуе ад нас пяшчоты, далiкатнасцi, клопату пра тое, што нам даверана: пра ўвесь свет і кожнага чалавека. Патрабуе такога ж клопату, якiм атуляе нас Езус («вы ж Хрыстовыя»), такога ж самага, якiм Айцец атуляе Езуса («Хрыстус — Бога»).

«Усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога»

Мы павінны ўмець радавацца з тымі, хто радуецца, і плакаць з тымі, хто плача, быць гатовымi ўспрыняць кожны стогн, гвалт, боль і падзелы, як нешта такое, што належыць нам, суперажываць настолькі, каб нашае суперажыванне перамянілася ў любоў. Трэба, каб усё, што было нам падаравана, мы прынеслі да Езуса як да канчатковай мэты, поўнi жыцця, якою з'яўляецца Бог, каб надаць кожнай рэчы і кожнаму чалавеку сапраўдную годнасць і глыбокі сэнс.

«Усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога»

Аднойчы, летам 1949 года, К’яра Любіч зведала такую вялікую еднасць з Хрыстом, што адчувала сябе злучанаю з Ім, як нявеста з Жаніхом. Таму яна пачала думаць пра «пасаг», які павінна прынесці ў падарунак, і зразумела, што падарункам павінна быць усё стварэнне! Ён, са свайго боку, абяцаў ёй усё Неба. Яна прыгадала тады словы псальма: «Прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і ўладанні Твае — аж па край зямлі!...» (Пс 2, 8). «I паверылі, і прасілі, і даў нам усё, каб аддалi гэта Яму, а Ён дасць нам Неба: мы — тое, што створанае, Ён — няствораны».

«Усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога»

На захадзе свайго жыцця, кажучы аб руху, якi яна заснавала, і ў якім яна бачыла саму сябе, К’яра Любіч пісала: «Якое зараз маё апошняе жаданне? Я б хацела, каб Справа Марыі (Факаляры) у канцы часоў, калі ўсё будзе чакаць сустрэчы з Езусам пакінутым-уваскрослым, магло прамовіць да Яго словы французскага багаслова Жака Леклерка, якія заўсёды мяне ўзрушвалі: “...У Твой дзень я прыйду да Цябе, мой Божа, (...) з маёй самай вар’яцкай марай: кааб прынесці Табе ўвесь свет на руках”».

А. Фабіа Чардзі OMI

Адноўлена 06.09.2016 15:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.