1. Хрыстус Пан, збіраючыся справіць з вучнямі Пасхальную Вячэру, на якой устанавіў ахвяру свайго Цела і Крыві, наказаў падрыхтаваць вялікі засланы пакой (Лк 22, 12). Касцёл заўсёды лічыў, што гэты наказ датычыць таксама і яго, і таму выдаваў пастановы адносна цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі, якія датычылі падрыхтоўкі да яе чалавечых душаў, месцаў, абрадаў і тэкстаў. І сённяшнія нормы, выдадзеныя згодна з пастановамі Другога Сусветнага Ватыканскага Сабору, а таксама новы Імшал, якім Касцёл рымскага абраду будзе карыстацца пры цэлебрацыі Імшы, з’яўляюцца яшчэ адным доказам клопату Касцёла, яго веры і нязменнай любові да найвышэйшай эўхарыстычнай таямніцы і сведчаць пра яго працяглую і непарыўную традыцыю, нягледзячы на пэўныя новаўвядзенні.
Сведчанне нязмененай веры
2. Ахвярны характар Імшы, урачыста сцверджаны Трыдэнцкім Саборам у адпаведнасці з усёй традыцыяй Касцёла1, ізноў быў абвешчаны Другім Ватыканскім Саборам, які выказаў наконт Імшы такія значныя словы: «Наш Збаўца ўстанавіў на Апошняй Вячэры эўхарыстычную ахвяру Цела і Крыві сваёй, каб у ёй навекі ўсталяваць ахвяру крыжа аж да свайго прыйсця і тым самым каб даверыць Касцёлу, сваёй умілаванай абранніцы, памяць пра сваю смерць і змёртвыхпаўстанне»2. Тое, чаму вучыць Сабор, пастаянна адлюстроўваецца ў тэкстах Імшы. Бо вучэнне, сцісла акрэсленае ў выказванні старажытнага, гэтак званага Леаніянскага Сакрамэнтарыя, што «кожны раз, калі спраўляем успамін гэтай ахвяры, здзяйсняецца справа нашага адкуплення»3, адпаведна і дакладна раскрываецца ў эўхарыстычных малітвах. Паколькі ў іх святар, калі чыніць успамін (анамнэзу), звяртаючыся да Бога таксама і ад імя ўсяго народа, дзякуе Яму і складае жывую і святую ахвяру — гэта значыць прынашэнне Касцёла і ахвяру, праз складанне якой сам Бог пажадаў быць уміласціўлены4, а таксама моліць, каб Цела і Кроў Хрыста сталіся ахвяраю, мілаю Айцу і збавеннаю для ўсяго свету5. Такім чынам, у новым Імшале правіла малітвы (lex orandi) Касцёла адпавядае вечнаму правілу веры (lex credendi), якое нагадвае нам, што, нягледзячы на розны спосаб ахвяравання, адным і тым жа самым ёсць ахвяра Крыжа і яе сакрамэнтальнае ўзнаўленне ў Імшы, якую Хрыстус Пан устанавіў на Апошняй Вячэры і наказаў апосталам спраўляць яе на ўспамін пра сябе, і што Імша — гэта адначасова ахвяра хвалы, падзякі, уміласціўлення і задаволення (satisfactio).
3. Да таго ж цудоўная таямніца сапраўднай прысутнасці Пана ў эўхарыстычных постацях, пацверджаная Другім Ватыканскім Саборам6 і іншымі дакументамі Настаўніцтва Касцёла (Magisterium)7 у тым самым сэнсе, у якім яе прапанаваў для веры Трыдэнцкі Сабор8, выяўляецца не толькі самімі словамі кансэкрацыі, якімі Хрыстус становіцца прысутным праз пераісточанне, але таксама пачуццем і праяўленнем найвышэйшай пашаны і пакланення, як гэта адбываецца ў эўхарыстычнай літургіі. З гэтай жа прычыны хрысціянскі народ заахвочваецца да асаблівага ўшанавання гэтага цудоўнага Сакрамэнту ў Вялікі чацвер Вячэры Пана і ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.
4. Сутнасць службовага святарства, уласцівага біскупу і прэзбітэру, якія ад імя Хрыста складаюць ахвяру і ўзначальваюць супольнасць святога народа, выяўляецца ў форме самога абраду праз першынствуючае месца і абавязак святара. Падставы гэтага абавязку выяўляюцца, а таксама ясней і шырэй раскрываюцца ў прэфацыі на Імшу Хрызма ў Вялікі чацвер, бо ў гэты дзень успамінаецца ўстанаўленне святарства. У гэтай прэфацыі выяўляецца наданне святарскай улады праз ускладанне рук, а праз пералік асобных абавязкаў апісваецца сама гэтая ўлада, якая з’яўляецца працягам улады Хрыста, Найвышэйшага Святара Новага Запавету.
5. Сутнасць службовага святарства таксама пралівае сапраўднае святло на іншае святарства, якое мае вялікае значэнне, гэта значыць каралеўскае святарства вернікаў, духоўная ахвяра якіх складаецца праз служэнне біскупа і прэзбітэраў у еднасці з ахвярай Хрыста, адзінага Пасрэдніка9. Бо цэлебрацыя Эўхарыстыі — гэта дзеянне ўсяго Касцёла, у якім кожны павінен рабіць толькі тое, што адпавядае ягонаму становішчу ў народзе Божым. Адсюль вынікае, што неабходна звяртаць большую ўвагу на пэўныя моманты цэлебрацыі Імшы, пра якія на працягу вякоў часам менш клапаціліся. Народ гэты — народ Божы, адкуплены Крывёю Хрыста, сабраны Панам, пажыўлены Ягоным словам; народ, пакліканы да таго, каб узносіць да Бога малітвы ўсёй чалавечай сям’і; народ, які ў Хрысце дзякуе за таямніцу збаўлення, складаючы Яго ахвяру; нарэшце, гэта народ, які праз прыняцце Цела і Крыві Хрыста зрастаецца ў адно. Гэты народ — святы ўжо сваім паходжаннем, аднак праз свядомы, чынны і плённы ўдзел у эўхарыстычнай таямніцы ён няспынна ўзрастае ў святасці10.
Непарыўнасць традыцыі 6. Калі Другі Ватыканскі Сабор абвясціў прадпісанні, на падставе якіх пераглядаўся парадак Імшы, ён, апрача іншага, наказаў, каб некаторыя абрады былі вернуты да «першаснай традыцыі Айцоў»11, і ўжыў тыя самыя словы, што і св. Пій V у Апостальскай Канстытуцыі «Quo primum», якою быў абвешчаны ў 1570 г. Трыдэнцкі Імшал. Гэтая згоднасць словаў можа ілюстраваць той падыход, дзякуючы якому абодва Рымскія Імшалы, хоць між імі ляжаць чатыры стагоддзі, утрымліваюць адну і тую ж самую традыцыю. Калі ж разглядаць унутраныя падставы гэтай традыцыі, то стане зразумелым, наколькі выдатна і ўдала другі Імшал удасканальвае першы.
7. У цяжкія часы, калі была пад пагрозаю каталіцкая вера пра ахвярны характар Імшы, службовае святарства, сапраўдную і заўсёдную прысутнасць Хрыста ў эўхарыстычных постацях, св. Пію V важна было ў першую чаргу захаваць тагачасную, несправядліва аспрэчаную традыцыю, увёўшы толькі нязначныя змены ў святы абрад. І сапраўды, Імшал 1570 года вельмі мала адрозніваецца ад першага Імшала, выдадзенага ў 1474 г., які ў сваю чаргу дакладна паўтарыў Імшал часоў папы Інацэнта ІІІ. І, хоць кодэксы Ватыканскай бібліятэкі далі магчымасць выправіць некаторыя выразы, аднак пры тагачасным даследаванні «старых і прызнаных аўтараў» яны не дазволілі сягнуць далей за сярэднявечныя літургічныя каментарыі.
8. Сёння ж «традыцыя святых Айцоў», за якою ішлі тыя, хто ўдасканальваў Імшал св. Пія V, узбагачана незлічонымі працамі вучоных. Пасля таго, як у 1571 г. выйшла першае выданне Грыгарыянскага Сакрамэнтарыя, пачалі часта публікавацца крытычна апрацаваныя старыя рымскія і амбразіянскія Сакрамэнтарыі, гэтак жа як і старадаўнія іспанскія і галіканскія літургічныя кнігі, у якіх адкрыліся шматлікія, да таго часу невядомыя, малітвы вялікай духоўнай вартасці. Цяпер, дзякуючы адкрыццю шматлікіх літургічных дакументаў, сталі больш вядомымі і традыцыі першых вякоў — таго часу, калі яшчэ не ўсталяваліся абрады Усходу і Захаду. Апрача таго, поступ у вывучэнні Айцоў Касцёла праліў на тэалогію эўхарыстычнай таямніцы святло ведаў найвыдатнейшых у хрысціянскай старажытнасці Айцоў, такіх, як св. Ірэнэй, св. Амброзій, св. Кірыл Ерузалемскі, св. Ян Залатавусны (Хрызастом).
9. Таму «традыцыя святых Айцоў» патрабуе, каб не толькі захоўвалася тое, што перадалі нам найбліжэйшыя продкі, але каб ахопліваліся і глыбей даследаваліся ўсе мінулыя перыяды Касцёла і ўсе спосабы, якімі адзіная яго вера выявілася ў такіх розных паміж сабою формах чалавечай культуры, а менавіта тых, што квітнелі ў семіцкіх, грэцкіх і лацінскіх краінах. Гэты шырэйшы погляд дазваляе нам заўважыць, як Дух Святы дае народу Божаму дзівосную вернасць у захаванні нязменным скарбу веры, нягледзячы на вельмі вялікую рознасць малітваў і абрадаў.
Прыстасаванне да новых абставінаў 10. Такім чынам, новы Імшал сведчыць пра правіла малітвы (lex orandi) Рымскага Касцёла і ахоўвае скарб веры, перададзены апошнімі Саборамі, і ў сваю чаргу з’яўляецца важным крокам у літургічнай традыцыі. Бо калі Айцы Другога Ватыканскага Сабору паўтаралі дагматычныя сцвярджэнні Трыдэнцкага Сабору, яны прамаўлялі ў зусім іншы гістарычны перыяд. Таму ў пастырскай справе яны змаглі даць такія прапановы і парады, якіх за чатыры стагоддзі да таго нельга было нават прадбачыць.
11. Ужо Трыдэнцкі Сабор прызнаў вялікую катэхетычную вартасць, якую мае цэлебрацыя Імшы, аднак не здолеў зрабіць з гэтага высноваў для практычнага жыцця. Многія настойліва дамагаліся дазволу ўжываць нацыянальныя мовы ў цэлебрацыі эўхарыстычнай ахвяры. У сувязі з гэтым патрабаваннем Сабор, зважаючы на тагачасныя абставіны, лічыў сваім абавязкам ізноў падкрэсліць традыцыйную дактрыну Касцёла, паводле якой эўхарыстычная ахвяра — гэта перадусім дзеянне самога Хрыста, і на яе дзейснасць не ўплывае спосаб удзелу ў ёй вернікаў. Таму было выказана цвёрдымі і ў той жа час памяркоўнымі словамі, што: «Хоць Імша змяшчае ў сабе шмат для навучання вернікаў, але Айцам не здалося прыдатным, каб яна паўсюль цэлебравалася на нацыянальнай мове»12. Сабор абвясціў таксама, што заслугоўвае асуджэння той, хто палічыў бы, што: «Неабходна адкінуць абрад Рымскага Касцёла, у якім сцішаным голасам вымаўляюцца частка канону і словы кансэкрацыі; альбо, што трэба цэлебраваць Імшу толькі на нацыянальнай мове»13. Тым не менш, хоць Трыдэнцкі Сабор і забараніў ужыванне нацыянальнай мовы ў Імшы, аднак наказаў замест гэтага даваць адпаведную катэхезу: «Каб авечкі Хрыста не галадалі.., святы Сабор наказвае пастырам і асобным душпастырам, каб яны часта пры цэлебраванні Імшы самі альбо праз іншых выкладалі штосьці з таго, што чытаецца на Імшы альбо, між іншым, тлумачылі пэўную таямніцу гэтай Найсвяцейшай Ахвяры, асабліва ў нядзелі і святы»14.
12. Таму Другі Ватыканскі Сабор, сабраны для прыстасавання Касцёла да патрэбаў яго ўласнага апостальскага пасланніцтва ў наш час, як і Трыдэнцкі Сабор, глыбока спасціг навучальны і пастырскі характар святой Літургіі15. Паколькі ніводзін католік не адмаўляў правамернасці і дзейснасці святога абраду, які адбываўся на лацінскай мове, Сабор змог прызнаць, што «часта выкарыстанне нацыянальнай мовы можа быць вельмі карысным для народа», і даў дазвол ёю карыстацца16. Энтузіязм, з якім гэтая ўхвала была паўсюль прынятая, стаў прычынаю таго, што пад кіраўніцтвам біскупаў і самой Апостальскай Сталіцы ўсе літургічныя чыннасці з удзелам народа дазвалялася праводзіць на нацыянальнай мове, каб больш поўна была зразумета таямніца, якая цэлебруецца.
13. І хоць ужыванне нацыянальнай мовы ў святой Літургіі з’яўляецца важным сродкам больш яснага катэхетычнага выяўлення цэлебраванай таямніцы, Другі Ватыканскі Сабор апрача таго заклікаў выконваць некаторыя прадпісанні Трыдэнцкага Сабору, якіх не паўсюль прытрымліваліся, такія, як прамаўленне гаміліі ў нядзелі і святочныя дні17 і ўвядзенне тлумачэнняў у самі святыя абрады18. Аднак перш за ўсё, Другі Ватыканскі Сабор, які раіў «больш дасканалы спосаб удзелу ў Імшы, пры якім верныя пасля Камуніі святара прымаюць Цела Пана з той жа самай ахвяры»19, заахвочваў таксама ажыццявіць іншае пажаданне Айцоў Трыдэнцкага Сабору, а менавіта, каб дзеля больш поўнага ўдзелу ў святой Эўхарыстыі «верныя, прысутныя на асобных Імшах, прымалі Эўхарыстыю не толькі духоўна, але і сакрамэнтальна»20.
14. Натхнёны тым жа духам і пастырскай руплівасцю, Другі Ватыканскі Сабор змог па-новаму разгледзець пастанову Трыдэнцкага Сабору пра Камунію ў дзвюх постацях. Паколькі сёння не ставяцца пад сумненне дактрынальныя прынцыпы пра паўнавартаснасць Камуніі, калі яна прымаецца толькі ў постаці хлеба, Сабор дазволіў часам прымаць Камунію ў дзвюх постацях, а менавіта тады, калі праз больш вымоўную форму сакрамэнтальнага знаку даецца асаблівая магчымасць глыбей зразумець таямніцу, у якой удзельнічаюць верныя21.
15. Такім чынам, Касцёл, застаючыся верным свайму заданню настаўніка праўды і ахоўваючы «старое», гэта значыць скарб традыцыі, выконвае таксама абавязак асэнсоўваць і разумна выкарыстоўваць «новае» (пар. Мц 13, 52). Пэўная частка новага Імшала больш выразна прыстасоўвае малітвы Касцёла да сучасных патрэбаў. Тут гаворка ідзе пераважна пра абрадавыя Імшы і Імшы ў розных патрэбах, дзе належным чынам яднаюцца традыцыя і навізна. І калі многія выразы, зачэрпнутыя са старажытнай традыцыі Касцёла і вядомыя з часта выдаванага Рымскага Імшала, засталіся некранутымі, то шмат іншых было дастасавана да сённяшніх патрабаванняў і абставінаў; а іншыя — малітвы за Касцёл, за свецкіх, за асвячэнне чалавечай працы, за яднанне ўсіх людзей, малітвы ў некаторых патрэбах, уласцівых нашаму часу, — былі цалкам складзеныя нанова; думкі, а часта і самі выразы былі ўзятыя з новых дакументаў Сабору. Зыходзячы з таго ж разумення новага стану сучаснага свету здавалася, што ў выкарыстанні тэкстаў старажытнай традыцыі не будзе зроблена ніякай шкоды так моцна шанаванаму скарбу, калі некаторыя сказы будуць змененыя, каб зрабіць выразы больш суладнымі з мовай сучаснай тэалогіі і правільна перадаць сённяшнія нормы касцёльнай дысцыпліны. Таму былі змененыя некаторыя выказванні, што датычылі ацэнкі і выкарыстання зямных дабротаў, а таксама выразы, якія падавалі пэўную форму знешняга пакаяння, уласцівую для іншых стагоддзяў Касцёла. Такім чынам, літургічныя нормы Трыдэнцкага Сабору ў многіх сваіх частках былі дапоўненыя і ўдасканаленыя нормамі Другога Ватыканскага Сабору, які давёў да завяршэння намаганні наблізіць верных да святой Літургіі, што рабіліся на працягу гэтых чатырох стагоддзяў і асабліва ў апошні час, пераважна праз літургічны рух, які падтрымлівалі св. Пій Х і ягоныя наступнікі. d - Conc. Oecum. Trid., Sessio XXII, 17 septembris 1562: Denz.-Schönm. 1738-1759.
- Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 47; пар. Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, nn. 3, 28; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, nn. 2, 4, 5.
- Вечаровая Імша Вячэры Пана, малітва над дарамі. Пар. Sacramentarium Veronense, ed. L.C., Mohlberg, n. 93.
- Пар. ІІІ эўхарыстычная малітва.
- Пар. IV эўхарыстычная малітва.
- Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 7, 47; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, nn. 5, 18.
- Пар. Pius XII, Litt. Enc. Humani generis, diei 12 aug. 1950: A.A.S. 42 (1950) pp. 570-571; Paulus VI, Litt. Enc. Mysterium Fidei, diei 3 septembris 1965: A.A.S. 57 (1965) pp. 762-769; Sollemnis professio fidei, diei 30 iunii 1968, nn. 24-26: A.A.S. 60 (1968) pp. 442-443; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, nn. 3f, 9: A.A.S. 59 (1967) pp. 543, 547.
- Пар. Conc. Oecum. Trid., Sessio XIII, 11 octobris 1551: Denz.-Schцnm. 1635-1661.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 2.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 11.
- Там жа, n. 50.
- Conc. Oecum. Trid., Sessio XXII, Doctr. de ss. Missae sacrificio, cap. 8: Denz.-Schönm. 1749.
- Там жа, can. 9: Denz.-Schönm. 1759.
- Там жа, cap. 8: Denz.-Schönm. 1749.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 33.
- Там жа, n. 36.
- Там жа, n. 52.
- Там жа, n. 35, 3.
- Там жа, n. 55.
- Conc. Oecum. Trid., Sessio XXII, Doctr. de ss. Missae sacrificio, cap. 6: Denz.-Schönm. 1747.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 55.
|