І. АБАВЯЗКІ ДУХОЎНАГА СТАНУ ІІ. АБАВЯЗКІ НАРОДА БОЖАГА ІІІ. АСАБЛІВЫЯ ПАСЛУГІ ІV. РАЗМЕРКАВАННЕ АБАВЯЗКАЎ
91. Эўхарыстычная цэлебрацыя — гэта дзеянне Хрыста і Касцёла, які з’яўляецца святым людам, з’яднаным пад кіраўніцтвам біскупа. Таму яна адносіцца да ўсяго Цела Касцёла, выяўляе яго і ўздзейнічае на яго; яна па-рознаму датычыць кожнага з яго асобных членаў, у залежнасці ад рознасці станаў, абавязкаў і чыннага ўдзелу75. Такім чынам хрысціянскі народ, «абранае племя, каралеўскае святарства, святы люд, набыты народ», выяўляе сваю ўзаемазвязаную і іерархічную ўпарадкаванасць76. Таму ўсе — і духавенства, і свецкія вернікі Хрыстовы, спаўняючы свой абавязак, павінны выконваць усё тое і толькі тое, што ім належыць77.
І. АБАВЯЗКІ ДУХОЎНАГА СТАНУ
92. Кожнай правамоцнай цэлебрацыяй Эўхарыстыі кіруе біскуп: альбо асабіста, альбо праз сваіх памочнікаў — прэзбітэраў78. Калі біскуп удзельнічае ў Імшы з сабраным народам, найбольш пажадана, каб ён сам цэлебраваў Эўхарыстыю, яднаючы з сабою ў святым дзеянні святароў у якасці канцэлебрантаў. Гэта робіцца не дзеля павелічэння знешняй урачыстасці абраду, а дзеля таго, каб у больш яскравым святле паказаць таямніцу Касцёла — «сакрамэнту еднасці»79. Калі біскуп не цэлебруе Эўхарыстыі, а прызначае для гэтага кагосьці іншага, тады пажадана, каб ён сам, з нагрудным крыжам, апрануты ў стулу і капу паверх альбы, узначальваў літургію слова і ў канцы Імшы ўдзяліў благаслаўленне80.
93. Таксама прэзбітэр, які праз пасвячэнне мае ў Касцёле ўладу складаць ахвяру ў асобе Хрыста81, і таму ўзначальвае сабраную тут і цяпер супольнасць вернікаў, кіруе яе малітвай, абвяшчае ёй навіну аб збаўленні, яднае з сабою народ у складанні ахвяры Богу Айцу праз Хрыста ў Духу Святым, дае сваім братам хлеб жыцця вечнага і спажывае яго разам з імі. Цэлебруючы Эўхарыстыю, ён павінен служыць Богу з годнасцю і з пакорай і сваёй паставай, а таксама прамаўленнем словаў Божых паказваць вернікам жывую прысутнасць Хрыста.
94. Пасля прэзбітэра першае месца сярод тых, хто прыслугоўвае на эўхарыстычнай цэлебрацыі, праз прынятае пасвячэнне займае дыякан, паколькі святы стан дыяканату ўжо ад першых апостальскіх часоў быў у вялікай пашане ў Касцёле82. На Імшы дыякан мае ўласныя абавязкі: абвяшчаць Евангелле, часам прапаведаваць слова Божае, прамаўляць інтэнцыі агульнай малітвы, прыслугоўваць святару, падрыхтоўваць алтар і выконваць сваё служэнне пры цэлебрацыі ахвяры, раздаваць вернікам Эўхарыстыю, асабліва ў постаці віна, а ў адпаведныя моманты падаваць знакі народу наконт жэстаў і паставаў цела.
ІІ. АБАВЯЗКІ НАРОДА БОЖАГА
95. Падчас цэлебрацыі Імшы вернікі ўтвараюць святы люд, набыты народ, каралеўскае святарства, каб дзякаваць Богу і складаць беззаганную ахвяру не толькі праз рукі святара, але таксама разам з ім і вучыцца ахвяраваць саміх сябе83. Трэба, каб яны імкнуліся выявіць гэта праз глыбокую пабожнасць і любоў да братоў, якія ўдзельнічаюць у тым жа самым літургічным дзеянні. Вернікі павінны пазбягаць адасобленага жыцця альбо падзелу, усведамляючы, што маюць аднаго Айца ў нябёсах, і таму ўсе яны — браты між сабою.
96. Яны павінны такім чынам утвараць адно цела, слухаючы слова Божае альбо прымаючы ўдзел у малітвах ці спевах, а асабліва ў супольным складанні ахвяры і ў супольным прыманні Камуніі са стала Пана. Гэтая еднасць добра выяўляецца ў агульных для ўсіх вернікаў жэстах і паставах цела.
97. Вернікі не павінны адмаўляцца з радасцю служыць народу Божаму, калі іх просяць выконваць якую-небудзь асаблівую паслугу ці абавязак падчас літургічнага дзеяння.
ІІІ. АСАБЛІВЫЯ ПАСЛУГІ Паслуга акаліта і абавязкі лектара
98. Акаліт устаноўлены, каб прыслугоўваць пры алтары і дапамагаць святару і дыякану. Перш за ўсё, ён павінен падрыхтоўваць алтар і літургічнае начынне і, калі неабходна, ўдзяляць вернікам Эўхарыстыю, надзвычайным асістэнтам для ўдзялення якой ён з’яўляецца84. У паслузе пры алтары акаліт мае свае абавязкі (пар. № 187-193), якія павінен выконваць сам.
99. Лектар устаноўлены для чытання тэкстаў са Святога Пісання, за выключэннем Евангелля. Ён можа таксама прамаўляць інтэнцыі агульнай малітвы, а калі адсутнічае псальміст, прамаўляць паміж чытаннямі псальм. Падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі лектар мае ўласны абавязак (пар. № 194-198), які павінен выконваць сам.
Іншыя абавязкі
100. Калі няма ўстаноўленага акаліта, для паслугі пры алтары і для дапамогі святару і дыякану могуць прызначацца свецкія прыслугоўваючыя, якія носяць крыж, свечкі, кадзіла, хлеб, віно, ваду альбо таксама прызначаюцца надзвычайнымі асістэнтамі для ўдзялення святой Камуніі85. 101. Калі няма ўстаноўленага лектара, для чытання тэкстаў са Святога Пісання прызначаюцца іншыя свецкія асобы, якія сапраўды здольныя выконваць гэты абавязак і старанна падрыхтаваныя, каб вернікі, слухаючы боганатхнёныя чытанні, успрымалі сэрцам жывую і гарачую любоў да Святога Пісання86.
102. Абавязак псальміста — выконваць псальм альбо іншую біблійную песню, якая гучыць паміж чытаннямі. Каб псальміст мог належна выконваць свой абавязак, ён павінен мець здольнасць добра спяваць, а таксама правільна вымаўляць і гаварыць.
103. Сярод вернікаў свой літургічны абавязак спаўняе гурт спевакоў (schola cantorum) альбо хор, які павінен клапаціцца пра належнае выкананне вызначаных яму частак у залежнасці ад роду спеваў і спрыяць чыннаму ўдзелу вернікаў у спеве87. Сказанае пра гурт спевакоў падобным чынам датычыць і іншых выканаўцаў музыкі, асабліва арганіста.
104. Пажаданая наяўнасць кантара альбо кіраўніка хору, які кіраваў бы спевам народа і падтрымліваў яго. Больш таго, калі няма хору, кантару належыць кіраваць рознымі спевамі з удзелам народа ў выкананні вызначаных яму частак88.
105. Літургічны абавязак выконваюць таксама: а) Сакрыстыян, які старанна рыхтуе літургічныя кнігі, парамэнты (неабходныя літургічныя прыналежнасці) ды іншае, што патрэбна для цэлебрацыі Імшы. б) Каментатар, які пры неабходнасці дае вернікам кароткія тлумачэнні і настаўленні, каб увесці іх у літургію і падрыхтаваць да лепшага яе разумення. Неабходна, каб словы каментатара былі старанна падрыхтаванымі, зразумелымі і выразнымі. Пры выкананні свайго абавязку каментатар стаіць у адпаведным месцы перад вернікамі, але не на амбоне. в) Тыя, хто збірае ў касцёле ахвяраванні. г) Тыя, хто ў некаторых краінах сустракае вернікаў каля дзвярэй касцёла, размяшчае іх на адпаведных месцах і падтрымлівае парадак падчас працэсій.
106. Пажадана, каб, асабліва ў катэдральных і большых касцёлах, быў вызначаны пэўны адпаведны прыслугоўваючы ці кіраўнік цырымоній (caeremoniarum magister), які клапаціўся б пра належную арганізацыю святых дзеянняў і выкананне іх духоўнымі служыцелямі і свецкімі вернікамі годна, у адпаведным парадку і з пабожнасцю.
107. Літургічныя абавязкі, якія не належаць святару ці дыякану і пра якія гаворыцца вышэй (№№ 100-106), могуць даручацца праз літургічнае благаслаўленне ці часовае прызначэнне таксама адпаведным свецкім асобам, выбраным пробашчам ці рэктарам касцёла89. Што датычыць абавязку прыслугоўвання святару пры алтары, то ў гэтым неабходна захоўваць распараджэнні біскупа для ягонай дыяцэзіі.
ІV. РАЗМЕРКАВАННЕ АБАВЯЗКАЎ І Падрыхтоўка цэлебрацыі
108. Абавязак кіравання ва ўсіх яго частках, за выключэннем тых, якія ўласцівыя для Імшы з прысутнасцю біскупа (пар. вышэй, № 92), заўсёды павінен выконваць адзін і той жа святар.
109. Калі ёсць некалькі асобаў, якія могуць выконваць тую ж самую паслугу, нічога не перашкаджае, каб яны размеркавалі паміж сабою розныя часткі гэтай паслугі ці абавязку і выконвалі іх. Напр., адзін дыякан можа выконваць часткі, прызначаныя для спеву, а іншы — прыслугоўваць пры алтары; калі ёсць некалькі чытанняў, іх можна падзяліць паміж некалькімі лектарамі і г.д. Але ніяк нельга, каб некалькі асобаў дзялілі між сабою адзін элемент цэлебрацыі, напр., каб тое ж самае чытанне чыталі дзве асобы, адна за адной, калі толькі мова не ідзе пра апісанне Мукі Пана.
110. Калі на Імшы з народам ёсць толькі адзін прыслугоўваючы, то ён можа выконваць розныя абавязкі.
111. Належная падрыхтоўка кожнай літургічнай цэлебрацыі павінна адбывацца паводле Імшала і іншых літургічных кнігаў старанна і ў згодзе ўсіх удзельнікаў: як у тым, што датычыць абрадаў, так і ў тым, што датычыць пастырскіх справаў і музыкі. Усё гэта робіцца пад кіраўніцтвам рэктара касцёла і з улікам меркавання вернікаў у тым, што датычыць непасрэдна іх. Святар, які кіруе цэлебрацыяй, заўсёды захоўвае права распараджацца тым, што знаходзіцца ў яго кампетэнцыі90. ф - Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 26.
- Пар. там жа, n. 14.
- Пар. там жа, n. 28.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, nn. 26, 28; Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 42.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 26.
- Пар. Caeremoniale Episcoporum, nn. 175-186.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28; Decretum de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 2.
- Пар. Paulus VI, Litt. Ap. Sacrum diaconatus Ordinem, diei 18 iunii 1967: A.A.S. 59 (1967) pp. 697-704; Pontificale Romanum, De Ordinatione Episcopi, presbyterorum et diaconorum, editio typica altera, 1989, n. 173.
- Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 48; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 12: A.A.S. 59 (1967) pp. 548-549.
- Пар. Codex Iuris Canonici, can. 910 § 2; Instructio interdicasterialis de quibusdam quaestionibus circa fidelium laicorum cooperationem sacerdotum ministerium spectantem, Ecclesiae de mysterio, diei 15 augusti 1997, art. 8: A.A.S. 89 (1997) p. 871.
- Пар. S. Congr. de Disciplina Sacramentorum, Instr. Immensae caritatis, diei 29 ianuarii 1973, n. 1: A.A.S. 65 (1973) pp. 265-266; Codex Iuris Canonici, can. 230 § 3.
- Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 24.
- Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 19: A.A.S. 59 (1967) p. 306.
- Пар. там жа, n. 21: A.A.S. 59 (1967) pp. 306-307.
- Пар. Pont. Cons. de Legum textibus interpretandis, responsio ad propositum dubium circa can. 230 § 2: A.A.S. 86 (1994) p. 541.
- Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 22.
|