Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Беларусь будзе дастаўлены Бэтлеемскі агонь
Анонсы
17.12.2013 14:09

Бэтлеемскі агонь прыбудзе ў Беларусь перад Божым Нараджэннем. 21 снежня ў 18 гадзін агонь будзе дастаўлены ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У 19 гадзін 21 снежня агонь прыбудзе ў парафію Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). Аб гэтым паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на сустрэчы з журналістамі перад Божым Нараджэннем 17 снежня.

Перад гэтым, 20 снежня, агонь прывітаюць у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Беларускія скаўты даставяць туды агонь з беларуска-польскай мяжы. Імша ў гродзенскай катэдры пачнецца ў 17 гадзін.

Потым Бэтлеемскі агонь будзе перададзены ў іншыя парафіі.

Традыцыю распасюўджвання Бэтлеемскага агню пачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова яна планавалася як акцыя ў перыяд калядных святаў з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі. Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ў месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у Вене агонь перадаецца ў суседнія краіны. У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь будзе прывезены ў Беларусь у чатырнаццаты раз.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.