Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Жалудку будуць маліцца ў знак падзякі за жыццё і служэнне ксяндза Пятра Барташэвіча
Анонсы
25.08.2014 17:03
29 чэрвеня мінула 100-ая гадавіна з дня нараджэння кс. прэлата Пятра Барташэвіча, стараннага душпастыра і вязня лагераў. Пры дапамозе малітвы падчас святой Імшы Касцёл прагне выказаць памяць пра свайго вернага святара.

З гэтай нагоды пробашч з усёй супольнасцю парафіі Унябаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку, у якой служыў згаданы святар апошнія гады жыцця і быў пахаваны на мясцовых могілках, запрашае ўсіх вернікаў прыняць удзел у святой Імшы.

Урачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адбудзецца 30 жніўня ў 10.00 у Жалудку.

Біяграфія кс. прэлата Пятра Барташэвіча

Ксёндз Пётр Барташэвіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1914 г. у Вільні, дзе скончыў школу і гімназію. У 1934 г. паступіў у Віленскую семінарыю. У 1939 г. атрымаў ступень магістра тэалогіі. 16 чэрвеня 1940 г. з рук арцыбіскупа Ялбжыкоўскага прыняў у Вільні святарскія пасвячэнні.

Працаваў вікарыем спачатку ў Шумску, а потым у Вільні. У кастрычніку 1941 г. быў скіраваны на працу ў Зембін пад Мінскам, але не трапіў туды, таму што па просьбе дэкана кс. Антонія Зянкевіча застаўся пры парафіі ў Глыбокім. У 1943 г. быў пробашчам у Порплішчы, у 1946 г. — пробашчам у Крулеўшчызне. Восенню быў арыштаваны і прывезены ў Полацк. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён не верыць у моц Чырвонай Арміі, прымушае дзяцей маліцца і актыўна ўдзельнічае ў сустрэчах святароў.

У пачатку 1949 г. быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўлены на 5 гадоў грамадзянскіх правоў, страціў (была канфіскавана) маёмасць. Спачатку быў накіраваны ў аршанскую турму, адтуль — у лагер Старая Вятка ў Комі. Праз два гады — у лагер Чуна ў Сібіры.

1 мая 1955 г., пасля вызвалення, прыбыў у парафію Порплішча, дзе касцёл быў ужо зачынены. Святар накіраваўся ў Гродна да кс. дэкана Міхала Арановіча, які скіраваў святара ў Адэльск. Займаецца моладдзю, арганізоўвае пры касцёле спартыўныя спаборніцтвы.     

У адэльскай школе не было піянераў і камсамольцаў, што ўлада тлумачыла ўздзеяннем святара. Таму ксёндз Барташэвіч па распараджэнні ўладаў быў вымушаны пакінуць Адэльск і распачаць працу ў Жалудку.
        
Ксёндз Пётр Барташэвіч разам з кс. Юзафам Грасевічам заснаваў патаемную супольнасць Сясцёр Божай Маці Міласэрнасці. У 1990 г. атрымаў тытул прэлата.

Памёр у Жалудку 13 студзеня 1991 г., дзе быў пахаваны каля магілы сваёй маці.

 

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.