Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Смаргоні адбудзецца святкаванне 25-годдзя служэння салезіянскай супольнасці
Анонсы
22.05.2014 11:19

24 і 25 мая 2014 г. адбудзецца святкаванне юбілею 25-годдзя прысутнасці і пастырскай працы салезіянскай супольнасці ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. З гэтай нагоды пройдзе сімпозіум, у якім прымуць удзел іерархі Каталіцкага Касцёла, сярод якіх сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB - адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў Святога Айца, - а таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Сярод удзельнікаў сімпозіума будзе таксама першы пробашч адроджанай смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла ксёндз Генрых Куляшэвіч SDB, генеральны дарадчык з Рыма, адказны за рэгіён "Еўропа Цэнтр-Поўнач" ксёндз Тадэвуш Розмус, рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай каталіцкай місіі “Таварыства св. Францішка Сальскага” ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB і абласны кіраўнік салезіянаў-супрацоўнікаў, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Анатоль Выбарны, прадстаўнікі раённай улады.

У першы дзень прагучаць шматлікія даклады гасцей. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч раскажа пра адраджэнне касцёльных структур пасля атэістычна-камуністычнага перыяду ў Беларусі, асабліва смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла. Лагічным працягам стане выступленне ксяндза Генрыка Куляшэвіча SDB, першага пробашча смаргонскай парафіі, які адслужыў там трынаццаць гадоў, мае цяпер 85 гадоў і жыве ў Польшчы. Дванаццаць гадоў таму святар пакінуў Смаргонь, і яго прыезд парафіяне чакаюць з асаблівым трапятаннем.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, старшыня камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў, выступіць з дакладам “Моладзь у жыцці Касцёла ў Беларусі”. Абласны кіраўнік салезіянаў-супрацоўнікаў, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Анатоль Выбарны раскажа, як свецкія людзі ўдзельнічаюць у выхаванні моладзі.

Апошнім з дакладам выступіць арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB, якога можна будзе паслухаць 25 мая ў 9.15. Госць з Ватыкана, які таксама з’яўляецца салезіянінам, паразважае на тэму “Салезіянская святасць”.

Паслухаць даклады гасцей будуць мець магчымасць усе жадаючыя. Выступленні пройдуць у араторыі імя святога Яна Боско.

24 мая ў 17.00 адбудзецца святая Імша. У 20.00 пачнецца моладзевы фэст, на якім выступіць рок-квартэт “Open Spase” з Мінска. На пачатку канцэрта арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай звернецца да моладзі.

25 мая ў 11.00 пачнецца ўрачыстая Імша, падчас яе асвяцяць фігуру святога Яна Боско і памятную табліцу, якія размесцяць на будынку салезіянскай законнай супольнасці.

Праграма сімпозіума

Субота, 24.05.2014

9:00-10:00 - рэгістрацыя ўдзельнікаў
10:00 - прыбыццё арцыбіскупа Савіо Хона Тай-Фая, сакратара Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў; Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці; біскупаў Касцёла ў Беларусі
10:00-10:15 - прывітальнае слова настаяцеля салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Аляксандра Яшэўскага SDB
10:15-10:25 - зварот да ўдзельнікаў сімпозіума Інспектарыяльнага Дэлегата салезіянаў у Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB
10:25-10:35 - зварот да ўдзельнікаў сімпозіума старшыні Смаргонскага райвыканкама Мечыслава Гоя
10:35-10:50 - зварот да ўдзельнікаў арцыбіскупа Савіо Хона Тай-Фая, сакратара Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў
10:50-11:00 - зварот да ўдзельнікаў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі

11:00-11:30 - даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, на тэму “Адраджэнне касцёльных структур пасля атэістычна-камуністычнага перыяду ў Беларусі, асабліва смаргонскай парафіі Св. Міхала Арханёла”
11:30-11:45 - пытанні да дакладчыка
11:45-12:15 - даклад кс. Генрыха Куляшэвіча SDB, першага пробашча адроджанай смаргонскай парафіі Св. Міхала Арханёла, на тэму “Прыпынак «Смаргонь» у даўжыню 13 год”
12:15-12:30 - пытанні да дакладчыка
12:30-12:55 - дзеці і моладзь
13:00-14:00 - абед і час на сустрэчу за кавай

14:15-14:45 - даклад біскупа Аляксандра Кашкевіча, гродзенскага ардынарыя, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, старшыні камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў, на тэму “Моладзь у жыцці Касцёла ў Беларусі”
14:45-15:00 - пытанні да дакладчыка
15:00-15:20 - перапынак
15:20-16:00 - даклад абласнога кіраўніка салезіян-супрацоўнікаў, дэпутата Дзяржаўнай Думы Расійскай Фэдэрацыі Анатоля Выбарнага на тэму “Свецкія людзі ў выхаванні маладога пакалення”
16:00-16:15 - пытанні да дакладчыка
16:30 - падрыхтоўка да святой Імшы
17:00 - урачыстая Імша пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Савіо Хона Тай-Фая, сакратара Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў
18:30 - вячэра для ўдзельнікаў сімпозіума
20:00 - “Моладзевы фэст” з удзелам рок-квартэта з Мінска “Open Space”. Зварот да моладзі на пачатку канцэрта арцыбіскупа Савіо Хона Тай-Фая

Нядзеля, 25.05.2014

09:00 - прыбыццё арцыбіскупа Савіо Хона Тай-Фая і Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці
09:00-09:15 - прывітальнае слова настаяцеля салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Аляксандра Яшэўскага SDB
09:15-10:00 - даклад арцыбіскупа Савіо Хона Тай-Фая на тэму “Салезіянская святасць”
10:00-10:20 - пытанні да дакладчыка
10:20 - падрыхтоўка да Імшы
11:00 - урачыстая Імша пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Савіо Хона Тай-Фая і асвячэнне фігуры кс. Боско і памятнай табліцы
13:00 - абед і заканчэнне салезіянскага сімпозіума з нагоды 25-годдзя прысутнасці салезіянаў у Смаргоні

“24 мая мы адзначаем свята Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, галоўнай апякункі салезіянскай кангрэгацыі і асабліва апякункі смаргонскіх салезіянаў, - адзначае ксёндз Аляксандр Яшэўскі SDB, настаяцель салезіянскай супольнасці ў Смаргоні. – Я бачу Божы знак у тым, што менавіта мне выпаў гонар кіраваць арганізацыяй святочнага юбілею ў сваім родным горадзе. Яшчэ будучы хлапчуком, я ўзрастаў пры салезіянах. Цяпер, як настаяцель супольнасці, маю магчымасць аддзячыць тым, хто быў са мной побач, хто мяне падтрымліваў і падтрымлівае, святарам і парафіянам. На свята мы таксама запрасілі падстаўнікоў мясцовай улады і Праваслаўнай Царквы. Спадзяёмся, што наша свята стане знакавым для ўсяго горада, нашай парафіі і для нас – салезіянаў ксяндза Боско”.

Галіна Антонава


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.